Выбрать главу

Эдуард Акулін

РАДНО

Падрыхтаванае на падставе: Эдуард Акулін, Радно: Вершы — Мінск: Палібіг, 2000.

© Камунікат.org

Ад аўтара

Кнігу вершаў “Радно” напаткаў нешчаслівы лёс. Увесь яе наклад (500 паасобнікаў) па загаду дырэктара выдавецтва “Палібіг” Аляксандра Зубца у 2000 годзе быў пушчаны пад друкарскі нож. Згодна афіцыйнага акта “в связи с неправильным оформлением” , насамрэч па палітычных прычынах. Асабліва прыйшоўся недаспадобы сучасным кніжным інквізітарам верш “Паэт”, прысвечаны народнаму Беларусі Нілу Гілевічу, які гучыць як прысуд аўтарытарнаму, антынацыянальнаму рэжыму:

Пры гэтым народзе, пры гэтай уладзе паэтаў народных штурхаюць на здраду...
Паэтаў вялікіх, чый век несканчоны, змушаюць маліцца на псеўдаіконы.
Віжуюць, не спяць слугачы-янычары. Драпежна рыпяць валадарскія нары...
За кратамі песня. Ды гэтага мала... Няўжо уваскрэсне забойца Купалы?
Пры гэтым народзе з уладаю гэткай... Як мала народных -- сапраўдных Паэтаў!

Аўтару ўдалося выратаваць толькі 10 (сігнальных) асобнікаў зборніка, які на сёння з’яўляецца бадай самым рарытэтным паэтычным выданнем на Беларусі. Перавыданне “Радна” яшчэ наперадзе. А чытачы інтэрнетпарталу “Камунікат” могуць пазнаёміцца са зместам “парэзанага” ды не знішчанага “Радна” ў яго віртуальнай іпастасі.

Анёл з адным крылом...

* * *
Чакаю цішыні. Як скрыпка першай ноты. Баюся вышыні – стаміўся ад палёту...
Шукаю дабрыні, а сам з сябрамі хцівы... Жыву назад, калі быў як анёл шчаслівы.
І шчыра верыў -- гром не здольны здрадзіць хмары... Анёл з адным крылом, але якім – гітарным!
* * *
Я хацеў бы пісаць, як жыву, -- Так, як піша Мікола Купрэеў. Пра аблокі, што скрозь плывуць праз душу і, як дым, чарнеюць...
Я хацеў бы пісаць, але так пішу, як я сам умею. Бо мой сон, нібы Сож змялеў, а на сподзе душы -- лілея...
Гэта здрада – мая віна, хоць пра здраду пісаць нягожа. А заплачу – гарчэй віна смутак – згублены колісь нож мой.
І слязіна мая – як кроў, што падсочана з роду Дрэва, дзе ўпадзе яна – там Любоў, там світальных валос залева...
Там Чарнобыль – матулін боль, што жыцця разарваў аорту... Там Радзіма – мая Юдоль, пекла з Богам і вырай з чортам.
* * *
Паэты пачынаюцца з любові да страчанай, зняважанай Айчыны. Паэты пачынаюцца са слова з таемным сэнсам першае прычыны.
Паэты пачынаюцца з жанчыны, якая здрадай плаціць за каханне. Паэты пачынаюцца з хвіліны, калі нябёсы клічуць на спатканне...
Паэты пачынаюцца са славы, з якою не самотна ім памерці. Пачатак для паэта – гэта права законны шлюб да трыццаці узяць са Смерцю.
* * *
О, Беларусь – абліччам Божай маці -- сыноў сваіх, што прадалі Агмень, дзе моц бярэш, каб гнеўна не праклясці, дзе слёз бярэш, каб бласлаўляць з калень.
У ценю ад чарнобыльскага крыжа іудаў крык параніў цішыню... Даруй, Радзіма, слова «ненавіджу», што сёння прамаўляю ўпершыню.
Агонь
Хто сказаў, што агонь не жывы, той не бачыў агню жывога. Зніч алтарны – заўжды жывіць мне душу чысцінёю Бога.
Дакараем, што часам злым ён бывае, а самі злыя... Хай агонь, што гарыць дваім будзе добрым, павек не дыміць...
Калі час, нібы воск, збяжыць на апошняга дня імшы, не спяшайце агонь тушыць, ён – маяк на шляху душы.
Шлях
Шукаю Радзіму скрозь леты і зімы – нідзе яе не знаходжу. Слухмяны, бунтоўны, святы і грахоўны іду, але не выходжу... А шлях не зыначыць, хоць часам не бачна і птушкам свайго тору... Вяртацца адвеку зажураным рэкам назад – у палон мора. Шукаю Радзіму – хай нават знайсці мне – слязіну на дне гора.