Выбрать главу
Стрэльба
Хросная маці ляснога рэха двухмесны патронны трон не гразіся ёй дзеля смеху следам стрэльбе ступае Кон бо ад стрэльбы – журба ласіхі бо на стрэльбе – дзікова кроў стрэльба -- чортава прорва ліха і Везувій людскіх грахоў стрэльба – страх азвярэлы ворага стрэльба – стрэл, што да часу спіць стрэльба – тайная сувязь пораху і агню, што прывык «лес біць» стрэльба – гэта вясло Харона развітальнай галеры кіль шлагбаўм на шляху падзорным зламанага лёсу кій.
Загнет
Загон прыгонных чыгункоў патэльняў -- чорны парапет цагляны трон дамавікоў-- стары парэпаны загнет на загнеце збіраюцца з духам перад тым, як пайсці ў агонь глінны глечык, гаршчок і куфаль і рахманы свісцёлак-конь тут адвечару – дроў бярэмак што крэміруюць акурат як на досвітку знойдзе певень дыямент у мільён карат аб загнет на куццю б’юць кашу ад загнета – настрой Каляд кот падоўгу тут госцем важным у чаканні мышыных свят у загнета няма сакрэтаў ні ад кога, бо ён і сам як заўважыў адзін Паэта— самы першы паганскі Храм.
Услон
Ты стаяў ля стала спакон,
наструніўшы ў падлогу ногі. Самы першы мой конь – услон, што катаў мяне да знямогі. На шырокай тваёй спіне месца цэлай сям’і хапала. На Пакровы – бліжэй к зіме абрастаў свежыною з салам... За суседскі вясельны стол запрашоны быў званым госцем. А хаўтуры-жалоба ў дом— падстаўляў пад труну ты косці. Я даўно гарадскі піжон... Раз у год наязджаю ў вёску. Толькі муляць дасюль, услон, маю памяць тваіх дзве дошкі.
Парог
Ад пачатку – пачатак. Бог, што на кожнай зямной дарозе папярочкі усклаў Парог— крыж для ўсіх, хто спачыў у змозе. На парозе Чужым – не грозяць. За парогам сваім – не спяць... У парозе – качэргаў шоргат, што ля печы павек стаяць. Аб парог спатыкнуцца – значыць недажыцьмеш наступны год... Сніць парог – прычакаць удачу. Мыць парог – шанаваць свой Род. Перад тым, як пакінуць хату, па вяртанні з усіх дарог, пакланіся яму, ён варты— ён пачатак і скон – Парог.
Зугаліна
Лета бабіна навальніцай трызніць поўднем, што спёкай мгліцца... Сцежка. Ровар. Зіхцеюць спіцы— на багажніку – мех з ігліцай. Для зугаліны – ад завеяў, ад калядных вятроў і сцюжы. Я – дашкольнік, а разумею— без зугаліны хата – нужнік... Эх зугаліна! З лесу Сталіна. «Петачкі» пад гармонь да раніцы. Хата дзедава – як прыталена. На зугаліне – лепш кахаецца... Ані шышкі ў прыпол, ні шыгалі-- змураваны падмурак муліцца... Скрозь зугаліну вёска дыхала. Без яе – ссірацела вуліца.
Страха
Саламяна-каляны дождж, што застыў залатою лавай... Хто снапы твае клаў пад нож, хто раўняў для раўнівай славы?
Каб ні кроплі з густых залеваў не працекла пад промні крокваў, каб сасмяглы ад спёкі хлеў марна марыў пра меч «Прамоклаў»...
Пад страхою – кубло-гняздо. Над страхою – анёл-прыўкраса. У страсе – схоў старых нажоў... Без страхі дом, як поп без расы.
На страху нападае жах кожны раз, калі ў п’яным гневе з-пад сякеры ляціць на дах— вестуном перуновым – певень.
Прымыльнік
Ты для лазні -- надзейны тыльнік. Твой начны кватарант кажан называе цябе, Прымыльнік, не іначай, як толькі -- Пан.
Слупянеў ад красы дзявочай... Чырванеў за мужчын не раз, калі тыя на схіле ночы ад бяссілля лупілі ў таз...
Бо на мулкіх палках кляновых аж да раніцы -- як заснуць?! Водар венікаў б’е ў галавы, запрашае ў раку нырнуць...