Выбрать главу

Вось несур’ёзная вайна, камічная, у аўтара атрымалася як мае быць, можа яна ў ім сядзела, задума яе, сцэны, персанажы, калі кароль замаўляў яму сваю паэму, якую паэт-біскуп пачаў пісаць насуперак той, што была ў яго ў галаве, змагаючыся з супрацьлегласцямі. Зусім не выключана. Перад вачыма адно, а ў кроплі чарніла на вастрые пяра — іншае. Так-так, зусім не выключана, што казаў сабе: трэба пастарацца, трэба намагчыся, каб выканаць замову і хутчэй узяцца за яе, сваю “Вайну мніхаў”, якая парушыла іхні “салодкі рай” і ў якой замест гарматных куляў ужываліся пыльныя фаліянты, каторых не чыталі болей, ленаваліся насельнікі кляштараў, бо іх даўно болей вабіла ежа фізічная, рэчаісная, вінцо, моцныя трункі і лайдацтва таксама. Асабліва гарэлка кменная ды ліквор празрысты, як сцвердзіў паэт у сутане. Так-так, яны часцей кленчылі перад шэрагам гарнцовых куфляў, чымсьці ля ног распятага. Карацей, таленавіты і папулярны паэт бліскуча апісаў хатнюю вайну паміж двума кляштарамі, у якіх зіму-лета хадзілі ў сандалях з драўлянымі падэшвамі, на жабрацкі капыл, “вайну жорсткую без зброі і мяча”, “рыцараў босых і голых”, “вайну манаскую”.

І прыкрым момантам здалося адназначна тое, што напісаў яе, тую зласлівую паэму біскуп-творца, бавячы свой час у палацы Фрыдрыха Другога ў Берліне прускім. Пры двары Варшаўскім, само сабой, раўніва паставіліся да першых жа радкоў, з якіх празрыста вынікала, што дзея магла адбыцца у кожным месце Рэчы Паспалітай, хаця б і ў гарадзенскім, крыху раўніва падумалася Станіславу Аўгусту пры ўзгадцы пра радкі:

“Старое замчышча, журботная пустэча — Існуюць тры карчмы, разваленыя брамы, Дзевяць кляштораў і лічба пэўная дамоў”.

Кароль машынальна пачаў пералічваць кляштары гарадзенскія: досыць, сапраўды. І ў крыху завуаляваным кампліменце сабе далей прачытаў штось панібрацка-малапрыемнае, радкі самі паўтараліся-адбіваліся ў памяці, як жа там напісана было ад імя лайдакоў-мніхаў:

“Згары звычайна дакляруюць прыклад абы-які, Адтуль ідуць прычыны нашага няшчасця. О ты, які цяпер на польскім сядзіш троне, Вядома: мёду ты не любіш і не любіш віна!”

І далей зусім ужо якімсь нізкім, карчомным стылем — што п’янства пры табе канае, што маеш густ да кніжак, а піўныя ў заняпадзе, што адарваў ад куфляў, шклянак, бочак свой люд, а сам у жыцці бадай ніколі не напіўся!.. Гэта ўжо гучаць словы самога аўтара. Непатрэбны рэверанс бадай, зморшчыўся кароль у думках, пахвальба, зрэшты безасабовая, без надрукаванага імя, але якаясь нягеглая пахвальба, ад якой толькі пачуццё прыкрасці. Лепей нічога не пісаць, як такія радкі. Што праўда, зроблена “Вайна мніхаў” жвава і ў большасці месцаў нават бліскуча, яна сама чытаецца, прычым пачынаеш, не задумваючыся, вымаўляць радкі ўголас. “Антывайна мніхаў”, якую аўтар напісаць па часе мусіў, каб падставіць тарчу на шляху крытычных стрэлаў, яна была ўжо іншым складам скроена, паважна-бесстароннім, але і менш чытэльным, не, не цяжкаважна, але без прысмаку эмоцый, без жарынак, без іскрыстасці, нібы ўсё тая ж хоцімская пра вайну паэма.

І што яшчэ амаль з зубоўным болем успрынята стала, што біскуп-творца, што салдафонства не цярпеў, знайшоў агульну мову з прускім каралём, пасля разбору Першага стаўшы яго падданым. І абурыла што зусім усю Варшаву, Горадню і Вільню, што выглядала справа як спаборніцтва паэтаў, неверагодна! Спаборніцтва у пасквілях на Польшчу! Біскуп: я напішу пра мніхаў ваяўнічыя справункі, а імператар — што ж, тады мая паэма называцца будзе “Вайна канфедэратаў” і не інакш…

Хаця мы скажам, што Станіславу Аўгусту было даволі зразумела: усе паэты бадай аднолькавыя, ці паэт у сутане, ці з аксельбантамі, напрыклад. Славалюбства іх яднае, славалюбства і прага чытачоў паболей мець. Фрыдрых ІІ прымаў гасцей шыкоўна, і ці магло не палесціць паэту-біскупу, што яму выпала займаць пакоі, у якіх раней гасцяваў, запрошаны да прускага двара аўтар разглоснай “Арлеанскай дзевы”, сам Вальтэр? Распаўсюднік вальнадумства, лібертанскай мыслі!

Апошняй кропляй, што разражніла караля, намёк якісь блазенскі ў “антыпаэме” біскупа, другой па ліку ў сэнсе, што датычыла манаскіх проста кажучы “загрудкаў”. Пад выгукі “Да зброі! Так, да зброі!” стаўляюць збан вялізны на чатыры гарнцы, а на ім — у выглядзе аздобы прылітаваны злотыя і срэбныя таляры з тварамі, а менавіта — “Жыгімонтаў, слаўных Уладыславаў”, а таксама, само сабой, і “Пястаў, Ягелонаў, Вазаў”. Маўляў, такімі збанамі калісьці бацькі нашы любілі выпіць, не смуткуючы залішне. Нібы звычайныя радкі, але для караля апошняга — намёк, намёк на тое, што побач з іншымі няма манеты з яго тварам, неваяўнічым тварам караля, што любіць мову музаў, а не гарматны голас-рык.