Выбрать главу

У канцы дня, калі з рэпарцёрствам закончана, Акінчыц выходзіць адчуць адзнакі жалобы, абвешчанай у горадзе. Зіма зіхатлівая, мінакі цешацца. Але напачатку не ўсе ведалі, цяпер вядома бадай усім. Даволі кантрасна. Цытадэль страху і смутку — гмах улады. Свінцова-сляпыя, калі было светла, вокны цяпер хвора-жоўтыя. Аднак, якая прыгожая вечаровая зіма! Сапраўдней не бывае. Мяцеліца, гайдае парасонікі ліхтароў, іхняе смачна-лімоннае сьвятло, ляціць снег, святочны па-навагодняму, тралейбусы, светлафоры, мінакі. Марознае надвор’е бадзёрыць. Такую зіму немагчыма не любіць, думаў Акінчыц, вяртаючыся дахаты.

Капцы са святам губерні бадай. А як Мурашка марыў! Штосьці яму заманулася, далёкаму ад гісторыі, ад букляў, парыкоў, ларнетаў, ад штуцараў, багінэтаў, ад шабляў, ладунак і можджараў. На што замахнуўся... Тут была жыўцом раскроена краіна... Адбылася трагедыя, а ён — баляваць, карнавалізаваць, маскарад учыніць. Здагацца няцяжка. Жаданне застацца ў гісторыі. Першым губернатарам быў Мурашоў, апошнім ён — Мурашка! Якое супадзенне! Партрэтная галерэя: ад Мурашова да Мурашкі. Карціны замоўлены мастаку-партрэтысту. Будуць развешаны ў былым каралеўскім палацы. Там менавіта, дзе на кавалкі разрэзалі і знішчылі тую далёкую прыгожую краіну з уніяцкімі цэрквамі, касцёламі, з замкамі, з соймамі і соймікамі, нават са славэтным “ліберум вета”, з канстытуцыяй і магдэбургскім правам, з каралеўскімі прывілеямі з пячаткай... Гэх! Усё было растаптана жаўнерскімі ботамі. Бліскучую сталіцу ператварылі ў горад-губернск. І яму заманулася гэта святкаваць!

Так, закарцела нават! Перш, супадзенне з прозвішчам. Па-другое, прыязджаў абвесціць свой губернскі ўказ сам цар! Мурашку захацелася зрабіць урачыстасць на ўзор царскай. Гісторыкі рушылі ў пыльныя архівы, іх прыспешвалі. Усяго знайсці не ўдалося, поўнай справаздачы аб падзеі. Мусілі дадумаць. Падрыхтавалі, выдрукавалі, якраз з ёю знаёміўся Мурашка ў дзень смерці, у свае апошнія гадзіны. Рабіў заўвагі ў тэксце.

У сцэнары: чыноўнікі, афіцэры і салдаты гарнізона, акторы, усе — у тэатральных шатах, у парыках, буклях. Вядома, што падзея адбылася менавіта ў тэатры, насупраць якога жыў Акінчыц. Будынак захаваўся, праўда, са змененым сілуэтам. Рабіць урачыстасць у самым лепшым памяшканні — у каралеўскім палацы цару хапіла густу і далікатнасці, каб адмовіцца. Надаваць урачыстасці рэлігійна-царкоўны лад не выпадала зусім. У горадзе не было цэркваў. Вялікі гатычны касцёл, у якім чамусьці здарыўся пажар, толькі пачалі перабудоўваць у царкву. І таму падзея мела адбыцца ў свецкім тэатралізаваным стылі. Зрэшты, у цара быў не рэлігійны настрой, нядаўна ён задушыў уласнага бацьку падушкай, не важна, што чужымі рукамі.

Аздобленая, асветленая, святочная зала. Паветра прарэзваюць гукі горнаў. Трубачы шыхтуюцца абапал сцэны. Урачыста абвяшчаецца: самадзержац розных унутраных, далучаных і захопленых земляў! На кані выязджае Яго імператарская вялікасць, ролю павінен быў выканаць вядомы актор Квачэнка. Каня трымаюць за аброць два парадныя генералы. Цар зачытвае ўказ, які прысутныя слухаюць, стаіўшы подых: “Загадваю — дзеля найхутчэйшага і найзручнейшага ўсім новападданым правасудства, а таксама заможнасці, росквіту і шчаслівага жыцця пад нашай абаронай — утварыць ад сённяшняга дня заходнюю губерню. (Шумныя апладысменты ў зале). А для ўнутранага мясцовых абываталяў кіравання і іхняга паміж сабою судоўніцтва і дзеля большай спакойнасці і бяспекі тут мною зацвярджаецца галоўная кватэра і дзейнае вышняе кіраўніцтва, якое злучае ў сабе чатыры аддзяленні, а менавіта — скарбнае, крымінальнае, цывільнае і эканаміцкае. І з нашага імператарскага загаду прызначаецца на пасаду губернатарскую тайны саветнік Мурашоў, кавалер святой Ганны”.

З вуліцы гучаць гарматныя залпы, публіка апантана пляскае ў ладкі, граюць фанфары. Патрыярхі шчодра хрысцяць праз паветра ўдзельнікаў урачыстасці, кадзяць кадзілы. Хор выконвае штосьці накшталт “Рука айцечаства ўсявышняга ўратавала” або “Пераможны раздавайся гром”, прыдуманую, дарэчы, беларусам, аб чым паведамляе энцыклапедыя. Паказ алегарычнай сцэнкі “двухгаловы арол перамагае аднагаловага” у выкананні балетнай трупы. Вайсковы аркестр. Пранос пераможных і пераможаных сцягоў. Наступная сцэнка: касцюшкаўскія касінеры здаюцца сувораўцам. Апошнія лагодна прымушаюць іх перарабіць косы назад — для прыгатавання сена. Над сцэнай запальваецца круглая лічба. Дзея ператвараецца ў святкаванне ўгодкаў губерні, якім яно магло ўяўляцца першаму губернатару з паплечнікамі ў царскія часы. Удзячныя сяляне, карагоды, піва ў бочках, снапы — накшталт дажынак. Трыумфаванне рамёстваў: молаты і сярпы, плугі, бароны, а таксама навук — мікраскопы, цыркулі, кельні.