Выбрать главу
Паэт

Нілу Гілевічу

Пры гэтым народзе, пры гэтай уладзе паэтаў народных штурхаюць на здраду...
Паэтаў вялікіх, чый век несканчоны, змушаюць маліцца на псеўдаіконы.
Віжуюць, не спяць слугачы-янычары. Драпежна рыпяць валадарскія нары...
За кратамі песня. Ды гэтага мала... Няўжо уваскрэсне забойца Купалы?
Пры гэтым народзе з уладаю гэткай... Як мала народных -- сапраўдных Паэтаў!
Бяздомніца

Данута Бічэль-Загнетава—

якая паэтка айчынная!

(А. Сыс)
Ці ў вочы сляза запала, ці намі сляпыя правяць? Паэтку – якіх так мала— Гасподы заўчас пазбавіць...
Паэты ж -- нябёсаў дзеці. Паэткі -- каханкі Бога... Іх крыўдзіць -- цяжэй у свеце няма ад граху такога.
Чаму ж ты маўчыш, Максіме?-- Збалелі чужынай крылы? Сястры тваёй след з зазімін вядзе да грудка Марылі...
Ці ў вочы сляза запала, ці ў гэтай сляпой Айчыне бяздомніцай болей стала?.. -- Данута, нам Бог адчыніць!
Сон

Я хацеў бы памерці ў сне...

(М. Скобла)
Калі сон – гэта смерць, я хацеў бы заснуць не надоўга – на паўстагоддзе... Каб прачнуцца аднойчы і не зразумець— дзе жыву – у якім народзе?
Мой народ быў -- чарнобыльскі бусел, які за балотам не бачыў свету... Гэты – з роду буслоў, толькі стаў залатым, як прарочыў калісь Паэта.
Вольны птах залаты па-над вольнай зямлёй з роднай песняй лунае ў згодзе... Калі смерць – гэта сон,-- я памру маладым— для тваіх, мой Народ, народзін!
Сафія
У Полацку – на покуце Радзімы цнатлівая і гордая стаіш... Анёлаў пёркі -- пухам тапаліным— як вэлюм на раскрыленым крыжы.
Дзвіною залюбуешся пад вечар. У небе заначуеш давідна... І ў памяць пераселішся навечна сатканая з таемнага святла.
Сафія – крывічаначка-нявеста, свой гонар ад чужынцаў беражы. Глыбокіх у Дзвіне хапае месцаў.. І тоўстая вяроўка на крыжы.
* * *
Над Радзімаю—ноч Савы... Цень драпежны упаў на пожні. Хто адстоіць твае правы— мой Народ—хіжых сіл заложнік?
Чуеш звон з тагасветных лёх?- Пад Пагоні харугвы стала бараніць, што нам зычыў Бог— раць ад Вітаўта да Купалы...
Рана келіх хаўтурны піць па Айчыне душой збалелай, покуль небам скрозь ноч ляціць Бусел—сцяг бел-чырвона-белы!
Балада пра вясковага Ікара
Вясковы Ікар, Акулінін Макар— захмарны шукальнік хлеба... Мой дальні сваяк— летуценнік-штукар, якіх нараджае неба.
Ён крыламі трызніў з той самай пары, як здолеў на дах залезці... І стуль з-пад аблок, з залатой вышыні крычаў: -- Я чакаю вецер!
Ён вецер чакаў. І наіўна лічыў яго ўладаром Сусвету... Бо мала,-- казаў ён,-- адных толькі крыл, бо крылы – нішто без ветру.
Ды доўга яму давялося чакаць. Прашло паўжыцця – не меней. Хадзіць развучыўся – бо марыў лятаць, як птах у глыбокім небе...
І ўсё ж прычакаў... Небывалы Вяртун у сне скалануў вёску. Ды толькі нічога амаль не крануў-- так – вышчарбіў плот дошкай...
І знік нечакана, пакінуўшы пыл адзін на адзін з ноччу... Назаўтра ж убачылі дзіўнае з дзіў суседзяў-сяльчан вочы.
На месцы дзе колісь «Ікараў дом» (назваў нехта п’яны з дуру) сто год прастаяў -- зараз пуста было— застаўся адзін падмурак...