Выбрать главу
Верасень мярэсціцца ў смузе – вырай мой – няблізкі, недалёкі... Бусел, на затомленай назе, -- ідэал жыцця майго высокі.
Лістапад
Састарэлы вецер-пілігрым папрасіўся ў прымы да асіны... На паляне шлюбнай у бары – куст рагоў -- скупы калым ласіны.
Мару не прыручыш да галін... Тонучы ў нябесным сінявіры, спакваля лістоў асенніх клін адплывае ў свой апошні вырай.
Кажан
Ён жыве ў перакуленым свеце... Яго дзень – гэта наша ноч. Плаўнікі яго крылаў вецер – як галіны кладзе на нож.
Яго неба – ніжэй павеці. Яго сонца – патухлы свет... Яго вочы – азёры смерці. Яго сны – амальгама стрэх.
Ён апоўнач нырае ў поўню. Ён апоўдзень – з-пад кроквы кроў... Ён -- і д’ябал, адпомсты поўны, і -- анёл, што сама Любоў.
Морыва
Дрэва бязроднае гоніць рака – рыба ў лісці зялёным... Вынырне месяц -- чаўном рыбака – высвеціць невад кроны.
Дзе вадзянік на падводны зруб высцеліў плёс бярвеннем, рук каранямі ў адчаі дуб ворыва хваль успеніць.
Тут у вірах, што магіл глыбей, змірыцца з лёсам волат... І прычакае драпежны глей золата чорнай зморы.
Золак
З занябёсных глыбіняў, адкуль не вяртаюцца птушкі, дзе сасмяглая гліна сумуе без Богавых рук, саламяны прамень на паркалевым снезе падушкі -- свежазжыты ўспамін – паратунак ад сонных пакут.
Прадчуванне
Адплывалі аблокі за богавы светлыя вочы, нібы гурма анёлаў -- успененай хваляю крыл... Ды заплакала маці, раптоўна прачнуўшыся ўночы, трох слязін дачакаўся не ёй узгадованы сын.
Трох слязін – трох парваных бурштынін атрутных, трох змяюк са спалоханых раніцай сноў, трох чаўноў у сталёвых вярыгах раскутых, трунаў трох з жаўтажвірых вясковых кладоў.
У хваробніцы
Мой сон пераехаў трамвай каля стадыёна «Дынама»... І чорнаанёлавы рай гукнуў нехрышчонаю рамай.
Не ведаю, хто дапамог адолець парог падваконня, ці д’ябал у вочы, ці Бог глядзеў з залатога прадоння.
Прачнуўся – распнуты на стол... Душу адпускала Геена, і белы бальнічны Анёл шпрыцом цалаваў маю вену.
Чарнобыльскі анёл
З авансцэны вясновага рання між аблокаў туманных куліс у пражэктарным сонечным ззянні ён крыху тэатральна ўзнік.
Ён маўчаў і глядзеў мне у вочы, ён прарочыў нязжыты мой лёс. Я з магілы глыбокае ночы пад паглядам яго уваскрос.
І на хвалю ступіў асцярожна, і за ім да нябёсаў наўпрост брукаванкай астыглаю Сожа ціха рушыў, амаль як Хрыстос...
* * *
Пайду ў Лістапад... Яго царская брама даўно спакушае, вярбуе душу... Пайду неаглядна, як вернік да Храма, дзе лісьце спраўляе па леце імшу.
Пайду ў хараство харалужнага бору, дзе сонца сусаліць асін купалы. Сыду хоць на дзень ад згрызотаў і зморы, і дум неадчэпных цяжкой кабалы...
Пайду ў Лістапад без надзей на вяртанне, як жораў журлівы у обнізе зор... Сыду назусім – ерэтык-самазванец... Спытаюць – куды? Адкажу – на касцёр.
Пілігрым

А. Бяляцкаму

Калі загалосяць нябёсы мне ўслед залатымі дажджамі, калі лёсахрэсніца Восень заваліць мне вочы лаўжамі,
калі ўвырайлётныя гусі мне сэрца, як пацер, праніжуць, раскрэсы маёй Беларусі я ў рукі вазьму заміж крыжа,