Выбрать главу

Віно на тэрасе з марскім краявідам. Фабіян дзеля гэтага выцягвае з пакоя вялізны скураны фатэль з драўлянымі падлакотнямі. Скура тоўстая, у зморшчынах. З такой шылі калісьці крагі і скуранкі для авіятараў і аўтамабілістаў, сёньня — чаравікі для спецназу. Скураную гаргару яны называюць Сабакевічам, уладкоўваецца ў ёй зазвычай Сабіна. У талерцы марэлі, вінаград. Сыр. Залацісты, бурштынны або гранатавы струмень.

Смакаваць віно, назіраючы змены на моры. Рух караблёў. Марскіх аўтобусаў, якія спыняліся на кожнай самай малой прыстані, дастаўляючы пасажыраў. Яхты, рыбацкія траўлеры. Драўляныя шхуны. Адныя пераплывалі краявід злева направа або наадварот і знікалі. Іншыя шукалі сабе месцейка нанач. Часам нагадваючы ката, які пераборліва перакладаецца з боку на бок, змяняючы паставу, уперад як заснуць. Нарэшце кідалі катвігу. Калі пачынала цямнець, запальвалі ліхтары. Нейк па-хатняму. Сузіранне руху, прыгатаванняў да сну супакойвала. Так калісьці назіраў наступленне ночы ў пампасах славуты пісьменнік-авіятар з кабіны паштовага летака... Можа, яшчэ віна? Так, калі ласка. Ён адзначаў, пралятаючы над селішчамі і мястэчкамі, як запальваюцца агеньчыкі ў дамах, паўсюдзячы навокал у ночы цяпло камінка, сямейнага агнішча.

Увогуле Фабіяну пашанцавала са службай. Канечне, разам з астатнімі мусіў адбываць кухонны абавязак, хадзіць на варту і дзяжурствы па казарме і начныя баявыя, зрэшты, цэладзённыя. Змагацца са сном з навушнікамі на галаве. Але можна было паслухаць музыку, трапляліся і галасы. Шмат цікавага! Напрыклад: нават у нацыянальнай народнай арміі ГДР — можна піва, выхадныя — дома, віно, паляўнічыя каўбаскі. А пра армію ЗША і казаць лішне. З адкрытага мора добра было чуваць, яго люстра якасна адбівала, ствараючы перашкоды толькі ў шторм. Хаця штарміла часам падоўгу, асабліва што датычыла восені і халоднага сезону наогул. Абы афіцэр не заспеў. Хаця і самі яны карысталі з магчымасці.

Дзяжурства на гары. Пячора з капэ. Бункер. Абеды дастаўлялі “газікам” з даліны, дзе казарма і сталоўка, склады, штаб і салдацкая чайная. Грэчка, кавалак смажанай рыбы. Яйкі і шматок масла, якое ўлетку заўжды растаплівалася, насычала хлеб, на лусту якога клалі, каб не змарнаваць. У ленпакоі Фабіян, адаспаўшыся, спрабаваў штосьці выдумляць прыблізна ў літаратурным рэчышчы. Паміж лістамі, пісанымі ў тым жа сшытку. Пасля першага года службы стаў даволі шмат чытаць. Часам нават сёе-тое купляў, калі трапляў у кнігарню ў звальненні. І ў гарнізоннай кнігараньцы знаходзіў зрэдку цікавыя кніжкі.

Адчуваць сябе геаграфічна дастаўляла задавальненне. Фабіян у сваёй казарме пасля адбою засынае, усведамляючы, што за гарою мора, цёплае, чорнае ноччу мора. Цэлая прорва глыбокай вады з медузамі і дэльфінамі. А дзесь за морам іншае жыццё. Ідэалагічна варожае. Зусім-зусім не такое, не падобнае. Як дзень і ноч. Яны адчувалі гэта фізічна, не бачыўшы таго жыцця і не меўшы нават надзеі ўбачыць. Іх так вучылі. Паказвалі старыя-старыя чорна-белыя падрапаныя кінастужкі пра Ізмаіл і Чэсму. Кніжкі з малюнкамі. Патрыятызму навучалі. За морам уяўляліся накшталт запарожскіх казакоў — вусатыя ў шараварах і з чырвонымі фескамі або ў чалмах страшныя людзі з крывымі шаблямі. Бармалеі з дзіцячага фільма.

Але баранілі яны не ад іх, не ад аматараў кальяна і ятаганаў. Баранілі не ад нашчадкаў янычарскіх, ад натаўскіх “Фантомаў” і “Б-52”. І ракетнай зброі амерыканскай. Дбайна вывучалі назвы і сілуэты — летакоў, караблёў, субмарынаў, ракет — падводнага ды іншага базавання. Авіяносьбітаў. Гонка ўзбраенняў, псіхоз. І штучнае іх узмацненне. Бясконцыя вучэнні, начныя. Навалы бамбавікоў. Стаі крылатых ракет. Як хмары вострых атручаных стрэл персідскіх лучнікаў на калясніцах. Баявыя сланы. Заняткі — уявіць лёт такой ракеты, ляціць нізенька па-над морам, узнімаецца, агінае гару і Фабіяну з хлопцамі капут. Амаль немагчыма збіць, увогуле заўважыць. А нейтронная бомба? Жах! А ўсякая іншая трасца? Хмары саранчы — каб знішчыць ураджай, выклікаць галадоўлю.

Смак да антычнай літаратуры, цікавасць да амфар, размаляваных жыццёвымі сцэнамі, захапленне героямі старагрэцкімі прышчэплены яму тут, сярод сапраўдных элінскіх краявідаў з вечназялёнымі дрэвамі і вінаграднымі лозамі. Ён і паўночны кіславаты вінаград дробны потым таксама палюбіў... Як у кагосьці са старажытных? “Што рабіцьмем узімку? Слухай: агонь распалі, ды, не шкадуючы, у кубкі змяшчальныя лі хмель уцешны, ды ямчэй у цёплай бавоўне схавайся“. Фабіян не мог даць веры, калі выйшла вялікая кружэлка “Па хвалях маёй памяці”. Яе набыць было немагчыма, але адразу з’явіліся запісы. Штосьці зусім надзвычайнае, як на савецкія парадкі. Ніякага камсамола, ніякіх саладжавых тэксцікаў. Вершы Сапфо ды іншых класічных паэтаў. “Песня вагантаў”. Яе ён спяваў, хаця б у думках, калі не дазвалялі ўмовы.