Выбрать главу

Непрыяцеляў сваіх Станіслаў Аўгуст нездарма за якабінства ўшчуваў, яны ўпарта намякалі яму друкавана на лёс абезгалоўленага Людовіка. У іх прыклад быў у галовах, у свядомасці, у патаемных марах. Гільяціна на варшаўскім пляцы! Неабавязкова з Парыжа, на месцы зрабіць — невялікая праблема, абы чарцяжы. Як рэвалюцыйны чын, як сатысфакцыю, як гвалтоўны помнік завяршэння ганебнай эпохі караля-злачынцы, думалася ім. Стрыманасць, памяркоўнасць і разважнасць, за гэта яго люта не любілі. Бадай гэта ж вылучае сёння й нас, мы такія ж. На жаль, з моўніцы, як і тады, — нецярплівасць, непрыхільнасць, абвінавачанні. Як я разумею караля! Як нам яго сёння не хапае! Так-так, такі не мае шанцаў, але як хочацца бачыць інтэлігентны твар, разумныя вочы, шляхетнасць, вытрымку, дыпламатычнасць, павагу да іншых. Няўжо ў нашых слоўніках усё гэта канчаткова і безнадзейна мае пазнаку “архаічнае”?! Калі мова пра вяртанне высакародных людзей, то я манархіст самы шчыры! Вярніце нам нашага караля, Новы замак чакае, партыйнага кіраўніцтва даўно духу няма!

Але караля няма й больш не будзе, ёсць адно чалавек, які пэўна адчувае не толькі сімпатыю да яго, але і нейкім чынам падабенства, які нават напісаў кніжку пра Станіслава Аўгуста, што зусім не выпадкова, але якога не дапусцяць да стырна, дзе шляхетнасць лічыцца недарэчнай, несучаснай, шкоднай. Няма караля, адно згадкі ў траўні, пачынаючы з дня ўгодкаў той, колішняй канстытуцыі. Я сяджу на вялікім балконе гледачоў на дзвесце ў адрамантаваным тэатры, польскі консул запрасіў спевакоў Варшаўскай оперы ўспомніць канстытуцыю, якая рэальна ніколі не дзейнічала, надаць ёй правамоцнасць ніхто больш не думае, яна безнадзейна састарэла, дата, аднак, засталася. Святкаваць канстытуцыі гадавіну, якой ніхто не карыстаецца! Побач з Новым каралеўскім палацам, у якім, што праўда пад ціскам, прынялі потым яе эрзац — так званую Гарадзенскую, папярэдняя бо здалася суседзям празмерна смелай. Яна таксама, што не сакрэт, зусім не дзейнічала, стаўшы толькі сведчаннем працягу агоніі, адной з апошніх сутаргаў. Тэатр, так-так, насупраць дакладна славэтнай залы Сенатарскай, дзе адбываліся соймы.

Падмацаваць спевам тых, хто трымае ў памяці, хто не забываецца, прыехалі дзве салісткі, сапрана і меца-сапрана, адна бялявая, але не пекная, другая, маладзейшая, чарнявая як крывічы, з выразна нашым прозвішчам, яна табе з адлегласці і вышыні нагадвае агульна аблічча вядомай замежнай акторкі, трэба сказаць прыгожай. З імі бас і бас-барытон, яны супольна выконваюць патрыятычныя песні двухсотгадовай вытрымкі: пра канстытуцыю, пра інсурэкцыю, Станіслаў Аўгуст нечакана таксама ўзгадваецца, не толькі Касцюшка, прычым нейтральна. Свята! Не да абвінавачанняў. Варшаўскі канферансье запаўняе паўзы не ў патэтычным стылі, але ў жартоўным. Маўляў, любіў жаночы пол кароль апошні, яго й згубіла гэта, што зробіш, се ля ві… У падборы назваў адчуваецца асцярожная рука: ніхто не заклікае ваяўніча Дамброўскага крочыць неадкладна “до Польскі!” Напруга паміж Горадняй і Варшавай — рэч вядомая, яны разбегліся ў розныя бакі пасля скасавання Варшаўскага палітычнага хаўруса... Пад заслону адно “Не згіне ожэл бялы, не згіне польскі дух!” натхнёна спявае стоячы зала, я таксама стаю, але моўчкі, не маючы польскага духу, адкуль?! Бас з басам-барытонам вядуць рэй як мае быць у старашляхецкіх строях, якіх не любіў Станіслаў Аўгуст, толькі шабельку прывешай.