Выбрать главу

Так, любіў жанчын, менавіта, варта было, інакш яны давялі б да магілы, польскія патрыёты. Паслабляючы яго, яны паслаблялі нашу агульную тады краіну, бо ўмовы адметныя існавалі: то алей скончыўся, то патэльні не вымытыя, то чэрці лыка не вяжуць. Але жанчыны любілі не толькі караля, многім падабаліся смелыя, маладзейшыя і прыгажэйшыя за яго прамоўцы, якія з крытычнай зброяй рашуча рыхтаваліся да соймавых дэбатаў, вострачы языкі. Што ён мог парадзіць?! На галерэі зверху, калі збіраліся паслы, звычайна здаралася нямала жанчын, іх цікавілі гарачыя спрэчкі, і прамоўцы, так-так, кароль з прыкрасцю гэта бачыў, выступалі часта, каб абавязкова спадабацца жанчынам, яны ў актораў амаль ператвараліся, каб выглядаць адважнымі героямі-патрыётамі, спаборнічалі — хто самы рашучы прамоўца. Так было ў Варшаве, так было ў Горадні, кабеты сваёй цікаўнасцю, самой прысутнасцю і жывой рэакцыяй даволі нашкодзілі палітыцы караля, хай толькі ўскосна, што зробіш, жанчынамі кіруюць эмоцыі. Як напісаў паэт: “Мы кіруем светам, а намі кабеты, “нестэты”.

Горш, што эмоцыі кіравалі ягонымі праціўнікамі, а прысутнасць прыгожага полу прымушала фарсіць. Атрымаць захоплены позірк, паветраны пацалунак, ад цалавання ручак да ночы кахання… Адны і другія паводзіліся нібы ў тэатры. Дэпутаты натхніліся у французаў, начыталіся парыжскіх газет, брашурак — “свабода, роўнасць, братэрства”, “грамадзянскія вольнасці”, “правы асобы”, у іх існавалі два бзікі — любы ўрад будзе дрэнны, што ні рабі, і трэба абавязкова абмежаваць уладу караля. Ваеннае будаўніцтва ператварылася ў асабліва зацягненую гаварыльню з прысмакам фарсу. Стотысячнае лічбай войска выглядала адразу фата-марганай. Ніхто не верыў па-сапраўднаму, але ўсе спрачаліся, дбаючы перш пра асабістыя справы: якія наплечнікі сабе, якія — сваякам і прыяцелям, не прысутным на сойме, атрымаць пры галасаванні.

Войска заставалася на паперы, бедаваў пазней экс-кароль, а генеральскія шэрагі ўсё павялічваліся. Пасол С. тыдзень перашкаджаў пасяджэнням, пакуль не дамогся генеральскага звання для свайго заступніка, другі тры дні палкі ў колы ўторкваў, “лібераветстваваў”, пакуль не вырваў зубамі генеральскую вакансію. Плоцкі дэпутат, атрымаўшы маёра, пакрыўдзіўся з помстай — гамаваў пасяджэнні, пакуль не быў падвышаны. Як знайсці грошы, не ведалі, але бясконца спрачаліся, ці даваць белыя нагавіцы кавалерыйскія пяхоце таксама? Якія рабіць пасы са спражкай — аднолькавыя для шаблі, шпагі, цесака, ці адрозныя? Абгаворвалі падрабязна ледэрверкі, колер прыборнага металу, “маладзікі”-рынграфы для афіцэраў, флінтпасы, цемлякі, колер эпалетаў, каўнераў, лацканаў і нават аблямоўкі мундзіраў. Кожны прагнуў сказаць сваё слова. Відавочна дэпутатам вайсковая справа падабалася, злашча ў жаночай прысутнасці, запальнае абмеркаванне дазваляла часова забыцца, не зважаць прынамсі на патрэбу так наладзіць збор падаткаў, каб хапіла на ўсё, на гарматы з порахам таксама. Прасцей было зацвярджаць на паперы уяўныя харугвы, швадроны і рэгіменты па спісах — да прозвішча апошняга унтэр-афіцэра, нават калі іх яшчэ няма. Што ж, наш парламент таксама спрачаўся: чым замяніць агульныя варшаўскія, хаўрусніцкія зорачкі на пагонах памежнікам нашым, ды Нёманскай флатыліі, ды слаўным парашутыстам, але што зробіш — ва ўсіх арміях зорачкі аднолькава любяць — хто з сярпом-молатам, хто з арламі, львамі або з зорна-паласатым у спалучэнні.

Гістарычную асобу уяўляць у старасвецкіх дэкарацыях — натуральны рух, пагатоў уяўляць караля, кароль, ён галоўны ўдзельнік спектакля, на сцэне асоба ў кароне з нашага боку Еўропы ўспрымаецца больш да месца, чымсьці нават у кіно. Пасля рамонту ў нашым тэатры падбалі пра відовішчнасць, на кулісныя машыны ўзбіліся, у тэатры Тызенгаўза каралеўскім іх было, здаецца, пяць. Я б зрабіў спектакль, каб сцэна рухалася па колу, яно падзелена на чатыры сектары — накшталт дзвярэй у замежных гатэлях. Гэта супадзенне з порамі року, перыядамі дня, ці з чатырма адмежкамі жыцця, аднак мне бачыцца хутчэй іншае: тры падзелы і дэтранізацыя, ці можа лепей — каранацыя, па чарзе, будаўніцтва, канстытуцыя, падзелы-фінал. Дэкарацыі можна нават змяняць: соймавы гармідар, вялікі гадзіннікавы механізм, вежавы, які Станіслаў Аўгуст узяўся наладзіць, друкарня каралеўская, дзе выпускаюць “Газету Гродзеньску”, ветракі — Гарадніца — гарадзенская Галандыя, конная статуя Яна ІІІ Сабескага у Лазенках, чужынскія войскі, жаўнеры з запаленымі кнатамі, тэатр, абавязкова тэатр, а таксама — шыбеніца і следам за ёй — гільяціна. Карацей, хуткая змена антуражу, інтэр’ераў, кола гісторыі, паскараецца рух, карусель, тэатральны ажыятаж, амаль броўнаўскі гармідар, рэвалюцыя.