Выбрать главу

Дзьмуць у рогі і дудкі, танчаць смычкі, танчаць пальцы па струнах. “Рэжуць жыдкі у дзве скрыпкі, — успамінаецца мне ўпадабаны калісьці верш, — трэці на трубе равець, а чацверты — на басэтлі і тахту нагою б’ець”. Вух! Малююць карціны тутака ж. Шталюгі, пэндзлі, мальберты. Шыкоўныя азадкі і клубы. Як пяяў паэт. Цьмее золата ў вачах, вабяць магутныя грудзі... А рэпрадукцыі больш няма. Адчуваецца, што яму падабаўся Босх. Але ў яго менш містыкі, сымболяў. Або зусім часам няма. Гэткай празмернасці, нагрувашчання ўсяго-усялякага. Болей жыцця, якім вылучаюцца толькі некаторыя босхавы працы. Само жыццё. Са скарыністымі хлябамі, з дымкімі талеркамі поліўкі, з місамі апетытнага мяса.

А вось Брэйгеля-Малодшага болей вабіла іншае. Збор падаткаў, напрыклад. Памяшканне, перапоўненае паперамі, дакладней стосікамі, перавязанымі шпагатам. Відавочна, што не грошы. Тады купюраў, бадай, не было. Толькі паўнаважкая манета. Паперы паўсюдна. На паліцах, у шафе, на канторцы, стале, на падлозе сярод пакоя, пад сталом. Стоячы за ім, якісьці ідальга, сеньёр з разумным тварам чытае адную. Чарнявы ідальга, гэткі гішпанскі акупант. Побач — службовец, можа які пісарчук. І чарга просьбітаў без капелюшоў, толькі жанчына, якая нагнулася, у белым каптуры. Вось такі Малодшы Брэйгель.

Яны любілі тады ўсякі гешэфт маляваць. Тавар-грошы-тавар. Адлюстроўваць рэчаіснае жыццё. Несвядома ілюстраваць будучыя падручнікі па палітэканоміі. Мянялы, ліхвяры, зборшчыкі падаткаў. Акуляры без дужак, парыкі, грудкі талераў на стальніцы. Учэпістыя вочы, прагныя да падліку пальцы. Сярэдневечныя рахункаводы і бухгалтары. Касіры, інкасатары. Банкіры. Яны любілі, між іншым, пазіраваць. І добра плацілі майстрам за шыльды, маляваныя алеем. І за тадышнюю рэкламу, якой была і карціна Брэйгеля Малодшага. Пра якога сёння памятаюць ускосна. Толькі таму, што калі аднаго дагэтуль называюць Старэйшым, значыцца быў і Малодшы.

З рэпрадукцыяй было так. Заходжу ў “Кнігарню пані Элізы”, а тамака побач з кніжнымі шэрагамі некалькі друкаваных рэпрадукцый пад шклом у рамах. І гэтая са сляпымі. Славуты Брэйгель. Жудасная, нейкая фантасмагарычная, але такая сапраўдная сцэна. Калісьці экранізацыя мяне вельмі ўразіла з гэтым даўгалыгім Лембітам, эстонцам. “Ціля Уленшпігеля” экранізацыя. Я тады хадзіў у ботах кірзавых, мусіў хадзіць. Кіно круцілі ў салдацкім клубе. Дакладней, гэта быў вельмі прыліковы — на добры кінатэатр альбо дом культуры — будынак. З чорнай кавай у чайной і з салдацкай біт-групай на чале з прапаршчыкам Ламброзам. (Адкуль у яго досыць вядомае італьянскае прозвішча? — думалася мне тады). Да слова, загадваў клубнай камандай капітан Шлангман, з якім у нас аднойчы адбылася сутычка.

Я ўвайшоў, ужо калі сеанс пачаўся. У чорнай зале нябачныя былі браты па зброі. Зелянковая маса з чорнымі пагонамі, з марамі пра жанчын і дэмбель. А тут сярэдневечная карціна. Адно з самых захапляльных месцаў з падручніка па гісторыі. Ветразёвыя караблі на вуліцах. Сярод спічастых сабораў, вежаў, званіц, замка, палацаў, ратушы, кляштараў, купецкіх дамоў і гандлёвых радоў. Гёзы апаноўваюць затоплены горад. Ілюзія была глыбокай. Я трапіў нават не ў кіно, а ў іншае, кранаючае жыццё, адрознае ад майго цяперашняга абсалютна.

Я не бачыў, як гасла святло, не бачыў цітраў, пагатоў абавязковага перад фільмам “тэлечасопіса” — з традыцыйным Брэжневым, з пенсіянерамі Палітбюро, з героямі пяцігодак і малайцавата-засяроджанымі ахоўнікамі Айчыны ад агрэсіўнага НАТО. Я апынуўся адразу ў тым часе. Я быў калі не сярод намаляваных людзей, дык перад карцінамі фламандскіх майстроў, якія ажылі, зрабіліся рэчаіснымі. Да войска я жыў у прыбалтыйскім горадзе. Ён быў чужы мне, з яго мовай, нават шрыфтам вулічных шыльдаў, з яго жыццём і гісторыяй. Але бадай не таму, што ён мне не падабаўся, было хутчэй наадварот. Папросту чужы і ёсць чужы. Калісьці тамака жмогусы пабілі крыжакаў. Высозная званіца гатычнага касьцёла дамінавала. Каменны салдат з “ппш” — “воін-пераможца”, згодна двухмоўнаму подпісу. Вялікі помнік незразумелым тады паўстанцам 1863-га. Непадалёк ад нашай школы.

Хто памятае той фільм, мяне зразумее. Вялікая была спакуса у фільмоўцаў. Яны гэтую карціну Брэйгеля са сляпцамі ператварылі ў кінасцэну. Атрымалася з надзвычайнай сілай. Акторы ажывілі старое палатно, надалі рух персанажам, узбагацілі дзеянне, працягнулі ў часе. Падабенства ўражвала. Той жа краявід, фарбы, знаёмыя постаці. Каб гэта ўбачыў сам Брэйгель...