Выбрать главу

Пісаць у такіх умовах, сам занятак літаратурай — хаджэнне па лязу, няпэўныя крокі, балансаванне на канаце. Гульня ў ката і мыш, вечнае змаганне са страхам. Страхам, перш за ўсё не смерці, а — катаванняў. Гэта бывае страшней за смерць, якая — проста раптоўнае знікненне, ніколі не заўважаеш сам, не паспяваеш усвядоміць, адчуць. І нічога зразумець, толькі іншыя могуць гэта, якія бачылі цябе толькі вось хвілю таму звычайным, з якімі толькі што, напрыклад, размаўляў, смяяўся, абменьваўся поглядамі, утвараў адзіны жывы ланцуг, супольнасць, сябрыну.

Хтосьці сказаў: рай азначае адсутнасць выбару. Мы не можам вагацца: што рабіць з яблыкам? За нас вырашана: мы зрываем, адкусваем. Як зачараваныя. Але пекла — таксама месца без выбару. Выбар існуе толькі ў жыцці. Але яно нярэдка — зыбучыя пяскі. Мы ў нерашучасці: як зрабіць слушны крок? Ног толькі дзве, і разумных крокаў толькі палова прыблізна. І так будзе заўжды. Баяцца і пісаць, пісаць і баяцца, трымцець, забіваць у сабе страх, перамагаць уласную кволасць, маладушнасць, нетрываласць, патэнцыйны канфармізм, унутранага рэдактара, сябе-свайго цэнзара, ахвяру і ката ў адной асобе — у гэтым сутнасць творчасці.

А чаго баяцца яны, якія займаюцца сёння перападзелам пішучых машынак? І каго? Канкурэнтаў, заніжаных, на іх погляд, тыражоў і, асабліва, ганарараў? Зрэшты: што для іх найважней, найгалоўней — лічбы паасобнікаў, ці грошай? Хаця, яны, мабыць, застаюцца ў палоне старых стэрэатыпаў, колішніх ганарарных ставак, “відэльцаў”, абавязковай залежнасці другога ад першага. Цяпер інакш: сапраўдныя тыражы наўмысна заніжаюць, каб меней спагналі падаткаў, аўтару стараюцца толькі даць за рукапіс, скласці дамову, каб не ўзгадаць пра магчымы прыбытак ад продажу. Забіваць у сабе страх — няма такой патрэбы, баяцца за неабачлівае слова, за неадпаведны твор, супярэчлівы погляд на падзеі — у іх такой недарэчнасці проста не можа быць. Не дзеля таго яны машынкі пераразмеркавалі, дзяльбу бюстаў учынілі. Халера, ажно стаміўся ад думак!..

Дома сасніў штось дэпрэсіўнае, хаця хапала урачыстых фарбаў (сны нямыя), як у рэквіеме Моцарта ці ў любым іншым пахавальным маршы. Не адразу, але здаўмеўся, што збіраюцца хаваць пісьменніка-патрыярха з інваліднай каляскі, якога бачыў на ўстаноўчым сходзе, альбо кагосьці з яго паплечнікаў, з шэрагаў “старой гвардыі”, з лаўрэатаў Сярпоўскай прэміі.

Пешая працэсія, у руках кнігі, машынкі (калі прачнуўся, успомніў: чытаў аднойчы, што ён пісаў адначасова некалькі твораў, прычым кожны — на асобнай машынцы). Так, вядома, перад нябожчыкам звычайна нясуць узнагароды на падушачках. (А магчыма таксама, калі паміраюць музыкі, аберуч — гітары, вінілавыя кружэлкі, звычайна класічна чорныя, скрыпкі…) Здаецца, за нябожчыкам у зеўру зараз пакідаюць кніжкі ды машынкі — імянныя, антыкварныя, музейную калекцыю. Нічога не магу зрабіць, ад мяне нічога, як заўжды, не залежыць. “Усё! Знята!” Што гэта? І раптам усведамляю, што гэта крычу я сам: “Знята, знята! Сфільмавана! На сёння годзе!”

2007

СНЕЖНЫ ВЯЛІКДЗЕНЬ

Кантраснае апавяданне

Месяц мінуў, дакладна месяц як ты зноўку апынуўся дома, як даведаўся пра смерць суседа, з якімі былі прыяцелямі, але не сябрамі, як не стала таксама аўтара кніжак на тваёй паліцы Курта Вонегута і, нарэшце, як табе, Вітольд, споўнілася салідная лічба... Ты ўжо ходзіш кіламетрамі, працуеш як заўжды раней, толькі цягаць нічога і падымаць нельга. Ты можаш задаваць пытанні, фатаграфаваць, пісаць і успамінаеш тыя снежныя дні сярод вясны.

Я буду пятым, паздароўкаўшыся, паведаміў ты, займаючы сярэдні ложак справа ад дзвярэй, адзіны вольны. Сказаў і адразу змеціў пажылую кабету ў чорнай шаце. Другім разам трапляеш на аперацыю і сутыкаешся з каталіцкай манашкай. Хіба што някепская прыкмета, хоць і крыху дзіўнае супадзенне. Яе задача — сагітаваць на шпітальную імшу і споведзь.

Ты не быў яшчэ на велікоднай споведзі? Ну дык прыходзь абавязкова на “мшу свенту”. Ну, не ведаю. Чаму не ведаеш? Я толькі прыйшоў, у мяне заўтра аперацыя. Такая прыблізна размова. Яна не задаволена: ніякага плёну. Для яе жыццё — малітва, ёй незразумела, як можна не жадаць, перад выпрабаваннем пагатоў, спусціцца да ксяндза, які сам прыйдзе, паслуга “з дастаўкай на месца”, не жадаць паспавядацца перад хірургічным нажом злашча? Безвынікова, яна знікае за дзвярыма не з расчараваным, з незадаволеным выглядам. А на століку жмут вербачак — галінкі з пупышкамі і банцікамі стужак.