Выбрать главу

Мае думкі пра караля пачынаюць прытупляць мой слых, ён змяншаецца і, каб адключыцца зусім, як бывае з радыё, больш дакладней — з тэлевізарам — вы яшчэ бачыце, але нічога не чуеце, і я не чуў, я засяродзіўся ў сваіх думках, я змяніў на хвіліну эпоху. Прызнаюся, эпоха апошняга караля, яна не толькі для мемуарыстаў сталася ўрадлівай глебай, пасаджаным у Горадні пры Станіславе Аўгусце батанічным садам і зашклёнымі цяпліцамі, дзе было ўсё — ад сціплых палёвых кветак да архідэяў, ад цыбулі і часныку да лімонаў з ананасамі. Але трэба сказаць, я не бачу для сябе празаічнага палатна, калі нехта здолее — калі ласка, але баюся, што час кніжных эпапей мінуў, так і не пачаўшыся ў нас. Пры сваім скептыцызме я, аднак, бачу кінасерыял, толькі не зусім ужо мыльную оперу, так-так, серыял пра час каралявання Станіслава Аўгуста Панятоўскага, настолькі насычаны, нібы хімічны раствор у лабараторнай судзіне, разнастайны і моцны як экзатычны кактэйль.

Варта толькі падумаць пра караля, пра тэатральную сцэну, пра дыялогі на паперы, якія ўзнікаюць часам з нічога і крок па кроку, паступова ператвараюцца ў спаборніцтва думак, меркаванняў, ацэнак і прысудаў, што броўнаўскі рух у маёй галаве спачатку нагадвае той навуковы булён першапачатковы, сусветны акіян у час нараджэння жыцця з хімічных рэчываў. Адчуванне змрочнага цяжкага неба, набрынялага вільгаццю, мяхі якога працінаюць гіганцкія маланкі, грымоты прыгаломшваюць — гэта не канец свету, а толькі пачатак, хаця катаклізмы нам, сённяшнім, могуць нагадаць якраз заканчэнне яго, апошнія дні ўсяго існага, аднак насамрэч гэта, наадварот, толькі паўстае жыццё, якое будзе наўслепа кідацца ўгору, у нечаканыя бакі, удол, ствараючы ад дробных павукоў да валатоўскіх яшчараў. Гэта тэатр, тэатр жыцця, а “Горадня” — назва толькі аднаго асобнага, адной тэатральнай сцэны, трупы, а я, спачатку проста глядач, разявака, які трапіў на прадстаўленне, святло раптам пагасла. Трапіў па контрмарцы ці, хутчэй, дзякуючы журналісцкай картцы, я спыняюся на хвілю, каб адаптаваць зрок, пачынаю намацваць падэшвамі падлогу, прыступкі глядацкага амфітэатра, напружваю міжволі вочы, нібы выкарыстоўваючы прыладу для начнога бачання. Так-так, сцэна мяне пакуль не цікавіць, мая справа — знайсці незанятае месца сярод гледачоў, хай нават прыстаўное крэсла, часова ўзятае з грымёркі, ці з рэжысёрскага пакоя.

Калі я гавару “тэатр”, а затым вымаўляю “кароль” і дадаю — “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі”, адбываецца неверагоднае, думкі зачынаюць віраваць, чорнае неба знянацку спярэшчана метэорным дажджом, так-так, спачатку ў руках я трымаў крэсіва, звычайную нават скалку-крэмень і вось ужо ўсё ўваччу іскрыцца бенгальскімі агнямі, выбухае феерверкамі. Я стаю ў спалоху: што я нарабіў, што здарылася, ці не згарыць цэлы горад, як ў 1885-м і як раней здаралася неаднойчы? Так-так, я нічога не разумею, дакладней я купую думкі, парадкую як магу, спрабую засяродзіцца, я шукаю цвёрдай глебы, але гэта дрэнна атрымліваецца. Мяне адно крэпіць думка, што іскры — халодныя, што агонь — штучны і побач няма пораху ці сена і нават бензіну, бо войска забрала коньмі гарматы і пакінула гарадскія межы, тое, колішняе войска або войскі, бо пры Станіславе Аўгусце Панятоўскім іх таўклося, пся крэў, некалькі.

Так-так, наш кароль апошні да тэатральнага раствору — рэдкі дадатак, бо выклікае нечакана бурную рэакцыю, адчуваеш сябе нібы алхімікам, вучоным Ціха Браге, які пакінуў тэлескоп часова дзеля алембікаў, рэтортаў. Не-не, я не такі наіўны, мы жывем у сённяшнім часе, і на філасофскі камень ці на золата не разлічваю, але я ведаю, я папросту перакананы — тэатральны раствор здзівіць, уразіць чарадой пераўтварэнняў, рэзкімі колерамі, зменай станаў рэчыва, бачных выразна чалавецкаму воку, якімісь аблокамі зацвярдзелага дымнага бялка, што трапіў у кіпень скрозь сетніцу расколін у шкарлупінні яйка, ён крыху спалохае затым рэакцыяй імгненнага росту нібы-марскіх каралаў, дый мала чым яшчэ, хіба магчыма гэта ведаць наперад? Старадаўнія алхімікі ў чаканні цуду, нібы дзеці сёння, што прыглядаюцца хімічнай мазаіцы ў судзіне з тоўстага шкла, каб яна не выбухнула ад непрадбачнага спалучэння рэчываў ці праз выпадковы кірунак звычайна непрадказальнай ланцуговай рэакцыі. Вось такімі менавіта мне бачацца тэатральныя сцэны з эпохі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго асабістага жыцця, дзе віно, і порах, і яд.