Выбрать главу
(М. Мятліцкі)

Нежывы кожны чацвёрты...

(А. Вярцінскі)
Стронцый – у кожным аконцы— не верце. Стронцый – у кожным сэрцы... Мёртвы не кожны чацвёрты, мёртвы з нас -- кожны першы...
Смерць выбірае лепшых... Няўжо пад Гасподнім змусам? Гіне з нас кожны першы— менее беларусаў.
Паміраем – як дні згараюць. Паміраем – як гаснуць ночы. Над шчаслівым калісьці Краем белых крылаў не сочаць вочы...
Чорны бусел – як крыж з-пад хмары, як пракляцце жывому роду. Кожны першы – такую кару Бог прыдумаў майму народу...
За бяспамяцтва, за бязвер’е, за святую святыню – Мову паміраць будзе кожны першы— лепшы з тых, хто абразіў Слова...
За пакору, з якой маўкліва Край на здзек аддаём чужынцу... Кожны першы пайсці павінны— за астатніх усіх маліцца...
Бо не стронцый – страшней у сэрцы, бо страшней -- у душы Іуда... Вось бы гэта – ды зразумець нам, каб не ўмёрці -- застацца Людам!
* * *
Я шкадую пражыты дзень... Не таму, што з чарговым годам адчуваю сябе старэй— ледзьве тыдзень калядны пройдзе.
Не таму, што раство маё супадае з Ражством Хрыстовым. Проста нешта ў Сусвеце ёсць не названае нават словам.
І жыццё -- як няблізкі шлях... Толькі ў роспачы разумею, што наперадзе смерць і страх. А аглядвацца я не ўмею.

Памяць дзяцінства майго...

Іскрыпка
Так колісь цябе называў мой дзед. Іскрынка душы— незаплеснелы хлеб. Скарынка самоты. Скарбонка для слёз. Іскрыпка – скрыдло незаплямленых кроз. Драўляны жаўрук, што прывык да пляча. Пяшчотніца рук скрыпача-крывіча. Жарсцінка-усхліпачка, стоены крык... -- За што ты, іскрыпачка, любіш так смык?
Журавель
Ты глядзіш улюбёна ў неба. Ці цалуеш вядром ваду... Што табе ад жыцця патрэбна? Хто тваю зразумеў бяду? Вышай стрэх цэлы дзень кружляеш, толькі хочацца – вышай хмар. Журавель – ты штоноч лятаеш у палоне нязбытных мар. Укапаны ў дзірван навечна. Ты стаміўся з нудоты піць... Журавель, паглядзі, старэча, з райскіх даляў твой брат ляціць.
Купіна
Колькі стрывала кпінаў ад тых, хто аб яе спатыкаўся кола яе давіла падкова яе таптала сонца яе паліла дождж вастралёзы сек купіна – гэта магіла балотна-пустога рэха купіна – скрозь пакутніца купіна – міні-копка дзік на яе не купіцца бо купіна – горб чортаў купіна – зялёная бародаўка астыглай дрыгвы вулкан курган мурашыны— кротаўка— падушка Вадзяніка.
Раска
Зялёны падраснік азерца задраны прыпол ракі ажыўшае жабаў скерца радзімкі з тваёй рукі раска – не рада ветру сябра ёй – жоўты жвір раску не вабяць нетры вораг ёй – юркі вір раска – прывідны востраў мрояў раёвых рой раска – салютаў роскід вадзяніковы строй раска – русалчын вэлюм азёрна-манетны двор вохрава-акварэльны люструнак бурштынін-зор.
Човен
Чуллівы рачной пяшчотай аблашчаны лавай хваль ён мроіць чаіным лётам закаханы ў чужадаль човен – адчайны адужнік ветру начны прытулак ліпнёвых пчол павек пасцелю віровых нетраў не зменіць човен на мулкі дол ён звечара знічак повен а ранкам слязьмі лінёў човен – сонца жалобны промень човен -- чорны рачны манах палюбоўнік паўночны поўні брат радзіміцкіх трун- карстаг.
Сітнік
Пагрозны выгляд падводных вояў здалеў разгледзець адзін ракітнік, таму на бераг таропка выбег— далей ад дзідаў, што выгнаў сітнік. Тут сойм саміны са снамі ў сонме. Для сома сітнік—рачны асіннік... Абкруціць вусам камель у стоме і спіць да ночы—варушыць сітнік. Лілея млее—як плёс змялее, хто вызваляцьме яе з няславы?.. Без страху выйдзе на бітву з Глеем адважны рыцар рачной дзяржавы. Усюдыісны віровы Пільнік. Радыст «зялёных»—азёрны Сітнік.