Выбрать главу

Не хочацца мне быць празмерна суб’ектыўным, але, сябры мае, мой клопат тут пра караля, манарха нашага, што сціснуты быў у абцугах падзей і закулісных дзеяў. Канечне, гэта на паверхні: яму здавалася, ён адчуваў ускосна падабенства лёсаў — Жан-Жака і свайго, манаршага. Устурбаваны памфлетам на сябе, бязлітасным і жорсткім, Жан-Жак Русо стварыў адповедзь, ад абароны перайшоўшы ў наступ у сваёй манеры уласцівай. Вось і кароль наш, каб патлумачыць непрыяцелям сваім, таксама і хаўруснікам у пэўным сэнсе, брашуру напісаў і ананімна уласным коштам ціснуў, натхнёны ў пэўным сэнсе творамі манархаў іншых, моцных, але таксама споведдзю яго, Жан-Жака. Яго, з якім ён згодны быў у тым, што ўлада і асвета ў адных руках павінна быць манаршых, каб поступ быў наперад. Так-так, усё гэта вядома: Вальтэр той у Берліне пры двары гасцюе, Дзідро, што не сакрэт, у Пецярбургу, а вось Жан-Жак, ён не прыехаў. Дык дзякуй Богу, я хачу сказаць, не адмаўляючыся ад свайго пераканання. Гэты візіт мог мець два вынікі ў той час здаецца мне: рэўнасць, што вырашыў сябе паставіць упоравень з каторымі, хто вырашаюць лёс яго і лёс яго дзяржавы, Рэчы Паспалітай — гэта адно, другое — скандалам магло закончыцца для караля такое запрашэнне, ды што скандал, і пасквілем таксама — з-пад рукі Жан-Жака, прыклады вядомы ўсёй Еўропе былі. А тут я стаўлю кропку, усё, я ўсё сказаў. І можаце згаджацца альбо не, то ваша права.

Паэтычны склад, расповяд мой змяняецца, я вяртаюся, не ведаю, з неба на зямлю, прынамсі з гістарычных мрояў, летуценняў у дзень сённяшні і на цяперашнюю глебу, на сучасны грунт, на гарадзенскі брук наш, праз дзвесце дзесяць год пасля сканання караля ў выгнанні, у ганаровай высылцы, у пазлачоным палацы-клетцы. Дык вось: здаецца, сёння сонца, цёпла, а буры гістарычныя набылі іншы кшталт.

Мой каралеўскі горад для мяне тэатр — тэатр у звычайным разуменні і тэатр, дапусцім, гістарычны. Калі гляджу спектакль, мае вочы, вушы, мая уява, розум, мае думкі — на сцэне, я засяроджаны на дзеі, на рухах, галасах, словах, змесце размовы, на прыдуманым, напісаным, адасобленым ад звычайнага, штодзённага жыцці, канал пераключаны. Я на іншай хвалі радыёэфіру, я не жыву сам, я ператварыўся ў слых, у зрок, сам я маўчу, цяпер не мая чарга. Я апынуўся ў цёмнай зале, рампа высвечвае тое, што адбываецца у вымысленым свеце, які пазбаўляе ад нашых клопатаў і турбот, ад страхаў і болю. Рэальнае жыццё пакінута часова, забыта нават за тэатральнымі сценамі, як вопратка ў гардэробе.

Так-так, але не заўжды мяне задавальняе гульня, савецкая школа, “не веру, не веру!” часам паўтараю моўчкі, але мне хочацца гаварыць зараз пра спектаклі ўдалыя, якія падабаюцца, а такія ўсё ж здараюцца, нават немудрагелістыя, штось з Мальера, напрыклад, што некалі глядзеў у тэатры Тызенгаўза сам кароль наш. І некаторыя акторы, больш сталыя звычайна, выклікаюць часам проста задавальненне, радуешся за іх і за сябе, што прыйшоў, не памыліўся, бо ходзіш у тэатр нячаста, выбіраеш спектакль, узважваючы, няспешна, як кнігу ў кнігарні, заходзячы некалькі разоў, каб пераканацца канчаткова, каб упэўніцца, каб не схібіць. Так кароль калісьці наш узважваў, прадумваў, спрабаваў пралічыць свае крокі, каб прадбачыць магчымыя вынікі і пазнейшыя наступствы, але памыляўся, хібіў, прайграваў. Аднак на каранацыі ён жа сказаў: “Прысягаю Богу і шкадаваць таго не буду…” Шкадуй не шкадуй, выбар зроблены, словы сказаны, крокі прадпрыняты, пастаўлены подпісы, змацаваны пячаткамі, упісаны радкі ў гісторыю і перапісаць гэтага не дадзена, штось змяніць, падкарэктаваць, справіць памылкі, бо твае памылкі (у становішчы яго, караля) залежаць не толькі ад цябе самога. Гэта што датычыць сапраўднай гісторыі, яе істоты, таго, што адбылося, як было пад Богам, але ж Ён не скажа, а нам самім не проста цяжка, а бадай немагчыма даведацца не так усёй праўды, а толькі хаця б сукупнасці фактаў, найбольш поўнай па магчымасці. Бо што такое праўда? Хутчэй нам хочацца нават не яе, а — ісціны, што, зрэшты, амаль адно й тое ж. Нам хочацца сапраўдных ведаў, але дакументы — адны не захаваны, іншыя страчаны, трэція сфальшаваны. Адно забыта, іншае раздзьмута, трэцяе скажона, пераблытана, перахлушана. Архіўныя прагалы, белыя плямы. Зацятасць, неаб’ектыўнасць мемуарыстаў, наўмысныя маніпуляцыі з фактамі, чужынскія і свае, але палітычна адрозныя, палярныя погляды на дзеі мінулага, урэшце цэнзура ў чыстым выглядзе. І вось ужо невядома — што праўда, а што — праўдападабенства, чаму даваць веры, а што адмаўляць ці аспрэчваць. Такая наша гісторыя.

Я сам сябе прыгаломшваю, заганяю ў кут такімі беспярэчнымі сцверджаннямі, такой фатальнасцю, безвыходнасцю. Выбачайце. На мяне папросту паўплываў прыклад лёсу нашага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ворагі якога вылучаліся надзвычайнай зацятасцю і таксама пладавітасцю, што да мемуараў. Самыя непрадузятыя звесткі, як ні дзіўна, пакінулі замежнікі, нават прадстаўнікі суседніх дзяржаў-драпежніц, у іх не было нянавісці да манарха Рэчы Паспалітай, яны проста сумленна выконвалі сваю ролю, місію, працу, ім не патрэбны былі плёткі пра караля, чуткі і чорна-белыя меркаванні яго праціўнікаў. У рэшце рэшт, не зважаючы на ўсю мемуарную пісаніну, нам дакладна вядома — калі, дзе і як адбылася каранацыя Станіслава Аўгуста, якія падзеі здарыліся пазней, і як ён быў дэтранізаваны, дзе, як і калі памёр. Апошнія мае думкі вяртаюць мне раўнавагу, якая была пахіснулася хвілёва.