Так, любіць музы, але зноў жа прайграе: Вальтэр у Фрыдрыха гасцюе, Дзідро — у Кацярыны, а Русо, Русо павінен быў у пушчы Белавежскай быць, паблізу Панятоўскай жыць і цешыцца з натуры нечапанай, з нерушы літоўскай. І што ж? Не выйшла з гэтага нічога. Не бачылі Жан-Жака ні Горадня і ні Варшава. А тут вазьму я голас зараз, каб выказаць уласны погляд на падзею, што не адбылася, а магла адбыцца стараннямі, як нам вядома, Тызенгаўза Антонія, галоўнага у каралеўскай Горадні распарадчыка жыццём і будаўніцтвам-пашырэннем яе межаў.
Мы сёння, што цалкам натуральна выглядае, шкадуем вельмі, як уведаем, што не прыехаў сам Жан-Жак Русо, які паабяцаў, але змяніліся абставіны, а інакш мы б ганарыліся, што ён бываў у нас, што ашчаслівіў каралеўскі двор, што публіку парадаваў-пацешыў у Горадні над Нёмнам, апынуўшыся праездам у лясны прытулак свой, часовы, зрэшты, але не бяда, паколькі пушча стала б знакамітай на вякі не дзякуючы тым царам, генсекам, якія прыязджалі забіваць зуброў нашых, дзікоў, казуляў і сахатых, а дзякуючы ўсё ж яму, вядомаму пісьменніку і вальнадумцу, і шанавальніку прыроды-маткі нашай. Калісьці сама спадарыня дэ Эспінэ пабудавала для Русо на скраю свайго лесу ў Манмарансі дом-рай, названы Эрмітажам. Ды штось натура натурылася яго, штось муляла, таму свой адмысловы рай, пакрыўдзіўшы спадарыню дэ Эспінэ, пакінуўшы, ён перабраўся — побач — да мецэната у асобе герцага, які зафундаваў яму жыццё ў аслоне дрэў, дзе ўсё пайшло на слушную дарогу, дзе напісаў сваю ён “Элаізу новую” плюс “Эміля”… Вось жа і мы не проста шкадавалі, што гаворыцца абстрактна, а страчанай магчымасці шкада было нам. Вось прыкладам, каб напісаў Жан-Жак Русо у пушчы Белавежскай нашай штось знакамітае адразу ці пазней, вось ганарыліся б нашчадкі літвіноў пушчанскіх, дый не толькі — таксама гарадзенскіх, а ў асаблівасці ўсе тыя, хто моліцца на дзеі тых часоў і на людзей, хто пашыраў Гародню, хто праслаўляў яе, хто пакідаў ёй месца у аналах часу.
Аднак усё не вельмі ясна, апроч радка аднога: што вось Антоні Тызенгаўз са згоды караля, з Русо Жан-Жакам зрабіў дамову, што той прыедзе жыць і дом яму на скраю пушчы падрыхтаваў. І потым штось тлумачаць цьмяна-невыразна: якісь паляк славутага француза ашукаў, расчараваўся той і не прыехаў. Аргументацыя і тлумачэнне нядосыт пакідаюць, што зразумела і без лішняга абгрунтавання. Але задумацца: ці дапамог бы нейк сваёй прысутнасцю у нас, ці пасабіў бы, паспрыяў Жан-Жак Русо становішчу і сітуацыі вядомай, і нават рэпутацыі, што склалася, што існавала, і прыгнятала ў Гародні ўсіх свядомых патрыётаў, не толькі караля? Сын знаўцы механічнага жыцця гадзіннікаў і навучальніка — як танцаваць? Ці мог ён стрэлкі часу нейк скарэктаваць, злагодзіць іх хаду, нашараваць на вежы цыферблат, каб ззялі лічбы, каб рух у небе не азмрочваў, а натхняў? Наўрад — адказ мой так гучыць — наўрад.
Згаджацца можаце са мной, ці не згаджацца, такі я чалавек: палітык ён, паэт, не важна хто, але — калі ў паводзінах фігляр, зласлівец, ды што там гаварыць — пачвара, пачварай застанецца для мяне, зусім не важна — праклаў ён аўтабан, ці збудаваў палац, ці вершык напісаў, як шэпчуцца навокал, што надта ж геніяльны… Пашанцавала нам, што не прыехаў Жан-Жак Русо, дальбог пашанцавала. Той выпадак, калі, як кажуць, ён дапаможа што хваробе кашаль. Няўжыўчывы скандальнік, нервовы, недаверлівы, надумлівы і падазроны, пужлівы невымерна, але не толькі — няўдзячлівы і беспардонны, бязлітасны да шанавальнікаў сваіх, сяброў і мецэнатаў. Што яшчэ? Ён усе часы ўцякаў, напэўна ад сябе самога, бо кожны новы раз хтосьці даваў яму і дах, і стол, паперу, а што яшчэ патрэбна, каб пісаць? Але як вецер быццам гнаў яго адгэтуль і адтуль. Жан-Жак Русо? Грэблівасць, пагарда, пыха, ганарлівасць, так, фанабэрыя і несусветны эгаізм. Прырода знішчыла ту форму, з якой яго адліла, каб застаўся ў адзіным экземпляры — на ўсе часы — як пахваляўся ён публічна. Так-так, ён не такі, як людзі ўсе, ён не цярпеў каменных гарадоў, іх сцены, вежы, іх шум і гвалт, язду карэт па бруку, празмерны баляў бляск, ненатуральную прытворную размову, густую гаману званоў ў паветры, але, што не сакрэт, ён прагнуў славы ў тых самых гарадах, не толькі ў іх, у краінах усіх Еўропы цэлай, і ў Амерыканскіх Штатах за акіянам, што абвясцілі аб сваёй свабодзе ад каралеўскіх ланцугоў.