Выбрать главу

Замяшанне на калідоры, чую чужыя каментары таксама, сам не здатны зрушыцца, хіба што здарыўся б пажар, землятрус, вайна. Звяглівы голас, скаргі, роспач, паўторы, паўторы, робіцца цяжка нават у зачыненым пакоі. Скандал у шпіталі яшчэ больш гнятліва дзейнічае. Да кагосьці прыйшла наведаць сваячка, але яна ненармальная, шкада, шкада, але хочацца, каб усё хутчэй закончылася. І табе паведамляюць, што прыбыла якаясь “брыгада”, енкі перапыніліся, засталося пачуццё прыкрасці і няёмкасці. Напачатку ўсе маўчаць.

І пачынаюцца доўгія, цягучыя, але часам дасціпныя, смешныя шпітальныя размовы. Андрэй, ты ў арміі татуіроўку такую зрабіў? А дзе ж яшчэ мазгоў хапіць магло? У Андрэя з пачуццём гумару ўсё ў парадку, табе такія падабаюцца. А татуіроўка — памежны слуп, шчыт, меч і, можна здагадацца, колішні бел-чырвона-белы сцяг — Андрэй тады служыў, калі на флагштоку над памежнай заставай часова лунаў менавіта ён, бел-чырвона-белы. Ты стараешся не паказаць свайго ў пэўным сэнсе захаплення. Але ў яго няма настальгіі, піетэту, ён узгадвае, як ім казалі боўдзілы прапаршчыкі: наш цяперашні штандар, ха-ха-ха, — “сала-мяса-сала”... Прапаршчыкі вучылі таксама гісторыі і ставілі на занятках адзнакі. Напрыклад, пытанне “на засыпку”: хто быў першым пагранцом? Адказ: Ілля Мурамец, на вядомай карціне ён ля памежнага слупа на кані разглядаецца навокал. Гэта — наш цяперашні герб, у сэнсе Мурамец на кабыле... А наступнымі пагранцом быў Фелікс Эдмундавіч, са сваімі чэкістамі з наганамі і маўзерамі.

А што яшчэ цікавага расказвалі прапаршчыкі? Што Георгі Скарына друкаваў буквар для рускага цара, каторы вызваліў яго родны Полацк, а імператрыца ўсім давала налева і направа забясплатна і давялося ўрэшце прадаваць Аляску Штатам: “Мін херц, мін херц, што па-нашаму самі знаеце што”, паўтараць гэта самім вучыцелям падабалася асабліва. Табе здаецца, што грошы за Аляску выручыў нейкі з цароў, прычым у пазнейшыя часы, але слухаць цікава, ты ў прапаршчыкаў не вучыўся, тым больш “беларускай гісторыі”.

А што расказаў ты? Фабулу албанскага фільма, што атрымаў Венецыянскага льва. Малады немец падарожнічае па Албаніі. Уласна кажучы, ён набыў за трыццаць марак бункер, бетонны каўпак, які на савецкім грузавіку сталінскіх часоў яму вязе да марскога порта ягоны мясцовы равеснік. Сонца, неба, прыгожае мора і занядбаны няўтульны берагавы краявід, уздоўж якога бясконцым ланцугом — бетонныя бункеры, якімі пры камуністах забудавалі ўсю краіну наўсцяж. Дзве дамінанты: кіламетрамі груды смецця ды шэрыя бетонныя каўпакі, і гэта на фоне жылых кварталаў, уласна спальнай забудовы. Нэндза ў албанскіх хрушчоўках, “калахі” пад ложкам, сталінская статуя, якую вязе цераз горад, вызваліўшыся ў порце ад бункера, старэнькі “ЗіС”, Ёсіф Вісарыёнавіч ляжыць у кодабе на спіне, рука тырчыць у неба, быццам той “калашнікаў”. Зрэшты, з цябе кепскі апавядач, твая стыхія — словы на паперы.

Ляжыш на шпітальным ложку і адчуваеш, як робішся бадай больш зграбным, і бачыш гэта — як худнеюць твае ногі і рукі. (Мара лайдакоў, худнець, не робячы намаганняў). Не бачачы, здагадваешся, як выцягваецца твой твар. Гэтак стайвае ў цяпле эскімо, меншае спакваля снег, знікае лёд… Пасля вячэры калектыўнае разгадванне крыжаванкі: улюбёнае віно Сталіна, самурайскі меч, іншая назва дэтэктара маны. Уначы сон — пакроеныя лімоны, апельсіны, сцюдзёная вада, засмяглыя вусны, матывы “Планеты людзей”.

Сталоўка, першы твой абед стоячы, вас такіх некалькі, улучна з тым, хто ачуўшыся на хірургічным стале патрабаваў кнігу скаргаў, кашу ён ганіць, але патрабуе паболей у салдацкую талерку. Над домам бацюшкі ўтульны белы дым з коміна, пачынаеце ўголас уяўляць, якія павінны на свята там гатавацца кулябякі смачныя, распальваеце свае кулінарныя фантазіі. Андрэй без уступаў агучвае ўспамін як давялося быць хросным: бацюшка кажа — “Вой, штось галовушка мая разбалелася пасля ўчорашняга, гарэлачка не перашкодзіла б, не токма кагор. Пяць вянчанняў за раз — не жартачкі жартаваць…”

У здаровую канкурэнцыю за хворых уступае праваслаўны бок, аднапалатнікі прыносяць навіну: прыходзілі два мужчыны з крыжам у драўляным футарале і чамусь у камуфляжы, прынамсі адзін з іх. А неўзабаве расчыняюцца дзверы і незнаёмая дзяўчына ў хустцы цягуча-напеўна паведамляе, не звяртаючыся ні да каго асабіста, што сёння можна будзе замаліць свае грахі, бацюшка чакае ў актавай зале. Вочы яна чамусь адводзіць убок. Здаецца, такое агульнае запрашэнне не выклікала ў аднапалатнікаў імпэту неадкладна паспавядацца. Некалькі хвілінаў, і бачу на парозе ранейшую каталіцкую манашку, нават не заходзячы, яна азірае пакой, спыняецца на мне і незадаволена знікае, не пачынаўшы сваіх угавораў.