Выбрать главу

Вусцішна, такога яшчэ не было, каб машынкі судзілі: на ёй быў надрукаваны “Архіпелаг”! Уяўляю: суддзя з сакратаром, пракурор у сінім мундзіры са срэбнымі пагонамі, адвакат, рэпарцёры. Небарака-машынка ў клетцы з тоўстых прэнтаў. Абапал клеткі два ці тры сяржанты з пісталетамі, хаця іх можа быць і болей, калі машынка надта ж небяспечная… З пісталетамі, з гумовымі друкамі, электрашокерам, газ-балонікам і кайданкамі ў чорных скураных похвах.

Я прыплюшчваю вочы, пачынае мроіцца… Друкарцы выдзірае з яе сківіц літары супрацоўнік НКВД. Ламае ёй рукі-падвагі, выкалупвае вочы — на гузіках пад пластыкавымі кружочкамі фотаадбіткі. Калечыць, знявечвае машынкі па чарзе, спраўджваючы ступень віны па пратаколу адносна гаспадара: што за творы друкаваліся?

Машынка, яна амаль як чалавек, толькі механічны. Галава, рукі, няма толькі ног, ног, каб рухацца самастойна, падарожнічаць па замежных гарадах, самой збіраць уражанні для будучай кнігі. Ног, каб бегчы, каб адарвацца ад пераследу, знікнуць з вачэй усюдыбачнага НКВД. Яна вымагае чалавечых рук, каб надаць рух сваім думкам, каб ажыццявіць, зрабіць відавочнымі, рэчаіснымі задумы. Рук, каб як з дзіцём ці з катом уцячы ад небяспекі, каб схавацца разам — у бомбасховішчы або вясковай хованцы, у партызанскім лесе. Каб засцерагчыся, уратавацца ад нападу авіяцыі, ад пажару, ад карнай аблавы.

Я працягваю думаць пра яе, як пра жывую істоту. Язык яе татуіраваны літарамі — адным рэзкім рухам высмыкнуць белы аркуш з чорнымі адбіткамі, са словамі, фразамі. Учапіцца вачыма. У аркуш з маналогамі, размовамі, спрэчкамі. Са смехам, з лямантам, з енкам, віскатам. З лаянкай, з абурэннем, словамі падзякі, плачам… Яна не радыё, яна крыкма крычыць моўчкі.

У яе толькі лапкі нібы ў сфінкса, каб трымацца моцна на сваім месцы. Каб прырасці да стальніцы як грыб, хутчэй нават як дрэва, каб укараніцца трывала і даваць плады. Як у сфінкса або ў ката, калі ён сядзіць на жываце, а не ляжыць, тады яны ў яго робяцца падцятыя і кароткія.

Зняволеныя машынкі, забароненыя кнігі, спаленыя рукапісы. Мне пачынае думацца, што ўсё гэта — гісторыя нашага мастацкага пісьменства — кніжачкі выдадзеныя, недапісаныя раманы, арыштаваныя рукапісы, знішчаныя машынапісы, допыты, мардаванне, расстрэл аўтараў, арышт, гвалт машынак — з’яўляюцца не проста фантасмагарычнай дзеяй, а недарэчным, алагічным ланцугом падзеяў.

Перажываць за тое, што здарылася, прагна чытаць тое, што ацалела? Колькі можна? Навошта? Без сэнсу! Ці не лепей зашмаргнуць фіранку, апусціць заслону, узяць з шафы кнігі той краіны, дзе літаратура была літаратурай, кнігі — персонамі грата, аўтары — паўнацэннымі людзьмі, а не парыямі, не камікадзэ, не шыбенікамі? Дзе не хапалі машынкі, не трымалі за кратамі, не катавалі. Дзе літаратурай апекаваліся хто заўгодна, толькі не НКВД… Забыцца як на жахлівы сон, выкінуць з галавы падрабязнасці, сцерці змест. На халеру мне ўсё гэта? Не хачу! Досыць! Годзе! Да д’ябла!

Чаму, чаму ніхто не ўцякаў? Іх хапалі як трусоў! А ты хаця б паспрабуй, выйдзі здому, нібы на працу, а сам на станцыю. Ад’ехацца далей, сысці ў бязлюдным месцы і хутчэй у лес… Уцёкі з машынкай — як у сне, калі ногі не бягуць, па-здрадніцку падгінаюцца. Сабатаж, непадпарадкаванне! Ногі зрабіліся хадулямі, шарнірамі, амаль што мыліцы. Ты — жалезны дрывасек, які не змазаў сабе каленкі перад дажджом.

Новы паварот у думках: а раптам тыя, хто ацалеў, каго выпускалі пасля катаванняў, допытаў, каму пашанцавала, друкавалі потым даносы на калегаў па цэху, бо пісаць ад рукі не жадалі (а раптам потым — праз пяцьдзесят, сто гадоў іх вызначаць графолагі?). Органы НКВД проста так нікога не адпускалі, нікога ніколі не пакідалі ў спакою, калі ён ужо аднойчы трапляў ў іхнія сеткі, у іхнія пасткі. Асабліва падазрэнне выклікаюць тыя, у каго потым выходзілі новыя кнігі, гэта пасля допытаў у НКВД! Сам факт свежай кніжкі. Змест — зразумела быў які — хваласпеў, пакаянне. Хаця, пакаянне нават хутчэй на пісьменніцкіх сходах уголас, у цэнтральных газетах — крыкма!

Зрэшты, хваласпеву хапала й раней, да допытаў. Гэта называецца адчуваць скурай патыліцы, здаецца. Усхваляць рэчаіснасць, выкрываць ворагаў і ненадзейных, пры патрэбе выдумляць іх, нават часцей і перш за ўсё выдумляць, каб выкрываць, выяўляць энкавэдоўскую пільнасць на літаратурным фронце. Пагатоў што навокал арыштоўвалі, знішчалі ў газетах, на сходах, учынялі грамадскія катаванні, судовыя працэсы, кагось проста кідалі за краты, ссылалі да белых медзвядзёў ці расстрэльвалі. Карацей, яны аднойчы знікалі. А органы НКВД справаздачы не давалі. Тым больш у газетах не паведамлялася пра змест іхняй працы.

Лічбы, паказчыкі зрабіліся сэнсам і зместам. Болей чыгуна, болей вугалю! Хто больш зловіць, “расколіць”, забяспечыць “вышку”. Зрэшты, вышукваць, вылоўліваць нікога не патрабавалася, проста хапалі, арыштоўвалі — па начах бралі цёплымі з ложкаў, заспаных, зляканых, прыгаломшаных. Усе наіўна лічылі сябе нявіннымі, жылі спаралізаваныя страхам у чаканні: цот не цот, руская рулетка ў думках. Ніхто не рабіў спробы ўратавацца. Усе пакорліва чакалі сваёй хвіліны.