Выбрать главу

Хварэльня наводшыбе. Горад з адлегласці: сталагміты жылой забудовы, шэрасць, суцэльную бетоннасць якой расквецілі нядаўна фарбамі, каб воку было весялей, каб стварыць ілюзію сякой-такой разнастайнасці, каб па-магчымасці крыху палепшыць настрой. Нашая рака нябачная ў сваёй цясніне, але яна падзяляе шэрагі і купы дамоў-сценаў і гмахаў-вежаў на дзве часткі, з якіх складаецца горад. Групоўкі будынкаў рознай вышыні не толькі ствараюць у паветры няроўны краявід з бетону і цэглы, але й самі паўтараюць няроўнасці ландшафту рэчаіснага — табе вядома, што той вялікі гмах за ракой сапраўды займае адзін з пагоркаў узвышша, якое пазначана на мапах іншай фарбай і на якім разрастаецца ўшыркі горад. Там, за ракой, твой райскі куток, змазаная выява, нібы трапіла назад у праяўляльнік…

Табе ўсунулі ў азадак гумовы тонкі шланг, ты ляжыш на левым баку і адчуваеш, як імкліва напаўняешся вадкасцю, цябе пачынае раздзімаць, раптам табе здаецца з фізічнай выразнасцю, што з лабка дробнымі кроплямі, як праз душ пырскае вада, але дзякуй богу — не, толькі здалося, твой жывот яшчэ не сіта. Ты ледзь паспяваеш дабегчы да гаршка.

Ты злуеш на сябе, што выгаліў толькі месца для будучага разрэзу і пазнейшага шнару і што не браў брытву. І табе зараз выдаюць казённую, каб ачысціў увесь жывот да пупка і нават часткова згаліў расліннасць на нагах. Але ж! Тое самае мусіць выканаць сусед, хаця яму будуць рэзаць не жывот, а нагу. Ён пасміхаецца на ложку, што сястра пасля не выклікала яго на праверку, як цябе.

Не есці, не піць, а зранку — зноўку клізма. Ты нібы парожняя бутэлька. Але гэтым разам табе літасціва дазваляюць пакарыстацца гаршком на месцы — “у клізменнай”, на дзвярах напісана больш завуалявана — “маніпуляцыйная”. А затым вусаты анестэзіёлаг, які знянацку размаўляе па-беларуску, і чаканне дастаўкі. Першым забіраюць суседа. Трэба галяком забрацца на каталку і накрыцца коўдрай. Дзве маладыя кабеты чакаюць побач.

Дзверы, парогі, калідоры, павароткі, ліфты, паверхі. А з тваіх вачэй адплывае белымі няроўнасцямі, лямпамі, падзеленая дзвярнымі перамычкамі, зігзажная рака калідораў. Якіх вы мужчын сёння возіце! — чуеш ты ў руху, словы ўмэнт адлятаюць, застаюцца ззаду. (Якіх жа, цікава — вусатых?) Гэта сказана самай сімпатычнай і маладой медсястры Машы, якая кіруе каталкай. Нарэшце вялізныя плафон з драпінамі ў аперацыйнай, пад якім ты амаль што спрактыкавана перабіраешся з каталкі на стол.

Навокал мноства белых халатаў, апроч медыкаў, студэнты і студэнткі, а ты нібы паддоследная жывёла перад імі. У цябе быў падрыхтаваны маленькі план: каб не засяроджвацца на тым, што цябе рэжуць, працягваць думаць над апавяданнем пра “будаўнікоў бункераў”, якім займаўся напярэдадні. Напрыклад, прадумаць як Бабілонскую вежу з карціны Брэйгеля закапалі, толькі вяршыня — над зямлёю... Аднак хірург вырашыў, што аперацыя будзе пад агульным наркозам, і ні пра што думаць не трэба. Табе робяць ужо другі ўкол. Пяць-дзесяць-пятнаццаць, мабыць, хвілін, табе робіцца амаль няёмка: хірург не можа пачаць тлумачыць студэнтам, анестэзіёлаг ніяк не можа знайсці ў цябе прыдатную вену. Сітуацыя ледзьве не патавая.

Цябе нібы які механізм, машыну, падрыхтавалі да рамонту — злілі рэшткі паліва, алей, пачысцілі забруджаныя часткі. Абязрушылі. Адлучылі акумулятар. Ты — тулава, рэч, абалонка. Ты — прадмет, на які навострылі скальпелі, вочы і вушы, каб запамінаць. Навокал чакаюць, калі ператворышся ў нячулую калоду, калі яны знікнуць для цябе, а ты, прынамсі як жывая істота, аднолькавая з імі, — для іх. Час, час, ты затрымліваеш іхні час, практычныя заняткі ў студэнтаў таксама паводле раскладу… Наркоз — часовая бадай смерць, прынамсі адсутнасць, ты не жывеш, не існуеш, цябе няма. Знянацку знікаеш, не паспяваеш заўважыць. Ні таго, як пачынаеш засынаць, ні таго, як гасне свядомасць і ты адлучаешся. Гэтак, напэўна, наступае і сапраўдная смерць, лепшы яе гатунак — смерць хуткая і лёгкая. (Твая істота дае нырца і не вяртаецца на паверхню. Усё. Нябыт).

Ты разрэзаны і зашыты, знутры зацыраваны бы шкарпэтка, прымусам пагружаны ў сон і вызвалены з яго. Апушчаны (ці, наадварот, узняты?) у бязважкасць, у непадкантрольны табе стан, зноў набыў цяпер вагу. На некалькі дзён ты прыкаваны да ложка і будзеш залежаць ад іншых: пачысціць зубы, вынесці судзіну з мачой, даць піць, талерку з ежай, хаця не, ад ежы ты адмаўляешся: не дай божа на гаршок рабіць у ложку. Годзе з цябе старарэжымнага эмаляванага з шырокім хобатам нібы-чайніка, які з цяжкасцю нахіляючыся трэба браць з падлогі і прыладжваць да свайго апатычнага “васьміножца”.