Выбрать главу

Лаўры Аляксандра Вялікага перашкаджалі спаць Холідэю, ён здабыў Бабілон, але не знайшоў знакамітай вежы, якую разбурыў яшчэ сам Аляксандр. Фалас быў сымболем заваявання: з крылцамі і двума нібы-валоскімі гарэхамі, якія часцей у нас называюць менавіта грэцкімі лузанцамі.

У Партызанскай рэспубліцы для Холідэя таксама свярбелі рукі, як у Аляксандра, які разбурыў Бабілонскую пабудову. Зруйнаваць заманулася вежу Дружбы народаў (але спачатку залезці, агледзецца, ніба ўзысці, скарыць Эверэст), на якой моцныя перадатчыкі, каб рассылаць па свеце заклікі аб’яднацца супраць Холідэяў, супраць глабалістаў. І сігнал пачулі ў Пхеньяне, у Ла Габане, у Каракасе і ў Тмутаракані. “Айцова праўда” паведамляла, што гэта не проста тэлевежа з рэстарацыяй для турыстаў, гэта хмарачос з кватэрамі для нацменаў, вежа-інтэрнат. Як маяк, які свеціць для ўсіх зняважаных і пакрыўджаных у свеце, не важна, які маюць колер скуры, валасоў, вачэй.

Радыёстанцыя “Слова айца” выкрывала Холідэя разам з Македонскім. Не Бог зруйнаваў Бабілонскую вежу, а канкрэтная асоба, вядомы цар і заваёўнік Аляксандр з Македоніі, які спадабаўся Галівуду. Але Усход яшчэ ніхто не заваёўваў, прынамсі надоўга, натрывала. Усход мае маральную перавагу перад Захадам хаця б таму, што адтуль з’яўляецца Сонца, вялізнае жыццядайнае свяціла…

Войска Аляксандра па-вар’яцку скакала на Усход як у пашчу ўдава, як у печ, як у жэрала японскай паравознай топкі, каб згарэць там ад ліхаманкі, ад бязлітасных сонечных апёкаў, ад агнявіцы. Яно скакала, а яго заносіла бязводнымі пяскамі, у якіх ані кроплі вільгаці, смага спальвала, знішчаў сквар, засмоктвала пустэльня. Хмары азіяцкай саранчы зжыралі ўраджай на шляху войска. Скакала Аляксандрава навала ад аазіса да аазіса, часта з засыпанымі ці атручанымі партызанамі студнямі… Аўтар сапраўды глядзеў галівудскі блокбастэр, абыякава канстатаваў я.

Пачутае на літсходзе не адпускала, пераследвала ў дарозе. Можа больш сумленна было б машынкі — таксама ў цялячыя вагоны ды ў тайгу, вечную мерзлату, разам з пісьменнікамі? Хаця многіх забівалі адразу, каб магіла хоць і безназоўная, нават без капца, але косткі ў роднай зямельцы… У пратаколах больш сумленна было б пісаць: за валоданне машынкай, за тое, што карыстаўся, друкаваў, карацей меў небяспечныя сувязі з ёю. А не за міфічны падземны лабірынт з фармулёўкай “за намер вырыць патаемны калідор пад мяжою да самых варагаў”. Прычым тут геаграфія, веды ландшафту… Галоўнае — мастацкія фантазіі следчых, якія (прынамсі некаторыя з іх) таксама маглі марыць пра пісьменніцкія лаўры, пра “Вайну ды мір”, але цвяроза разумелі, усведамлялі шостым чэкісцкім пачуццём, што калі возьмуць арыштаваную машынку дахаты, пачнуць з ёй у сяброўства гуляць, браты па зброі наклацаюць адным пальцам: здрадзіў сацыялістычнай Маці-радзіме, ідэалам роднай бальшавіцкай партыі з машынкай ворага народа, паходжанне якой буржуазна-дарэвалюцыйнае. Яшчэ горш, калі саштукавалі яе ў замежнай краіне, бо яны ўсе да адной зацятыя ворагі нашай пралятарскай рэспублікі. Апроч, зрэшты, Мангол-Шуудана, але там, у дзікіх азіяцкіх стэпах, нават не чулі пра механічнае пісьмо, прыгожае пісьменства, там яшчэ толькі важыліся змагацца з усеагульнай непісьменнасцю, амаль суцэльнай, як азіяцкая ноч.

Машынка, калі параўноўваць з намі, адначасова галава і рукі. Чалавек у інваліднай калясцы? Не ведаю, так я не меркаваў. Сапраўды, няма толькі ног. Я лічу: ногі непатрэбныя, рухацца ёй неабавязкова. Яна не ўмее толькі танчыць, хаця гульня на клавішах, канечне, танцы нагадвае. А таксама бег на месцы, напрыклад. Машынка думае, яна здольная разважаць, вобразна мысліць, у яе развіта фантазія, яна можа гаварыць, нястрымна балбатаць, ты не паспяваеш запамінаць, па хуткасці не можаш спаборнічаць. Ты побач з ёй запаволены тугадум.

Заплюшчваю вочы: твар, нешта знаёмае, не магу ўзгадаць. Пачынае гаварыць. Каб яго спыталі наконт апошняга жадання, ён, бадай, сказаў бы пра машынку. Хоча, маўляў, каб іх пахавалі разам. Хаця гэта эгаізм. Яна яшчэ жывая, супраць яе прысуду няма, ёй яшчэ жыць ды жыць, толькі змазаць. З другога боку, яму вядома наперад, што яе схопяць у палон, будзе эксплуатаваць энкавэдыст, друкаваць прысуды, працягваць забіваць братоў па пяру, на любімай друкарцы. “Прыкра, і цяжка думаць пра такое. Пагатоў у гэтай краіне, пагатоў у НКВД ніколі не цікавіліся апошнім жаданнем”, твар знікае, я не паспяваю ўспомніць, каго бачыў.