Выбрать главу
Нерат
Дзе твой зад,мабыць там, дзе перад... Знаць не марна сярод людзей кажуць:» Трапіў, ну, як у нерат— на ратунак няма надзей. Твой лазова-драцяны верад быў турмой акунёвых зграй. Рак-турэмшчык дарэмна верыў, што знайшоў тут жаданы рай... У цябе не ўваходзяць двойчы. Ты—бермудфіліял ракі... Нораў твой згаладала-воўчы. А віноўцы, што ты такі,-- рыбакі.
Дзябла
Пэўна ёсць нешта ў ім ад д’ябла... Яго сутнасць—схавана ў сець. Дзед дзяўбе, нібы дзяцел, дзябла. Дух ліпнёвы – на ўсю павець. Дзябла – золак ад рос азяблы. Дзябла – дзень, як змялелы Сож. Дзябла – вечар ашчэрыў жабры— акунём на рыбацкі нож... Часам – дах ад дурной хмурыны. Назаўсёды – аерны пах. Патаемны азарт звярыны. Рыбнаглядны дзіцячы страх. З дзяблам, быццам з надзейным сябрам, скрозь з уловам вяртаць дамоў... Без яго – не злавіць і жабы— нат на сподзе рыбацкіх сноў.
Пачына
Плыткі човен з ракой лучыла. Мазалямі смылела ў снах... Падпаветны прамень – Пачына, недасяжна-віровы страх.
Ты – драўляны плыўнік для лодкі. Ты – крыло для маёй душы... Пах аеравы, дух салодкі, вадамер залатых вышынь. Стан твой тонкі -- амаль дзявочы. Строй твой – ясеневы, густы. Помніш поўню купальскай ночы, што разбіла на яскі ты? Не вяслом, а пачынай лёгкай праўлю човен свайго жыцця... Ці уздых, ці узмах высокі-- прага новага – адкрыцця!
Лівень
Летні лівень спаймаў дзяўчо у палон неспатольных ліній. Па-мастацку абвёў плячо, грудзі, клубы, бутон юргіні... На ружовых пялёстках вуш запаліў завушніцаў зоркі. Лівень -- ён не лянівец-муж— лашчыць зранку да адвячорку... Выцалоўвае кожны рух. Выпрабоўвае ўсё на спотык... Лівень – Вішну з мільёнам рук— далікатны,як першадотык. Лівень – знаўца найрайскіх зон і гатовы разбіцца вобзем за прызнанне, што толькі ён— Дон Жуан да апошняй кроплі.
Поўня
Белая як бяльмо на боскім воку яна помніць сябе вузкавокай японкай я яе помню рэшатам яек поўным да Вялікдня сабраных бабуляй ваўкалак яе помніць куляй срэбнай смерцю між чорных воч поўня – блін на патэльні ночы поўня – выпуклы пуп жаночы поўня – выспа спакусных сноў поўня – пудкі бусловы поплаў не палохай яе і сам не пужайся ніколі поўні-- помні: поўня паўночны Храм.
Валун
Ад лядовых часін Калумб для паўночных вятроў -- калун дубаволатавы кілун заімшэлы авал – валун валун – ад’еты валляк стагоддзяў катаклізмаў мінулых зоб семя, што самародзіць самы мудры ў акрузе лоб валун – вечнасці вольнаёмнік бокамлежачы мусіць жыць ён самому сабе -- ёсць помнік гэты вечнанятленны Жыд вынікаючы вонкі з ночы новалунавы цвеліць цень і ў час той нябоскі хоча ён адужыць самую Смерць.
Пастка
Да часу – tabula rasa да ночы – пустое цела пачостак для пасткі -- мяса знявага ёй – рэха стрэлу пастка – спакусы пустка пастка – сіло квадрата пастка – пасцель Пракруста скрозь помсціць за пост свой пастка сабе яна – брыганцінай хоць ветразь не ловіць вецер а мне яна – гільяцінай— мышынай машынай смерці.