Брэйгель, Брэйгель. Калісьці ён намаляваў карціну пад назвай “Краіна дурняў”. Каб ён жыў сёння... У горадзе з гербам аленя Святога Губерта. Што б ён мог намаляваць сёння? Краіну маўчуноў? Людзі з закрытымі ратамі, якія быццам набралі вады. Людзі з вінаватымі ўсмешкамі на тварах, з баязлівымі вачыма. Людзі з безнадзейнасцю ў вачах. З фатальным выразам вачэй. Краіна баязліўцаў, краіна людзей, якія спыніліся перад затокай Чырвонага мора, не жадаючы, баючыся прайсці скрозь ваду, каб развітацца са сваім нявольніцтвам. Страх свабоды. Краіна людзей, якія баяліся выціснуць з сябе рабства. Людзі з рыбінай крывёю альбо нават з сапсаванай. Людзі, якія ненавідзяць усё сваё, а значыцца ненавідзяць сябе.
Брэйгель, карціны якога ажыўлялі ў экранізацыі Шарля дэ Кастэра. Кіно, якое перадавала эпоху, дзякуючы фарбам фламандскіх мастакоў. Незабыўнае ўражанне, што зрабіла кіно, якое я глядзеў, калі жыў у казарме. Ціль Уленшпігель, сярэдневечча. Казарма, боты, пад’ёмы, пайка, мацюкі. Уражанне ўзмацнялася гэтым кантрастам. Я быў вельмі маладым і мне бадай хацелася туды, апынуцца ў кіно, менавіта не сярод гледачоў, а сярод дзейных асобаў, трапіць у іншы свет з гэтага чужога і варожага для мяне. Разам з гёзамі заплысці ў затоплены горад і вызваліць яго ад ненавісных гішпанцаў.
Гэты паэт, які пісаў пра фламандскае мастацтва старавечных майстроў. Пра грудастых жанчын, пра славэтныя кумпякі, пра куфлі з півам і віном. Пра свавольныя п’яныя танцы, пра гэтую празмернасць ва ўсім. Пра пагулянкі, якія адначасова пераносіліся на палотны, маляваліся з натуры. Брэйгель. Было б занадта згодна канонам, каб мой аповед аб рэлігійнай працэсіі закончыўся калекамі, падобнымі ягоным. Якія б маляўніча працягвалі рукі да ўдзельнікаў крыжовага ходу ў спадзяванні на міласціну. Не, інваліды існуюць. Каля цэнтральнага гастранома, каля царквы. А болей там, дзе натоўпы — пры дарозе на рынак.
Магчыма, што я сам сабе крыху супярэчу. Строю кепікі з сучаснай сэкс-бомбы і захапляюся сярэдневечнымі фламандскімі карцінамі з грудастымі кабеткамі. Гэта быў пратэст, я разумею. Супраць бляклых жыццёвых копій, супраць панавання ў мастацтве штучнаватых жанчын, якімі былі мадоны з дзіцяткам на руках або хай без яго. Яны адмаўлялі штучнасць, нежывыя каноны. Жанчына — яна жывая, яна — чалавек. Іхні пратэст быў жыццястаноўчым. Не раўнуючы з марфіністамі першай паловы мінулага стагоддзя, якія разразалі вочны яблык галяком, ды займаліся іншымі гідкасцямі, разбураючы, знішчаючы чалавека разам з мастацтвам. Бюст Памэлы выклікае хутчэй думкі не аб грудзях фламандак, але аб штучных цягліцах культурыстаў. Аб усім гэтым не пішуць вершаў. Тут няма паэзіі.
2002
ДАЛАКОПЫ
Губернскае апавяданне
Ён спрытна ўскараскаўся ў высокае стрэльчата-гатычнае праймо былога вакна. Яго падтрымлівалі, падпіхвалі знізу, смакуючы наперад спевы. Ён устаў з каленяў, выпрастаўся, штосьці залямантаваў, узняўшы, замахаўшы рукамі. Яму падалі гітару. “Песня касцюшкоўцаў”, марш іхні!” — блазнавата-радасна абвясціў ён. “Рубон!” — абазваліся здолу захоплена, але не вельмі згуртавана. Спявак выняў інструмент з падарожнага футарала, нетаропка спраўдзіў гучанне. “А зараз слухайце”:
— Нейкая закароткая атрымалася. Не паспелі прыдумаць паболей. Дый што казаць, мужыкі. Толькі наважыліся, толькі косы навастрылі, а тут — Мацяёвіцы, апошні раз пораху панюхалі. І — фініта ля камедыя. “Не загінулі мы і не згінем, пакуль ты нас наперад вядзеш... Нашай слаўнай крывіцкай Пагоні мы не зганьбім, мы ўславім яе”, — уголас як бы ўспамінаючы тэксты, прагаварыў ён без спеву, не кранаючы струнаў, і раптам грымнуў: