Выбрать главу
У прымыльніку добра п’ецца... Піва куфаль – тут боскім дарам. Мы прыходзім сюды раздзецца, каб душу апрануць у пару.
Цэбар*
*На Веткаўшчыне – калодзежнае вядро.
Колькі ён пераслухаў плётак на даўгім, як ланцуг, вяку ад нястомных пляткарак-цётак, ірвучы ім са злом руку...
Між вадой ледзяной і небам, то ўгару, то з разгону ўніз, абдзіраючы клёпак рэбры у кароне з крыштальных пырск...
Цэбар – нібы вясковы Цэзар. І ўлада яго – без меж... Ён за поўняй нырае ў неба, каб прасватаць яе – але ж...
Не пускае ланцуг на волю. Круглы год – калаўрот нягод. Бо сухім з-пад вады ніколі не выходзіў пакуль што ён.
Путца*
*На Веткаўшчыне – прыкаўнерная вешалка.
Калі дарогі у шлях саб’юцца, калі я хаце дам «пяць дзвярыма»— успомняць пальцы старое путца, якое лёсам прыкаўнярыла... Цвікі і шворні, сукі рогі чаго не пхнулі яму ў прарэху. А неяк разам, святыя многі, мужчынскі гонар блюло для смеху... Старыя путцы – так часта рвуцца і не да часу, і не да месца. Калі фанфары ў нябёсы мкнуцца,-- ад стаху путца раптоўна рвецца, і ад павагі да ганарліўца амаль нічога не застаецца. Але і путца свой гонар мае... У гардэробе – персона грата. Бо па адзенні нас сустракаюць... Каўнер пры путцы – пры госці свята. Лепш апынуцца зімой у пустцы, чым у тэатры на пару з дамай у палітоне з парваным путцам— жыццё без сцэны падасца драмай. Не распрануцца – не апрануцца... Эх, путца-путца – ручная памяць. Калі дарогі у шлях саб’юцца,-- трымай нас, путца, дзвюма рукамі!
Гужы
Гожая назва у іх – гужы... Скажаш -- і засмяешся. Нібы з лаўжоў прыпаўзлі вужы, леглі ў разорах грэцца... Гуж у руках – падмануты муж. Гуж разарваны – сварка. Стомлены, потны ад працы гуж— бульба, дакопкі, чарка. Гожая назва – спрабуй, кажы— рот без зубоў здаецца ... Памяць дзяцінства майго – гужы. Памяць – яна не рвецца.

Эра Сноў...

Каханне

Amori et dalori...*

*Кахай і пакутуй.

Каханне – пакута. Душою распнутай між Пеклам і Раем лунаць...
Каханне – атрута. Святы і аблудлы я выберу смерць, каб закахаць.
Каханне – як рудня, дзе ў свята і ў будні нам працай сябе катаваць.
Каханне -- ёсць мудрасць, якую Бог людзям адкрыў, каб грахі дараваць.
* * *
Мы не парушылі мяжы. Цнатлівасць нас уратавала... Ды заклінаю – не кажы нікому слоў, што мне казала.
А вочы, нібы абразы, самотай высвецяць пад вечар— паўадзіноты, паўслязы і паўкахання нашай стрэчы.
Расколіна
Свет раскалоўся папалам. Тут забыццё--каханне там. Там дождж пяшчоты – тут няма. Там лета сноў -- а тут зіма. Тут цішай стомлены пакой— там смех сыноў і голас твой. Тут пах вяргінь – там водар руж. Там неба сінь – тут спод калюж. Там цвіў агмень – тут галавешкі... Свет раскалоўся. Крочу пешкі да слёз народжаных з усмешкі.
Возера самоты
На сонным золку сонца дакранецца ласкавым промнем стомленых каханых. І ноч растане ў мораку туманным, а зорак ззянне ў росах адаб’ецца...
Вось так і я душою заўжды святлею, калі цалуеш ты на развітанне. І хоць Самоты возера глыбее— не менее вады ў рацэ Кахання.
* * *
Сярод базальтавых прысад, дзе вецер — злодзей у законе, мне прыгадаўся твой пагляд — дзве зоркі выстылых ад болю.