Выбрать главу

Фабіяну сёння вядома тое, чаго не маглі ведаць тагачасныя ўцекачы: дзясяткі газет, якія размножыліся пры Ўрангеле, будуць знішчаны, каб следу не засталося ад таго, няіхняга жыцця, ад страхаў, турботаў тых, хто не жадаў здавацца, не жадаў падпарадкавацца, хто ўсё што мага рабіў, каб не трапіць у жалезныя рукі, не апынуцца ў пад’ярэмным стане, каб вымкнуцца на волю, хай гэта абернецца беспрытульным лёсам, хай яны стануць бяздомкамі, але свабоднымі, што праўда стануць вымушана, гвалтоўна, бо — выгнаныя, сапхнутыя з берага пясчанай бурай, смерчам.

З жалезных абцугоў махіны, якая падрыхтавалася няўмольна-дбайна разлічыцца з кожным, хто не паспеў эвакуявацца, не трапіў на борт уцякацкага каравана з караблёў: для яго не хапіла месца ці ў апошні момант у яго апусціліся рукі. Для махіны няважныя матывы, акалічнасці, яна — прылада помшчання тым, хто апынуўся паміж молатам і кавадлам. Так, рухаліся жорны гісторыі, пра якія пажадана максімум толькі пачуць часам, чымсьці трапіць у іх.

На думку Фабіяну міжволі прыходзяць згадкі пра хімію, фізіку. Вадкасці, судзіны, шчыльнасць адрозная, агрэсіўнасць. Карозія, іржа, кіслотнасць, растварае нібы скуры дубіць. Змешваюцца вадкасці, якія маюць супрацьлеглае паходжанне, не спалучаюцца, у прыродзе не існуюць разам. Якія магчымы вынікі? Алхімічная рэторта. Штучнае золата? Уяўны філасофскі камень? У рэчаіснасці чаго дасягнулі? Біблейскага міра, хіба, але без ладану й золата, дакладна.

Існуе мноства рэчываў, якія ніяк не рэагуюць паміж сабой, якія бяспечныя адносна сябе, каталізатар нічога не змяняе, ці хай акселератар, калі ўспомніць механіку. На справе існуюць таксама такія, якія не змешваюцца, не ўступаюць у рэакцыю, ператвараючыся ў нешта новае, але яны ўзаемна выцясняюцца. Агрэсія: хто каго?! Вынішчыць, масай выцясніць, выдушыць, перакрэсліць. Як жалеза выплаўляюць, ліюць у пясок.

Дагэтуль дзве сілы ўзаемадзейнічалі, шукалі пастаяннага кантакту, як паветра дзеля падтрымання тэмпературы гарэння. Так-так, яны прагнулі выкрасаць іскры, запальваць агонь, выклікаць выбухі, ствараць знішчэнні. У тую сцюдзёную фатальную восень ніяк белае не спалучалася з чырвоным. Сумесь атрымлівалася выбуховая. Крым зусім не нагадваў палітру мастака, не напамінаў шклянку з вадой, каб змяшаць акварэлі. Відавочна: у лепшым разе выходзіла славэтная крывавая Мэры. Падзеі той восені нагадвалі звыклае механічнае дзеянне: адну вадкасць выпускаюць, закаркоўваючы дбайна дно. Можна выцерці рукі.

Калі яны адплывалі, стоячы спінамі наперад, не маглі не ўзнікаць у некаторых галовах цьмяныя, неканкрэтныя думкі пра Траянскага каня. Вось каб жа такое стала магчымым! Толькі не драўляная конская статуя, не. Вялізны танк з пачаткаў Першай вайны, жалезная гаргара, што спараджала паніку сярод салдат, нават калі ён рухаўся не насустрач ім, а ззаду, рухаўся ў адным з імі напрамку, з адной мэтай. Нібы аграмадная жалезная жывёліна-выкапень, злавесна павольны вусенічны монстр памерамі, выглядам, а тым больш рухам выклікаў сапраўдны жах, спараджаючы дрыжыкі ў акопах, якімі б надзейнымі яны не былі. Прымушаў людзей закопвацца ў зямлю, хавацца глыбей, шукаць нораў бы зверы й полазы. Танкі паўзлі ў гушчыні выбухаў і страляніны быццам перасоўныя фартэцыі з гарматным агнём. А можа Фабіяну так толькі здаецца і думкі наконт каня Траянскага — адно яго ўласныя фантазіі. Ці да антычных рэмінісцэнцый ім было, ці мог хтосьці ў тыя хвіліны складаць у галаве пражэкты хаця б таго, што пазней назавуць пятай калонай? Дый з сымболікай было б складана. Як вызначыць хто ёсць хто? Алена — гэта хіба Расея, якую выкралі чырвоныя? Ці Траянскім канём быў часова Крым, які не ўдалося ўратаваць? Як голка у вушка трапіла скрозь вузкі перакопскі калідор чырвоная конніца, разгарнулася, ашчэціўшыся тысячамі шабель, пік, штыхоў, скіраваных уперад, у бок уцякацкіх плоймаў. На пакінутым беразе засталіся каты і сабакі, і коні, якіх пагатоў забраць было немагчыма. Так пазбываюцца на паветраным шары ці ў шлюпцы лішняга баласту.