Чатыры жанчыны такую цяжкую нясуць Марыю, што трымаюць яе на ўзроўні ніжэй за пояс. Дзіцячыя галасы. Звоніць звон у бліжэйшым касцёле. Хлопчыкі аберуч трымаюць вялікі ружанец, адзін з іх зусім маленькі, гадкі два. У белых шатах з чырвонымі накідкамі. Гукі жаночых абцасікаў. Жаночы спеў. Святар з “уокі-токі”, ахоўнікі таксама. Яны ў чорных гарнітурах. Аператар са штатывам, з маленькай відэакамерай. Харысты з паперамі ў руках. Мужчына — гучнагаварыльнік. Чатыры рупары за спінай, счацвяроныя званочкі ў руках. Адначасова ён чалавек — званіца. Следам самі біскупы без шапачак. Адзін з іх пад балдахінам з цяжкім круцыфіксам у руках. Ахоўнік з “уокі-токі”. Напоўніцу спяваюць птушкі.
Пад парасонам старая манашка з кіёчкам. Кх, пх... “У нашым горадзе існуе ініцыятыўная група падтрымкі прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Пал Палыча Манькоўскага. Група налічвае (далей — называецца лічба). Учора пачалі працу сваю. Першае ўражанне такое, што людзі прыхільна ставяцца да асобы Манькоўскага. І цяперашні прэзідэнт у асобе нашага прэтэндэнта мае вялікага суперніка. Групы невялікія існуюць і ў раённых цэнтрах. Спадзяванні такія, што свае подпісы людзі аддадуць за Манькоўскага і неабходную колькасць, безумоўна, ён набярэ”. “А слоньцэ высоко-высоко сьвеці пілётом в очы, огжэва неструдзэні зімнэ небеске пшэстшэні… Чэкам на вятр, цо розгоні цемнэ зглэмбёнэ заслоны. Встанэ втэды на раз зэ слоньцэм тважом в тваж,..” — запісваю на паперы са слыху. Мая ўлюбёная Кора. Дыктафонныя запісы — сведкі таго гарачага прэзідэнцкага, але марнага лета.
Я магу абыякава праходзіць паўз газетныя шапікі, прымушаць сябе не заходзіць у кнігарні, грэбаваць крамамі, куды імкнецца публіка. Магу не ўключаць тэлевізар, што звычайна і раблю. Але ўсё адно гэтае жыццё складаецца з тысячаў і мільёнаў дробязяў, нюансаў. І думка ўвесь час пульсуе, і немагчыма адмежавацца ад рэчаіснасці, ад навакольнага жыцця, якое енчыць, лямантуе, спявае, плача, нема крычыць, гаворыць рознымі галасамі, ператвараючыся ў галас. І мне непатрэбна і нецікавая тая штучная зорка Памэла з сіліконавымі цыцкамі. З вачыма прасцячкі, калі не сказаць дурнічкі. Якая робіць спачатку сенсацыю з павелічэння сваіх малочных залозаў, дзякуючы якім робіцца попытнай на кінарынку. А потым, адчуўшы змяншэнне попыту, заяўляе ў прэсе, што “здзьмуе” цыцкі. Кантрасты, рэзкія рухі, нечаканыя заявы і ўчынкі — для самарэкламы першая справа.
Адзін замежны беларус любіў мне расказваць дзве рэчы. Ведаеш, гаварыў ён, у спачывальні не павінна быць ні тэлевізара, ні камп’ютара, ні кніжак. Каб добра спаць. Я пакуль не магу сабе гэтага дазволіць, сціпла адказваў я. Бо мой пакой быў адначасова гасцёўняй, кабінетам і, само сабой, спачывальняй. Сёньня нарэшце інакш. Хіба што каля ложка некалькі кніжак, якія я чытаю ці намагаюся чытаць перад сном, пасля дзённай навалы інфармацыі, уражанняў, турботаў. А яшчэ ён любіў вяртацца ў размовах да факта, што большасць апытаных у розных краінах мужчын назвалі нечаканую жанчыну, з якой хацелі б кахацца. Яе імя — Патрыцыя Каас, — урачыста абвяшчаў ён.
Што ж, для мяне не было ў гэтым нічога нечаканага. Палякам часта падабаюцца не якія-небудзь порна-дзівы, а спявачка Кора з Maanam. Я сам чуў па радыё такія прызнанні. Па польскім радыё, само сабой. Кора. Вытанчанасць, інтэлігентнасць, але жарсць і моц. Зрэшты, у яе выпадку правакуюць яшчэ тэксты, якія яна піша і спявае. Пра каханне, прычым тэксты не самыя цнатлівыя. Але вельмі паэтычныя. Бюст зусім не такі вялікі, як у Памэлы, але затое сапраўдны. А вершы?
“Калі мяне кахаеш, як ты кажаш, пашукай яблык вечнага кахання з чарадзейскага саду”, — спявае Кора. Каб добра спяваць, зусім неабавязковая вялікая грудная клетка, аб’ём лёгкіх, не кажучы пра бюст. У Памэлы завялікі бюст, досыць пракураны голас і нуль акторскіх дадзеных. Але галівудцы кіруюцца ў такім разе не густам або крытэрыямі, што датычаць прафесыйнасці выканаўцаў. Адно законы шоў-бізнесу: чым большыя бюсты, чым даўжэйшыя лімузіны, чым болей віскі, боек, страляніны і спаленых “кадылакаў”. А таксама забітых і параненых.
Чаму мне падабаецца Брэйгель? Таму што мне даспадобы ўсё натуральнае, строгае. Позняя готыка, а не якое-небудзь ракако. Брыгіцкі касцёл, Францішканскі за Нёманам, але зусім не наш езуіцкі. Груба кажучы, мне падабаецца папросту кавалак шынкі, а не парсюк на талерцы, напоўнены моркаўкай і ўсякай гароднінай. Я болей люблю чорную каву, а не капучына з узбітым шумам, з насыпаным шакаладам зверху. Не анёлы, мадоны, завітушкі, кветачкі, а рэальныя сцэны жыцця даспадобы. Мужчыны, жанчыны, рыбіны, кумпякі. Яны бачылі жыццё гэткім прадметным, насычаным, поўным, што перапаўнялі свае карціны людзьмі, рэчмі, жывёламі. Ім хацелася зрабіць жыццёвыя сцэны максімальна змястоўнымі, адлюстраваць такімі на сваіх карцінах. Як мне часам хочацца напоўніць сцісла і канцэнтравана сённяшнім жыццём свае апавяданні, сваю прозу. Жыццём з коптурам. Крама, наладаваная таварам, ежай, рознымі бляшанкамі, бутэлькамі, пачкамі, скрынкамі. Процьма разнастайных машын на вуліцах. Нашпігаваная тэлескрынка. Безліч музыкі. Кнігарні, перапоўненыя каляровымі кніжкамі. Поўныя газет кіёскі для прэсы.