Выбрать главу
БЕЛАРУСЬ, РАДЗІМА, ВОЛЯ! -- Спі, Страціме, на чужыне... Не дай Бог табе юдолі счужанець у роднай гліне.
Гліняная імша

Светлай памяці прабабулі Вольгі

Ад пужання, уроку, ўлёку, ад прастуды, каб вогнік знік... Ты шаптала над глінным глёкам, загарнуўшы яго ў ручнік.
Тройчы дзьмула ў яго, а потым адганяла ім духаў злых, што мяне абвівалі потам, адбірала і зрок, і слых.
Я з таемных тваіх маленняў, я з глінянай тваёй імшы скраў пярынку твайго агменю, скраў святлінку тваёй душы...
Ад пужання, уроку, ўлёку... Беражы мяне, беражы.
Каляды
З завейным кутасом зіма не знойдзе зладу... Мы зорку ў дом нясём. Каляды -- ёсць Каляды!
Казу з сабой вядзём— хай будзе дом багаты. Шчадроўніцу пяём. Каляды -- ёсць Каляды!
Цыганка з цыганом і бусел – госць цыбаты вітаюць кожны дом. Каляды -- ёсць Каляды!
Гарэліца з сальцом. Без іх якое свята? І дзеўчына з хлапцом... Каляды – ёсць Каляды!
Дарога. Зорны плёс. Вясёлы рогат свата. Царква. Алтар. Хрыстос. Каляды -- ёсць Каляды!
Батлейка
Драўлянае рэха часоў Бэтлеема, Драўляная памяць драўляных вякоў. Драўляная зорка. Драўлянае неба. Драўляная кроў з-пад драўляных цвікоў.
Драўлянага смеху драўляныя вусны, Драўляныя словы з драўляных псалмоў. Драўлянае шчасце, каханне, спакуса... Драўляныя крылы, драўляны анёл.
Драўляныя крокі, драўляныя крыкі. Драўляныя яслі, драўляны мароз. Драўляныя слёзы драўлянай Марыі. Драўляная Смерць і драўляны Хрыстос.
Экспрэсія
Нехта на ўсходзе разліў кінавар... Буда, Хрыстос ці Вішну? І старажытны пергамент хмар думкай біблейскай выспеў.
З самага дня залатых глыбінь выніклі раптам словы: -- Не падмані, не ўкрадзі, не забі... Тры. І з мяне дастаткова.
* * *
Вечар – сляпым Гамерам... Човен на чорных хвалях. Ноч у чаўне з памерлым— Днём адплыве за далеч.
Так у жыцці бывае— смерць і каханне побач. Дзень без начы згарае. Ноч апране жалобу...
Чорную ноч -- дзень белы. Смерць і жыццё з’ядналі. Вечар – сляпым Гамерам. Човен на чорных хвалях.
Ці страшна?..

Барысу Пятровічу

Ці страшна жыць успамінам? -- Дзяцінства, Ігруша, Дзічкі. -- Страшней -- дачакацца сына— і ноч -- без адзінай знічкі...
Ці страшна хадзіць па паветры? Апоўнач вакно – магілай... -- Калі ты ў хаўрусе з ветрам не надта, бо маеш крылы.
Ці страшна душы без Храма? Забудуць спытаць – адлучаць... -- Калі твая кроў -- атрамант— не страшна – крыху балюча.
У музеі
Музыка музейнае цішы. Смутак безнадзейнае душы. З адзінотай келіх на дваіх... Дзе такі прывідны навакольны свет. Дзе такі уяўны незямны паэт. Дзе ў пакоі цьмяным чуецца уздых... Быццам «фортэ» «п’яну» занімае дых. Дзе усё ахутаў дзьмухаўцовы дым... Дзе ніхто не здзьмухне віфлеемскі пыл. З бібліі схаванай у шкляной труне... Тут наканавана жыць і ўмерці мне.
* * *
Ні свечку, ні кветку, а кнігу Паэту ў труну пакладзіце, з якой ён да Бога паціху па выстылых воблаках прыйдзе
І скажа: «Айцец мой нябёсны, як самы бязлітасны крытык, прымі, наканованы лёсам, мой сціплы духоўны нажытак...
-- Максім, у найвышняй гасподзе «Вянок» твой яснеецца німбам. А зерне, што спала ў народзе, я веру аднойчы узыдзе!