Хоць далёка яшчэ да марозаў, --
лета Бабіна – так неўспадзеў.
У зялёным падстрэшку бярозы
першы певень нясмела прапеў...
* * *
Стаю на цвінтарным ганку,
дзе неба ніжэй званніц,
-- Францішак, Максім і Янка
прад Вамі схілёны ніц.
Ратуйце мяне ад свету,
дзе правіць вяслом Харон,
і цэлы Народ у Лету
вядзе за прывідны трон...
-- Францішак, Максім і Янка, --
гартуйце крывіцкі дух.
Пустыя званы, а шклянкі --
да краю хаўтурнай скрухай.
Алтар у слядох ваўчыных...
А той стырнавы старэйшы
шпурляе у твар Айчыне
БІБЛЕЙСКІ ВЯНОК ТУТЭЙШЫХ.
Паўночны пакой
Ад поўні рабай, як кавун, --
усходы страху...
У куце – камунальнай з трун –
чарнее шафа.
Фано – ашчэраным кітом –
мой сон глытае...
Асадка ў лёце над сталом –
стралой з Кітая.
Ад золата на пераплётах кніг –
магічнасць сцэны.
Бяссоніца. Натхнення міг –
агнём Геены.
* * *
Юнацтва лёгкае крыло
мне лёс пазычыў ненадоўга...
О, як мне хораша было
паміж зямлёй і домам Бога
лунаць прасветлаю душой
без надакучнай асцярогі
і быць шчаслівым, што знайшоў
пачатак зорнае дарогі.
Гадоў, як воблакаў сплыло –
больш не лятаю вольным птахам.
Юнацтва лёгкае крыло
жыццём заручанае з плахай.
Чарнобыльскі год
Красавік
На ганкавым бетонным падуменце
забыты ў спешцы некім чаравік...
Як напамін няпомлівай планеце –
Дзень 26-ты. Месяц Красавік.
Май
У Бога ласкі болей не прасіце.
Бог – у душы, а не на небесі...
А двухгаловы бусел у зеніце –
праклён ці сімвал Белае Русі?!
Брагінскі чэрвень
Па чэзлым полі, па чорным лесе,
па пыльнай дарозе, па чуйнай шчацэ –
слязіна ці слова з нянаскае песні
пра сон Ларэлеі ў палескай рацэ...
Бараўлянскі ліпень
Да ліп духмяных ліпнуць пчолы...
Здзічэлы рой – салодкі сон.
Такі, як боль пасля ўкола
медбрата з прозвішчам Харон.
Малінаўскі жнівень
Веткаўцы, свяцілаўцы, чачэрцы,
з Хойнікаў, з Нароўлі, з Астрагляд...
Землякі мае, мы -- чарнаверцы.
Веру нашу выдае пагляд.
Верасень
Не верыцца і ўсё!
Выраі не ведаюць звароту.
Птушкі адлятаюць па чарзе,
а не разам, і не назаўсёды...
Кастрычнік
Вецер – вольны восеньскі апрычнік –
золата спагнаць спрабуе з дрэў...
Ерэтык дэзактывацыі -- Кастрычнік
самахоць у полымі згарэў.
Лістапад
Без пропускаў, віз і дазволаў
дарога вядзе на клады...
Сяржант з КПП пратаколам
засведчыў: Дзень трэці. Дзяды.
Снежань
Завеі ў снежні амаль такія,
як колісь Мележ убачыць змог...
Два «марадзёры» ў вазы пустыя
маўкліва грузяць сапрэлы стог.
Студзень
Тым днём, калі Бог нарадзіўся
зязюля кувала ў бары...
-- Стары ад бажніц заразіўся...
Казалі ж яму – не бяры.
Люты
На Прыпяці -- прыдуха.
Амаль як кожны год.
Ляшчы, ўюны і Скруха
умерзла ў мёртвы лёд.
Сакавік
Прамяклых дахаў шыферныя крылы
на ветры з поўдня колькі ні сушы...
Узняцца ў неба зноў ня хопіць сілы
забытай вёсцы ў прыпяцкай глушы.
* * *
Максіму Багдановічу
Ні спякотным поўднем лета,
ні ў асеенні дзень дажджлівы
не трывожце сон Паэта—
ён у сне сваім шчаслівы...
Бо не ведае, не знае,
што ў забранай той краіне
на яго Пагоню зграю
нацкавалі -- Вершнік гіне...
Што арнат залатарунны
тканай ім да скону мовы
разарвалі ўнукі-гуны,
і крывёй барвеюць словы: