“Ва французскай старане, на чужой планеце...” Уменне абстрагавацца. У казарменых умовах — гэта галоўнае. Каб не даць апанаваць сябе парцяншчыне, прыкрым армейскім завядзёнкам, ладу жыцця тупагаловых, якія як рыба ў вадзе пачуваліся. Кніжныя драўляныя салдаты. Сам Фабіян хутчэй заставаўся алавяным жаўнерыкам. Жыць унутраным жыццём. Мець уласны свет. Без ахвоты, без імпэту і пагатоў азарту выгукваць каманды і адказы, раўці ротныя песні. Нават не раўці, як іншыя, крыху падпяваць, калі побач прапар або яшчэ які-небудзь дзяжурны. “Плачце ж, мілыя сябры, горкімі слязамі...” Гэтак трымацца дапамагала райская мясцовасць. Яе гістарычны дух. Тая ж генуэзская крэпасьць — масток паміж напачатку антычным, потым скіфскім, затым надоўга — мусульманскім светам і сярэдневечнай Еропай. Можна было паразважаць на паперы наконт татараў, агульнай мінуўшчыны. Гедымінаўскі замак. Дзе пасялілі іхняга хана. Грунвальд, дзе знакаміта вызначылася татарская конніца…
Раніцы былі пазбаўлены гарадскіх гукаў, аўтамабільнага шуму, нядзельных царкоўных званоў. Сценаў і дахаў за акном. Выходзячы на тэрасу, Фабіян узгадваў, што насупраць павінен быў начаваць карабель. Увечары прыплыў і запаліў агонь. А сёмай ён яшчэ на месцы. Робіцца ўтульна. У думках успрымаецца, як амаль стары знаёмец. Але ўвагу міжволі забірае сонца. Як вадкае золата ў моры, што нібы патэльня вялікая з аграмадным мёдавым жаўтком. Іншым разам на ўсходзе ранкам у моры расплаўленае жалеза. Слепкае для вачэй. Глядзець немагчыма, можна толькі хуценька зірнуць. Ціхая, маўклівая раніца. Караблі прачынаюцца бязгучна. Толькі з усіх бакоў ад тэрасы крапае з трубак кандыцыянераў, якія гудуць, халодзячы паветра ў пакоях. Паступова там, на караблях, устаюць, мыюцца, чысцяць зубы, з’ядаюць сваю яешню і адпраўляюцца па справах. Мора для іх не адпачынак, праца. Не марнаванне часу, а заробкі хлеба. Раней, гаворыць каляжанка Сабіны, не было паліва, яны калываліся ля берага, прыкутыя ланцугамі.
Каляжанка з’явіцца літаральна на наступны дзень, проста з мора, прыплыве праз адзін пляж, паўсюль уваход па пропусках, а яна добра плавае. Караблі разыходзяцца, а Фабіян і Сабіна спускаюцца стромымі лесвіцамі да пляжа. Жудасныя лесвіцы, сотні прыступак. Але яны значна горшыя, калі трэба назад. Фабіян іранізуе: другім разам трапіў у вучэбку. Але гэта ўжо пасля пляжа. А на пляжы іх расшукала Сабініна каляжанка. Сабіна паведаміла ёй, што едзе адпачываць у Таўрыду. Яна таксама прыехала.
Бадай самы рамантычны момант. Караблі ўладкоўваюцца на начлег, ствараючы на вадзе, у цемры часовыя паселішча — з выгляду такія ж, як на беразе. Толькі ў моры менш дамоў і меней жоўтых вокнаў. І няма вуліц, калі не лічыць зіхатлівы ходнік ад пражэктара, які на мачце траўлера. На тэрасе можна запальваць святло, але тады не відаць мора і прысутнасць яго часовых жыхароў, падарожных, якія спыніліся на начлег у сваіх перасоўных гатэліках, што быццам ліхтарні папярэджваюць аб уласнай прысутнасці. Распаўсюджваючы навокал жоўтае святло. Lemon juice. Альбо апельсінавы. Разліты на чорную марскую роўнядзь. Жоўтыя начныя вочы невядомых звяроў. Магчыма, загадкавых марскіх пачвараў, якія ўдзень хаваюцца ад сонца і ад людскога вока. Ах! Трэба класціся. Апошні глыток вінца, затрыманы ў роце. Быццам раздушыў паднябеннем ды языком і затым разжаваў даўкую паўночную вінаградзіну.
Фабіян заплюшчвае вочы. На чорна-белым экране па высокіх хісткіх трапах уверх спяшаюцца цывільныя буржуазнага выгляду пад капелюшамі з сакваяжамі, трысцінамі, у пенснэ і акулярах, у скураных пальчатках панове, а таксама дамы, дзеці, гувернанткі. Мы не ведаем, а хутчэй здагадваемся, што сярод іх дактары, суддзі, адвакаты, універсітэцкія выкладчыкі, банкіры, купцы, стацкія ды іншыя дарадчыкі, дэпутаты, правадыры шляхецтва, земскія чыноўнікі, па-мешчыкі, паштовыя і тэлеграфныя службоўцы, чыгуначныя інжынеры, фабрыканты. Але фабрыканты без фабрык, інжынеры без чыгункі, паштавікі і тэлеграфісты без пошты і тэлеграфа, памешчыкі без зямлі і сядзібаў, земскае чынавенства даўно без земстваў, правадыры без шляхты, дэпутаты без Думы, стацкія дарадчыкі без міністэрстваў. А купцы без тавару, крамаў і параходаў, банкіры без банкаў, а калі з грашыма, то з абясцэненымі. Выкладчыкі, яны былыя, бо без універсітэтаў, без мікраскопаў і глобусаў, астралябій, адвакаты без прамоў і падабаронных, суддзі без мантый, дактары без лекаў і шпіталяў.