Хоць табой свае сны засяліў,
ты прапісана ў іх незаконна...
Бо ў табе не застаўся нічым —
ні слязой, ні дачкой, ні праклёнам.
Я чакаю ...
Я чакаю, што ты аднойчы
ціха мовіш: -- Я зноў твая...
І спатоліш мой смутак воўчы,
ад якога згараю я...
Я чакаю і ты чакаеш,
калі сам я сябе спалю.
Я чакаю, а ты знікаеш,
як сарваны лісток агню...
Я чакаю -- як камень крэмня,
закаханы да забыцця.
Я чакаю -- няхай дарэмна
мне чакаць яшчэ паўжыцця.
* * *
Жанчына на пляжы паўднёвым
з русявай касой на плячы.
Адкрытая сонечным промням
і прагным паглядам мужчын...
То мора -- паркалевай хваляй,
то вецер -- шаўковым крылом
пяшчотна цябе ахінаюць
на зайздрасць мясцовым багом.
Зайсці у ваду не спяшаешся —
русалка з палескіх лугоў...
Нібы перад здрадай вагаешся —
саромна чужых берагоў.
Ключ
Да вар’яцтва пяшчотай расчулены,
згаладалы, як беглы манах...
Я у зрэнках тваіх перакулены,
ты -- ў маіх перакуленых снах.
Аднаго не ўсвядомлю — адкуль яно —
пачуццё, што глыбей за Сусвет.
Калі я, нібы ключ у адтуліне,
мару зноў пабываць у табе...
* * *
Усё часцей, усё часцей
між леных хваль льнянога плёса
два плывучкі тваіх грудзей,
бы леску, рвуць на часткі лёс мой.
Усё далей, усё далей
у ноч наш човен заплывае,
дзе два вяслы маіх надзей
ад хваль пяшчоты не хаваюць...
Усё глыбей, усё глыбей
пачуццяў вір, а водар целаў
амаль такі, як ад лілей,
што распусціліся нясмела...
Наталлі
Навальнічная, юная, смелая...
З неслухмянай залевай кос.
За пяшчоту маю няўмелую
ты плаціла мне срэбрам слёз.
Вецер золкі той даўняй восені
нам кілімы з лісця сцяліў...
Асляплёны дагэтуль поўнямі
я цнатлівых грудзей тваіх.
Дабіблейскаю Еваю грэшнаю
ты выходзіш з паўночных сноў...
Мая самая-самая першая—
мара, песня, журба, любоў...
* * *
Мне сягоння зусім не спіцца...
Сэрца поўнае яснаты.
Два пярсцёнкі і завушніцы—
гэта ўсё ў чым адзета ты.
Пазірае раўніва поўня.
Вецер шыбу крануў рукой.
Хоча ён да твайго улоння
прытуліцца хаця б шчакой...
Бессаромна глядзіш мне ў вочы
прамаўляючы з хрыпліцой:
-- Ты мяне распранаць не хочаш,
давядзецца ізноў самой...
Вось такой мне і будзеш сніцца,
як збяруцца у гай гады.
Два пярсцёнкі і завушніцы—
гэта ўсё ў чым адзета ты...
* * *
Каханнем скрозь паэт жыве...
Калі світальны сон змялее,
радзімкі ў зацемках калень
асвеціць белая лілея...
Каханнем скрозь жыве паэт.
Для Музы ён найперш – Муж-чына!
Старэй за ўвесь біблейскі свет
быў Евін грэх – жыцця прычына.
Бо цела -- зваблівы кларнет,
яго прыгубіш -- век пакутай.
Жанчыну выдумаў паэт,
каб граць на ёй і быць пачутым...
Калі вар’яцкі гэты свет
Шэкспір даб’е сваім пытаннем, --
каханнем выжыве паэт
і будзе вечна жыць Каханнем!