Выбрать главу

Месяц травень, нечакана месяц узгадак пра караля, месяц квецені і начных прымаразкаў, гвалтоўных вятроў і першых дажджоў з градам, квецень змывае з белых купаў дрэў быццам шумавінне з пляжнага пяску, застаюцца рэшткі, на якія апошняя надзея. Так-так, гэта месяц караля і не толькі для мяне аднаго. Ён, гэты месяц, насычаны падзеямі, дзе так ці інакш закранаецца яго імя, яго чыны, яго час, нібыта закончылася бескаралеўе, замоўчванне, нябыт. Хай на некалькі дзён, у асобным месцы, для некалькіх асобаў, і сярод іх быў я і я паспрабую, хай не Гораду і Свету, але паведаміць, агучыць, звярнуць увагу…

Калі сам пра сябе брашуру ананімную зрабіў, значыцца самотны, значыцца без моцнай падтрымкі, не цалкам упэўнены ў сабе, бо перашкаджаў збег акалічнасцяў, зацятасць ворагаў, ланцуг падзеяў, абставіны, што абярнуліся супраць яго. Фіяска. І сёння ў нас здараюцца крушэнні надзеяў, краіна нашая, яшчэ не прызвычаіўшыся як мае быць да свайго рыцарскага заступніка, яшчэ не адчуўшы па-сапраўднаму волі, не навучыўшыся як след дыхаць напоўніцу, яна, прачнуўшыся аднойчы, убачыла на кані не шляхетнага рыцара, а боўдзіла з гумовым друком, адчула на сваім карку цяжар несвабоды. Ці няможна нам шукаць падабенства свайго становішча, свайго унутранага стану сёння, адчуванняў, спробаў дзеянняў з яго, каралеўскімі? Я не параўноўваю сябе з ім, як з каралеўскай асобай, у мяне няма намеру прыладкоўваць сабе ў думках карону, прымерваць плашч з гарнастаевай мантыяй, шаблю, я толькі магу зрабіць параўнанне як чалавека з чалавекам, як гарадзенца з гарадзенцам. Урэшце ён быў творчай асобай, аўтарам, рэдактарам, выдаўцом.

Кароль наш не здраднік! Кароль наш ахвяра! Не верыце? Не хочыце задумвацца? Адварочваеце твары? Вам больш падабаецца здрадная маска? Давайце, давайце, начапіце сабе, замяніце часова твар маскай здрадніка! Кожны можа уявіць сабе яе па-свойму, але — абсалютна канкрэтная дэталь — гэта маска здрадніка-караля, не абы-якога. Знаю-знаю, вам яе ўявіць значна лягчэй, непараўнаўча! У вас, даруйце, адбітак у мазгу — гэтыя, ясна, няшчырыя вочы, гэтыя скрыўленыя вусны, вусікі, вам нічога прыдумваць не трэба, напружваць лішне галаву. З ахвярай, зрэшты, таксама не зашмат клопату, маска ахвяры вам таксама добра-добра вядомая, не толькі ў чорна-белай кінахроніцы, напрыклад, вы самі ахвяры на кожным кроку, часам дробныя ахвяры і, хай несвядома, вам не хочацца браць у рукі менавіта гэтую маску, бо яна можа прырасці і ўнутранае зробіцца вонкавым натрывала. Па-другое, вельмі зручна: герояў, здраднікаў, ахвяраў лічаць паводле друкаваных, выбітых у чорным граніце літар, прысудаў, паводле клеймаў чорных, ад якіх рэзкі пах гарэлага мяса. Нязручны, непрыемны, прыкры, нясмачны, неядкі, араганцкі пах!

Фэ-фэ, ах, дзе мой веер, а мая ружовая вада, мон шэр? Ніхто не задумваецца з той нагоды, што ахвяры робяцца катамі, а каты — ахвярамі, а героі-каты, героі-ахвяры? Кароль Станіслаў Аўгуст не быў героем, але не быў таксама здраднікам і — пагатоў — катам. А гэта не падабаецца, вой жа як не даспадобы. І я, хай толькі ў думках, апынаюся ў Новым каралеўскім палацы над Нёмнам у атачэнні прыдворнай публікі, навокал што я бачу? Фанабэрыю, пыху, самазадаволенасць. Так-так, манерніцы, крыўлякі, уздыхі, смяшкі, грымасы, твары — тэатральныя маскі. Ах, ім не падабаецца нос Сірано дэ Бержэрака! Іх, фэ, непрыемна здзіўляе, што кароль заўжды без парыка і ніколі не гуляе ў карты, ніколі, панове! Як можна не гуляць у карты, што ж яшчэ рабіць, як бавіць час, чытаць газету, якая выходзіць толькі раз на месяц? Кароль не любіць палявання. Невытлумачальная справа, дый годзе, дзівакаватая прыхамаць. Мне хочацца перарваць шаптанне, незычлівыя погляды, з’едлівыя чуткі. Я выгукаю: спадарыні і спадары, спадарства! Цішэй, далікатная просьба цішэй! Я хачу крыху пафехтаваць з любым з вас, хто зласліва называе Яго мосць караля здраднікам, хто п’е келіхамі яго віно, а яму жадае цыкуты. Мне ўсё роўна, любы хай выходзіць спадар, мы ссунем сталы, мы папросім аркестр памаўчаць. Мы не абавязкова да смерці будзьма дуэляваць, хай да першай крыві… Я пачынаю адчуваць, што не цалкам пераканаўчы, я хапаю ў лёце раптоўна птушку-думку — а ці шчыры я дарэшты, ці нагэтулькі зацяты, каб варушыць гістарычнае апалае лісце, спрабаваць выкрасіць іскру, запаліць свечкі ў кандэлябрах? (Тэатральшчына, ці не лепей устаць і змяшацца з ажыўленым ад уражанняў натоўпам?) Ці не трапіў я ў тэатр ценяў, ці не Балтазарава ноч сёння? Варта толькі задумацца хвілёва, засумнявацца, а навокал — лычы, пысы, яны грымаснічаюць, пачынаюць незадаволена рохкаць у мой бок. Божа мой, Божа мой! Азызлыя, нязграбныя, камічныя. Босх? Пітэр Брэйгель Старэйшы? Натоўпам вакол Хрыста пад цяжарам крыжа. Не чапай, не лезь пад колы, прэч! Мы яшчэ патанчым на ягоных костках!