Балі, на якіх не адчуваеш зусім разняволеным, зусім гаспадаром сябе, на якіх нібыта пад прыглядам, кароль мусіў бачыць абавязкова сёння самых моцных (з мядзведжымі абдоймамі) сваіх хаўруснікаў, спадчыну па Сасах, нікуды не падзецца, не адмовіцца ад якіх, не ўцячы. Прэсныя кампліменты, фармальныя ўсмешкі, падцукраныя размовы з келіхам у руцэ. Як жа яны апрыклі: амбасадар са світай, генералы з ад’ютантамі, пецярбургскія дамы са сваімі веерамі і пазяханнем. З’ехаць, з’ехаць, хутчэй з’ехаць з напалову свабоднай сталіцы, з напаўзалежнага існавання ў стары горад над Нёманам, у правінцыю, дзе яшчэ ўдавалася адасобіцца, адчуць сябе гаспадаром, дзе радавала вока, цешыла, абуджала амбіцыі вялікая будоўля, распачатая мілым яго сэрцу Тызенгаўзам Антоніем, пастаўленым кіраваць каралеўскай эканоміяй. Новыя сцены, рыштаванні, драбіны, стосы цэглы, пах свежай вапны і пілавіння.
У гарадзенскай рэзідэнцыі, у зусім новым вялікім палацы цяпер перабудова, адпаведна яго густам і патрэбам, там ён адчуваў сябе амаль у свабодзе, хаця яна не магла быць суздром сапраўднай, лёгкай, але як ілюзія яго бадай задавальняла ў вельмі вялікай ступені, не хацелася яе страціць таксама. Так, Горадня была Яго каралеўскай мосці эканоміяй, яго тэрыторыяй, яго маленькай прыватнай краінай. Так, не зважаючы, у якім краі, каралеўстве, ці царстве, ці зусім азіяцкай дэспатыі стаіць горад — ён зменшаная мадэль, узор усёй вялікай краіны, у якой цяпер знаходзіцца, з яе законамі, парадкамі, звычаямі, з яе палітычным уладкаваннем і рэлігійнай будовай.
Гарадам уласціва закладаць падмуркі, будавацца, замажнець і рабіцца праз гэта ласым кавалкам, здабычай, вайсковым трафеем. Некаторым шчасціць перажыць захоп, знявагу, рабункі, разбурэнні, акупацыю, іншыя перастаюць існаваць, ад сценаў, вежаў і храмаў застаюцца крушні і зарастаюць быльнягом. Здараецца, ад магутнага багатага места толькі жменя хацін, збудаваных на гарэлішчы або, у лепшым разе, яно ператвараецца ў мястэчка, захаваўшы герб, але без ратушы, без дзыгара на ёй, час больш не адмерваецца, горад апынаецца ў гістарычнай твані, у шлаку. Жыхары не могуць патлумачыць нават самім сабе: адкуль мог узяцца герб з арламі, цяльцом або афрыканскімі львамі. Ці не памылка часам цудоўны гербавы шчыт з незвычайнай выявай? Ці не згубіў яго ў несамавітай мізэрнай мясціне хтось, ступаючы аружна па раздарожжах гісторыі?
Бывае, гарады вандруюць, уласна назва іхняя, альбо аднолькавае імя атрымліваюць розныя гарады больш-менш па-суседску, ці на істотнай адлегласці. І калі ў хроніцы ці ў летапісе пра горад з такім назовам захаваецца якаясь згадка — вельмі важная, ці наадварот, цьмяная, нязначная, амаль выпадковая, папросту радок, пазнейшыя даследчыкі зацята псуюць дзіды ў акадэмічных спрэчках, пасылаюць баявых сланоў і калясніцы, штурмавыя вежы і сценабойныя машыны, выкарыстоўваюць хмары крытычных стрэлаў і ледзьве не славуты грэцкі агонь, які надзвычай цяжка пагасіць, робяць запальна ўсё магчымае, каб давесці сваю рацыю, каб перамог іхні менавіта погляд на тое, які менавіта горад называўся ў сівых вяках, напрыклад, Горадзень, Горадня, Гародня?
І не мінула ста гадоў пасля дэпартацыі апошняга караля, як вучоным мужам заманулася ў навуковых дыспутах і ў часопісах спрачацца нагвалт, атакоўна высоўваць свае аргументы, свае доказы таго, ці з’яўляецца раней каралеўскі горад над Нёмнам той самай летапіснай Гародняй, дзе трубы граюць, як напісаў аднойчы безназоўны манах-летапісец? Спрэчка здарылася не проста філалагічнага кшталту, вучоныя па яе выніках меліся вызначыць век, назваць дату пачаткаў Горадні: яна, ці не яна? Бойка атрымалася сапраўды нежартоўная, хоць для масцітых прафесараў, прызнаных знаўцаў у адпаведнай галіне, пытанне не ўяўлялася зусім каляным гарэшкам, таямніцай з мноствам пячатак і нарэшце агучаны адказ быў амаль відавочным. Але спрэчка патрэбна, каб вылузалася ісціна, як фасоліна, як боб. Хоць агульнавядомая рэч: часта баламуцяць дылетанты з апломбам.