Скруха
Бровы хатаў снег ахутаў.
Завіруха вые глуха.
Адзіхацела і патухла
лязо ракі у похвах луга.
А да вясны яшчэ так многа –
як граху да веры ў Бога.
Мара
Восень вымошчвае высі
золатам зорнай лістоты.
Сядзем удвух, як калісьці,
пад небасхілам самоты.
Гэтак мінаецца лета.
З мрояў адроіцца мара –
разам у бездань Сусвету
рушыць насустрач пажарам...
Спаліць масты...
Палю масты,
Ды пакідаю палі,
Каб новы мост
Наслаць на чым было...
Паліць масты – для дужых духам праца.
Паліць масты – няпростая забава.
Паліць масты – з самім сабой застацца
па розныя бакі ад пераправы.
Паліць масты – душы патрабаванне.
Паліць масты – не кожнаму пад сілу.
Паліць масты, каб здраду і каханне
рачная плынь навекі раздзяліла.
Палю масты, але з адной умовай,
як ведаю, што болей не вярнуся...
Палю датла, а толькі на палову –
наўрад ці і з гадамі навучуся.
Зіма
Рукі, як адхуканыя птушкі,
для якіх кішэні сталі гнёзды.
Вецер рой сняжынкавы загушкаў.
Вуллі хат – мішэні для Марозу.
Нібы ў лёд, у высі ўмерзлі зоркі.
Заўтра Богу доўга высякаць
Панядзелка крыгу, каб Аўторак
сваё месца ў небе змог заняць.
Брахікалон
Змрок.
Зор
жвір.
Ноч.
Воч
вір.
Рань.
Рунь
мрой.
Дзень.
Дум
рой.
Голас галінавых глосаў...
Губляюць гоні грэбні-грывы,
галосяць глосамі галінаў.
Гугнявы гром грыміць гняўліва...
Гаротна гронкі гукаў гінуць.
Гул галатурыяў гітарных.
Глісенда градзінак гардзінных...
Гаёвых галерэяў галы.
Грыбных галераў гільяціны...
Гадоў грахоўнае гарышча
гадуе гонар галубіны...
Глухі гарлач гукае гліна
гартанным голасам глыбінным.
* * *
Мая душа – як ліфт парожні --
вандруе ў целе дзень і ноч.
То яе вабіць водар пожні,
то прыпадзе да шыбін воч...
То ў ёй цалуюцца каханкі,
то гвалтаўнік свой гострыць нож...
Мая душа ад зор да ранку –
прытулак стомленых нябож.
Маёй душы пустую клетку
даўно пакінуў салавей...
Тут вершам пішуць вельмі рэдка,
тут смерць – апошняя з надзей.
Мая душа – як ліфт парожні --
аднойчы грымнецца з нябёс...
А разам з ёю – хмары, пожні,
каханне, вершы, п’яны бомж.
* * *
Я маці не любіў сваю адмалку.
Я маці ненавідзеў -- колькі мог...
У крыўдзе слёз – тапельцам сэрца стала,
і пакараў за гэта мяне Бог.
І атрымаў я першы ліст ад мамы,
што паўжыцця дарэмна прачакаў...
Тры словы з плашчаніцы тэлеграмы –
як тры цвікі -- з Хрыстовых свежых ран.
Пад небам анямелым дамавіны
даруй, матуля, мой няўмольны грэх.
Я так цяпер любіць цябе павінны –
як Бога Ной, сыходзячы ў каўчэг.
* * *
Верасень мярэсціцца ў смузе
водсвету лісцёвай пазалоты.
Бусел на затомленай назе –
інвалід айчыннае самоты.
Позна прыкмячаць, як урасеў
скошаны бульбоўнік па гароду.
Трэба рыхтавацца пакрысе
да жніва раптоўнага прыходу.