Выбрать главу
Шукалі тры дні. Толькі клёпку знайшлі ад даха жытла Макара. Ды бачылі: недзе высока плылі абрысам сялібы хмары...
І нехта прамовіў: -- Святы быў Макар, насіў за аспіною крылы... І вырас на колішнім котлішчы храм— Храм Ветру нябеснай Сілы.
Балада пра затопленае вядро
-- Ну, глянь ты, куды мяне зноў завяла— з гадамі дзяцінець Памяць... Стаю на абрыве крутым Жарала, лаўлю на «жыўца» з сябрамі.
Тут «з шосцікам дно»-- гэта значыць ніхто не змераў глыбінь віру. Ды раптам з абрыву – у прорву вядро і я ўслед за ім – гірай...
Я плаваць умеў, яшчэ лепей нырыў, ды д’яблавым «чорным вокам» не марна той вір з рыбакоў хтось празваў, і я ў ім -- «блыха з падскокам»...
Крычалі сябры, вар’яцела вада, і я вар’яцеў ад страху. Ды не за сябе -- шкадаваў вядра, бо новае -- толькі з «мага»...
Казала ж бабуля: дайніцу бяры, з іржой – ды для рыбы пойдзе... А я не паслухаў. Крычалі сябры: -- Такога вядра не знойдзеш!
Мяне адкачалі пасля рыбакі. Кіпела са злосці вока... А я з таго дня Жарало ракі абходзіў заўжды бокам.
Калі б – не дзяцінства, Калі б – не вядро, Калі б – не сляпое вока.. Калі б... А па-іншаму й быць не магло. Магло – без «блыхі з падскокам»...
Балада пра незапаленую свечку

Ахвярую Алесю К.

Быў вечар калядны сатканы з завей... Чаканне. Сябры. Стрэча. Ды раптам пачуў я ў сабе: У царкву схадзі і пастаў свечку...
Якая царква? Я там вечнасць не быў. Каляды. Святы вечар... Ды голас з нутры мяне зноў паўтарыў: Пастаў у царкве свечку...
Я кінуў усё. Я паехаў у храм, дзе ў Слова сплыла рэчка... І свечку купіў і падаў жабракам, хрысціўся і ставіў свечку.
Ды свечку маю нібы хтось патушыў-- ачахла ў душы вера?.. Шаптала бабуля мне: -- Многа грашыў. Хрысціся – спрабуй шчэ раз.
І я спрабаваў. На Міколы абраз жагнаўся, як след тройчы... Ды зноў маёй свечкі агеньчык пагас,-- і я апусціў вочы.
І я азірнуўся назад -- у сябе... Пустэльня. Афган. Горы. І крыж мой адзіны – аптычны прыцэл, і Бог мой – сухі порах...
Я плакаць хацеў. Ды ў воку сляза застыла густым воскам... Ды раптам пачуў я Архангелаў спеў і голас з вышынь боскі:
Я доўга чакаў, але ты не ішоў. Згарэў не адзін вечар... Ты мог бы згубіцца – калі б не знайшоў сягоння сваю свечку...
Не бойся. Пакайся і зноў запалі -- лягчэй на душы стане... І тут я заплакаў -- як плакаў, калі-- мне сэрца Афган раніў...
А свечка – яе я забыў запаліць,-- спяшаўся спаліць слёзы... А свечка мая у нябёсах гарыць, дзе зорак алтар боскі.
Балада пра рыцара Здрады
Не ў патыліцу ветры дзьмуць — дзьмуць скрозь сэрца... Не для славы булат куюць — дзеля смерці.
Кабыліца скрозь ноч ляціць — зорны ядваб. Чорны рыцар на ёй сядзіць — рыцар здрады...
А за ім, перад ім, узбоч -- злая зграя... І глыбей за магілу ноч -- па-над Краем.
Растапталі, змяшалі ў бруд — жыта ў полі... Ды маўчыць спахмурнелы люд — знаць Юдоля.
Расчыняе слухмяна Храм перад зграяй. І ўязджае ў бажніцу Хам— як у стайню...
Не ў патыліцу ветры дзьмуць— дзьмуць скрозь сэрца... Калі недзе булат куюць— ён для смерці.
Сцеражыся, шалёны пёс,-- гніся нізка. Срэбны вершнік ляціць наўпрост -- блізка-блізка...
Балада пра кожнага першага

У кожным аконцы— стронцый...