I менавіта з гэтых прычын мы павінны абраць сваім дэвізам «цярпімасць». Бо вось будуць спрачацца год праз пяцьдзесят нейкія студэнты, і нехта ў запале гордай маладосці кіне: «Хлопцы тады новае пачыналі, тое, чым мы жывём, а шлях гэтага напаўзабытага Караткевіча — вёў у тупік!» Ён не будзе тады ведаць, што, магчыма, і лінія «хлопцаў» праз сто год будзе тупіковай, і гэта заканамерна, бо паэзія — рэч вечна жывая — і ідзе дарогаю спроб і памылак.
I тады нехта крыху больш памяркоўны, магчыма, скажа: «Гэта ты кінь. Адкуль ён мог бачыць дрэва ў такім малым яшчэ парастку». I дадасць: «Прынамсі, хаця нікому не перашкаджаў».
Давайце ўсе заслужым гэтыя словы.
23. 6.
Раптоўная гібель Рыгора Семашкевіча. Усіх узрушыла. 37 гадоў. Таленавіты і ўдумлівы. Мікола Ермаловіч расказваў мне, што ён пазнаёміўся з Рыгорам у Маладзечанскай бібліятэцы, куды той хадзіў за кніжкамі з Дамашоў яшчэ школьнікам...
10.7.
У «ЛіМе» 25.6. публікацыя вершаў Алега Бембеля.
Нібыта ласку матчыну,
Ручнік вякоў разгарні
I перадай, як спадчыну,
Рэліквію дабрыні...
Аргенціна пацярпела поўнае паражэнне ў канфлікце за Мальвінскія астравы. 3 дзяцінства ва ўсіх такіх войнах кожны дзень чакаеш і спадзяешся, што горшы бок будзе пабіты і адпрэчан, але...
Цяпер Ізраіль штодня бамбардыруе Бейрут, у ход ідуць усялякія шарыкавыя бомбы, гахаюць магутныя гарматы.
Наш спакойны магутны свет, роўны рытм, улада будзённасці не даюць адчуць, што лёс чалавецтва — на тоненькай нітачцы. Так да пары чалавек, асуджаны на рак, не ведае пра сваю хваробу і жыве бесклапотна. Зрэшты, і надзвычайнасць хваробы не выключав з плыні дробнага, неістотнага — колькі бачыў ужо.
Увесь час (другая Палова ліпеня і пакуль што жнівень) сухое цяпло з устойлівым сонцам, нават дні спёкі. I ўсё, здаецца, стаіць, нават вецер быццам стаіць — устойлівы, роўны. А між тым усё імчыць, імчыць: вось ужо і чарнічніку няма, і сунічнік аддаў апошняе, а ў садзе, у агародзе штодня імклівы рух — адцвітае, выспявае, высыхае, і вось пачынаецца першы перадвосеньскі смутак: тут агаліўся лапік зямлі, там, а ты сонна, марудна, жахліва адстаючы ад гэтага рытму — што робіш?
Экерман «Разговоры с Гете» — непаспешна чытаецца, думка ўвесь час некуды збягае, яе б лавіць ды запісваць.
Все, — ты Сказал мне, — поглотили годы:
Веселый опыт чувственной природы,
О милом память, о любовном вздоре,
О днях, когда в безоблачном просторе
Витал твой дух. Ни в чем, ни в чем отрады!
Не радуют ни слава, ни награды,
Нет радости от собственного дела,
И жажда дерзновений оскудела.
Так что ж осталось, если все пропало?
«Любовь и Мысль! А разве это мало?»
12 жніўня ў газетах («Звязда»): «Памяці паэта»: 1мя А. В. Пысіна прысвечана Палужскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе Краснапольскага раёна. Вырашана выдаць Збор твораў паэта, устанавіць мемарыяльную дошку на доме № 35-А на праспекце Міру ў Магілёве, у якім ён жыў.
Афтальмолагу Юрыю Яўгеньевічу Батманаву 36 гадоў, у 34 стаў доктарам медыцынскіх навук. У год робіць каля 350 аперацый, а значыць — больш як 5 тысячам хворых вярнуў зрок. Вось узор. Можа, ён мала чытае мастацкіх кніг, але ці можам мы папракнуць яго за гэта?
У свеце, такое часам узнікае адчуванне, не меншае цемрашальства, церпяць паражэнні сумленнасць, гуманізм, чалавечнасць. Войны то там, то там (Ірак — Іран і г. д.). Бясконцыя бамбёжкі Лівана і вынішчэнне палесцінцаў. Тэрарыстычныя акты, глабальныя махінацыі, разгул дэмагогіі ў міжнародных спрэчках, змовы і перавароты. Сквапнасць, аказваецца, валодае універсальнай сілай, нішчыць адных, дастасоўвае да сваіх патрэб другіх.
Дачныя дні разам з кнігай Васіля Бялова «Повести» («роман-газета»). Пасля стаў чытаць Буніна — побач з Бяловым ён салодкі, надта вытанчаны, інтэлігенцкі, далёкі бясконца ад жыцця простата, грубага, народнага.
А настрой Бялоў умее трымаць, і да сэрцаў чытачоў прамаўляе скупым і дакладным словам, ды яшчэ і усмешку трымае, усё пульсуе ад жыццёвых штуршкоў.
«Иван Африканович весь задрожал. И никто не видел, как горе пластало его на похолодевшей, еще не обросшей травой земле, — никто этого не видел».
Жыццё застаецца суровым, драматычным, лёсы камечацца, людзі выдаткоўваюць сілы на нешта ўзбочнае...
Буніна чытаць таксама — асаблівая насалода, паглыбленне духоўнасці, усталяванне ў сабе нейкага тонкага і прыгожага мастацкага ладу, адчуванне роўнай і радаснан сувязі з усёй рускай «дваранскай» класікай (Тургенеў хаця б).