Выбрать главу
І покуль вецер «стрыг» лісты з галін даверлівых таполяў, дзве зоркі -- кроплі яснаты— з Учора падалі ў Ніколі.
* * *
Былое жарсці вулкан патухлы на сподзе сэрца няўзнак ажыў... « У імя Тройцы святога Духа»— яму не стану казаць: -- Амінь.
За вераснёвай ціснёнай скрухай слязой зашклёны прысню пагляд... Шапчу : -- Кахаю, -- табе на вуха, нібы замову ад першых здрад.
* * *
Забудзься, як човен пяшчоты нас нёс насустрач расчуленым хвалям... Забудзься, як небам спакушаны плёс сузор’яў дарыў нам каралі.
Не помні -- ні поўні у пойме смугі, ні крылаў купальскае ночы, ні першай залевы валос на лугі, ні сумам змялелыя вочы...
І нат, калі тыльную сутву душы ахрыплая выстудзіць замяць. Нікому нічога пра нас не кажы— маўляў, блізарукая Памяць.
* * *
Не ўяўляю, як буду цябе забываць... Забываць—выспу сноў чыстаганіць. Забываць—як цвікамі труну забіваць, што была для нас чоўнам Кахання.
Не ўяўляю, як буду цябе абмінаць. Абмінаць—як злачынца ахвяру, абмінаць—нібы соты у пчол адбіраць, ці ў раллі перасмяглае –хмару.
Не ўяўляю, як буду—ці буду зусім без цябе, маёй доннай лілеі, без цябе—як аслеплы без вогнішча дым, ці ў вар’ятні Ван Гог без алею.*
* * *
Божа, як яна прыгожа аддаваць умее вусны... Да світанку плысці ложку поймай сноў яе распусных.
У смузе прасцін адліжнай ногі--лебедзі ў тумане... Божа, як я ненавіджу жарсці крык яе гартанны.
На мяжы з жыццярастаннем не цалуюць так умела... Божа, выратуй Каханнем храм яе пустога цела.
Я сумую...
Я сумую па нас былых... Па трымценні няўцерпных вуснаў, па залеве валос тваіх, над жаданнем маім распусным.
Я сумую па нас былых. Па разынак ажыўшай плоці, па абдымках, што п’юць уздых, з языкамі ў агульным роце...
Я сумую па нас былых. Па цунамі з лагуны ўлоння, па світальных руках тваіх -- майго сонца патухлых промнях...
Я сумую па нас былых, што шукалі ў граху патолі, а знайшлі толькі яску -- міг, што не ўспыхне ізноў ніколі.
* * *
А помніш апошні з табой наш раман?.. Калі ,нібы дзве брыганціны, на рыфы кахання нас нёс ураган, сарваўшы з сямейнай пуціны...
А помніш, як поўняй сукенка сплыла да ног , і заплакала свечка... І ты ад таго мне заўсёды была— крылом незамкнёнага вечка...
А помніш, як потым купальскі туман пачуццяў нястрымных Нямігу да срэбнай расінкі ў падземны арган забраў да жаданага мігу.
І я з той пары з асцярогай хаджу улонеем знаёмым праспекту, а раптам Нямігу ад сноў абуджу, схаваную ў памяць-калектар.
Ангіна
Я толькі паглядам адным саграшыў... І гэты пагляд мой хвароба чакала. Ты шыю—прыгожую вазу душы— у шалік шарсцяны ад воч захавала.
Гваздзік адзіноты паспеў адзічэць, яму пацалунка жыццё каштавала... Табе папраўляцца, а мне разумень,-- як ты пачуццё ад зімы ўратавала.
* * *
Ільну няўтольнаю ракой на бераг райскае Нірваны. Калі любуюся табой— жамчужынай на сподзе ванны...
Ад вохры хны у валасох русалкай станеш на імгненне... А ногі з рыбіным хвастом ад воч схаваюцца у пене.
Хоць погляд грэшны адвяду— ад хараства не адхрысціцца. Цяпер я знаю на бяду царква затопленая сніцца...