Сацыялізм — гэта ўлік і кантроль! Літаратурны аддзел спаборнічаў у гуманітарнай галіне з іншымі: колькі паэтаў, колькі празаікаў, колькі драматургаў удалося выкрыць, схіліць да раскаяння, прымусіць супрацоўнічаць! А на трыбунах: пісьменнік павінен працаваць згодна плану, як НКВД, як усе нармальныя савецкія людзі — ударнікі, стаханаўцы! Не спыняйся на дне сённяшнім, будзь відушчым, выкрывай будучых ворагаў, якія яшчэ не ведаюць аб сваім намеры. Ясна: выкрывай тых здраднікаў, што яшчэ толькі ў праекце, бо як НКВД будзь і ты на крок, на некалькі крокаў наперадзе! Пільнасць — у літаратуры самая надзённая задача.
Так, літаратура — гульня, але небяспечная, калі ў канцы заўжды прыходзіла НКВД… Я пачынаю нечакана паглыбляцца ў тэму, нібы сам думаў пра яе, але думаў падспудна, часам амаль незаўважна для самога сябе, як нябачнай бывае звычайна падводная плыня.
Следчыя ў пэўным сэнсе былі таксама сачыніцелямі, яны імкнуліся да дасканаласці прызнанняў, аповеду, галоўным аўтарам якога былі самі, нават калі подпіс стаяў чужы, ледзь нагрымзолены раструшчанымі пальцамі, якія яшчэ нядаўна чулліва датыкаліся да гузікаў машынкі, гулялі як па нотах па клавішах, мітусіліся, ператваралі звонку працу ў броўнаўскі рух, увасабляючы словы, што ўзніклі з думак, у канчатковыя адбіткі літар, танчылі ў хвіліны найбольшага натхнення, азарту, імпэтнай гарачкі. Мэтай зусім ананімных для нашчадкаў аўтараў, якія падпісвалі свае сачыненні ў гэты момант чужой зраненай рукой, было ўсё зрабіць падрабязна, з дэталямі, з матывацыяй і пэўнай, скажам, літаратурнай логікай, з эмоцыямі, з багаццем пачуццяў, з раскрыццём характараў, з нечаканымі ўчынкамі ў тэксце, галавакружнымі паваротамі сюжэта, напружаным развіццём дзеяння, з фабулай, якую часам сапраўднаму пісьменніку не ўдаецца вымысліць, вынайсці вельмі доўга і нават сасніць не заўжды атрымліваецца. Так-так, з глыбокімі маналогамі, жвавым дыялогам, з неверагоднай, папросту нялюдскай шчырасцю, з немым лямантам. Празаікі і паэты маглі толькі пазайздросціць, але пры іншых акалічнасцях, не ў той момант, калі іх малацілі ботамі.
Некаторыя аўтары раманаў-допытаў любілі скупы строгі тэлеграфны стыль, мову загадаў, вайсковых статутаў, неадкладных распараджэнняў, неаспрэчных камандаў. Іншым падабаўся больш багаты стыль, разнастайная лексіка. Асабліва калі раптам сутыкаліся сам-насам менавіта з літаратарам з вядомым імем, якога неабходна было адпаведным чынам апрацаваць, падрыхтаваць, схіліць, выклікаць добраахвотныя прызнанні. Каб стварыць супольны твор на зайздрасць саслужыўцам. Вы ж разумееце?! Як часам не разгарнуць паўлінавы, ці хай пеўневы хвост! Каляровае пер’е моўных знаходак, моцныя эпітэты, сакаўныя метафары, сінанімічныя шэрагі, фразеалагічныя скарбы мовы, не звярнуцца да смакавітай народнай гаворкі, да асаблівасцяў дыялектычнага маўлення, калі натрапіш на земляка, напрыклад. Мы таксама не лыкам шытыя, не толькі лаяцца ды пагражаць умеем, таксама Пушкіна чыталі і Горкага Максіма, Беднага Дзям’яна, Талстога графа нават. “Не магу маўчаць!” ён напісаў. І правільна, і не трэба.
Хаця не варта захапляцца празмерна: сярод следчых часцей трапляліся графаманы, якім не хапала густу, цвярозай самаацэнкі, самакрытычнага погляду на ўласныя опусы. Але так заўжды бывае сярод уласна пісьменнікаў. Аднак калі чалавек дарваўся да машынкі, да паперы, да рэдактарскай ролі, яго ўжо не спыніш. Ясна, такія не таленты, не геніі, хутчэй — шэраговыя майстры, рамеснікі. Іх, вядома, вабілі неадольна такія рэчы, як класавая барацьба на літфронце, унутры літаратурнага працэсу, у нетрах выдавецкага, у кнігазборах, кнігарнях, на сустрэчах з чытачамі, унутры твораў, у рукапісах, асабліва ў дзённіках, на пісьменніцкіх застоліцах.
Людзі ёсць людзі, яны кволыя, яны занадта жывыя, з плоці і крыві, з імі прасцей. Ідэя-фікс — выбіць, вытрасці паказанні з машынкі. Штосьці ж павінна заставацца ў памяці, як на капірцы — схаваныя тэксты, ператвораныя ў попел са страху творы. Сапраўдны страх — творы ненапісаныя, непрачытаныя, не прамоўленыя ўголас, недаступныя пабочным вачам, нікім не ўбачаныя, пра якія ніхто не даведаўся, не здаўмеўся нават. Толькі ўбачаныя надрукаванымі ў думках, унутраным зрокам, які здольны бачыць, чытаць у галаве. Затым — змікшыраваць, рассыпаць набор, заблытаць сляды, сцерці, забыць, задушыць у душы шкадаванне аб ненароджаным творы, аб забітым уласнай рукою рамане. Творы-фантомы, раманы-міражы, мары, мроі.