Так-так, я ў сэрцы цяпер “новабудоўлі” той каралеўскай, у тэатры, на жаль, калі яго канчаткова пабудавалі, каралю было ўжо не да тэатра. Я засяроджваюся, усё канцэнтруецца: думкі мае, гістарычныя дэкарацыі навокал — побач з “марыянеткамі” цагляны лямус пад дахоўкай як цацка, у ім цяпер рэстарацыя з каралеўскай катлетай, між іншым, а вось медыцынская былая акадэмія выглядае зусім не так святочна з шыльдай камендатуры, ваякі абяцаюць калі-небудзь пакінуць камяніцу рэстаўратарам, улада цярпліва чакае. Захаваўся прыгожанькі пляцык Тызенгаўза няправільнага абрысу з Крывой афіцынай, дзе ў сутарэннях галерэя, так-так, з назвай менавіта “Тызенгаўз”, некалькі каралеўскіх пабудоў і выцягнуты палац — цераз мост — шпэтны нядаўна, яму цяпер спрабуюць вярнуць занядбаную прыгажосць.
Мяне зачароўваў макет прадмесця Гарадніца, дзе я цяпер у тэатры, яно было цэлай новай Горадняй побач старой. Маленькія камяніцы з чырвонымі дахамі былі на стале ў гмаху ўлады, дзе працаваў аматар Станіслава Аўгуста, — я раней узгадваў пра гэтага чалавека. Ён глядзеў з акна зверху на тое, што засталося ад Гарадніцы, у яго былі аднаўленчыя планы, а потым рамантыкаў пазбыліся. Цяпер улада ачулася, ёй заманулася замежных турыстаў, яна зноўку хоча палюбіць рэстаўрацыю. А чалавек гэты крытыкуе: народжаны, каб поўзаць, лятаць не здатны. На карыкатурах у яго адна рука Масквы, другая — Варшавы…
Пра мармур, які не смяецца, прыдумаў Дзідро, не толькі ён любіў такія сцверджанні выдумляць. Не смяецца? Гэта здаецца відавочным, на першы погляд, неаспрэчным, як аксіёма. Але ж гэта бронза бадай не смяецца, чыгун пагатоў, волава і нават умярцвёнае дрэва. Парцалянавыя фігуры Аўгуста ІІ, яны таксама няўсмешлівыя. Але мне здаецца, што мармуровыя статуі, яны, хай не смяюцца, але здольныя пасміхацца, злёгку, някідка, нібы пасміхаюцца самі сабе, але гэта залежыць не ад мармуру, ад вачэй і душы, ад унутранага стану майстра. Мне здаецца, мне даводзілася бачыць гэтую ледзь заўважную усмешку, толькі не магу ўзгадаць — дзе. Я не ведаю таксама, ці можа мармур стаміцца ад мармуру, як сказаў іншы пісьменнік. Стаміцца і заплюшчыць вочы? Але ж! На пастаменце помніка ў Лазенках помслівая рука накрэсліла здзекліва пра чын караля:
Не ажыццявілася гэта да сённяшніх дзён, і я магу колькі заўгодна выбіраць месца для помніка — каля Крывой афіцыны, ці далей — перад палацам на Гарадніцы, ацэньваць фон: фасад, аздобу сценаў, форму і памеры вокнаў, словам, франтоны, картушы, аркатуру, нішы-бленды, гзымсы, гарэльф, ліштвы, маскарон, люкарны, філёнгі, усё марна. Яму не пашэнціла, ён быў бы на сваім месцы ідэальным чынам, каб не меў ворагаў, каб не было рускіх, прусакоў, аўстрыякаў… Каб я рабіў надмагілле, я б зрабіў статую караля, які трымае ў руках на жываце макет Гарадніцы, маленькай Галандыі, якая глядзіцца нават праз заслону часу файнай мясцінай нашых продкаў, дзе ўсё спачатку ладзілася, дзе ўсё зачароўвала нават еўрапейскіх замежнікаў.
Лясь! З-пад нажа гільяціны адскоквае галава, галава лялькі, але ты здрыгануўся ад раптоўнасці і табе здаецца, што зала скаланулася таксама. Так здараецца, калі чагосьці чакаеш, але траціш часова пільнасць і —знянацку! Так, я — кароль, я ў сваёй ложы на прэм’еры італійскага балета, назва падманліва сведчыць, што дзея будзе прысвечана каханню, але гэта каханне ў дэкарацыях рэвалюцыйнага Парыжа — “Свабода, роўнасць, братэрства!” Лясь! Герой-палюбоўнік простага паходжання як самнамбула бярэ аберуч галаву каханкі, якая пакарана за шляхецкі стан, і паволі ўзнімае, каб убачыла ўся зала… Маршалак Мнішак на наступны дзень абвяшчае цэнзуру на п’есы.
У сённяшнім спектаклі менш кахання, больш палітыкі, але гільяціна, яна па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі. Яна чакае ўсю дзею, што няўмольна рухаецца да гільяціннага фіналу… Хаваюць караля з кпінамі, з галёканнем — “Кароль памёр, няхай жыве кароль!” У труну кладуць асобна галаву, асобна карону. Мёртвая цішыня ў зале.
2009
РЭПРАДУКЦЫЯ БРЭЙГЕЛЯ
Апавяданне з расчараваннем
Няма, знікла са сцяны кнігарні вялікая рэпрадукцыя Брэйгеля. Кнігарня. Шыкоўныя альбомы. Фламандскія майстры. Трыумфаванне біялагічнага: разяўленыя раты, шчокі ў лоі, чэравы. Мясістыя далоні ў тлушчы. Шэрагі кумпякоў, барвовыя каўбасы. Медзяныя селядцы. Гронкі рабцаў, індыкаў. Чвякаюць прожары. Рагочуць, расплюхваюць віно п’янюгі. Круглагрудыя фламандкі з глякаў падліваюць чырвонага або бурштыннага — у шклянкі, куфлі. Сонца залаціцца ў струмені. Шалёныя скокі. Распаленыя, потныя, гуллівыя, пажадлівыя. Танчаць апантана. Трасучы шарамі грудзей. Ведаеш, калі занадта вялікая галава, гэта сведчанне анамаліі. А бюст? Калі апошні памер? Ва ўсякім разе — гэта келіх з коптурам.