Выбрать главу

Узняць трап, аддаць швартовы! Абрыў, прорва, пустата. Сціснулася роспачна сэрца, перацяла паветра. Халодныя хвалі, штармавое мора, нізкае змрочнае неба, сцюдзёны вецер, ёдкія салёныя пырскі. Смак развітання на губах. Раны гояцца часам, гэта чакала іх яшчэ далёка наперадзе, не хутка, праз гады. А цяпер марская соль толькі пачынала яшчэ мацней іх развярэджваць.

Праз Чырвонае мора, каб выратавацца з палону егіпецкага і рассеяцца па свеце, вельмі ў значнай ступені растварыцца з цягам часу ў замежным асяроддзі. Але Чорнае мора страшнейшае. Яно сапраўды чорнае-чорнае, яно — прорва, бездань. Усё: прыцісні мацней здымкі людзей, якіх больш не ўбачыш — не толькі памерлых, тых таксама, якія засталіся ў пастцы. Так і краявіды роднай краіны, яны цяпер толькі на фотакартках. Краіны, якая засталася ззаду, ва ўспамінах, у снах, у мроях, якая не знікла, але з’іначылася, стала супрацьлегласцю. Якая зрабілася забароненым плодам, экзатычным фруктам, каляровым, святочным, але з чырваточынай, з нябачнай пагрозай атручанасці.

Эфект, адваротны фотапраяўцы: выява пачынае траціць выразнасць, абрысы спакваля раствараюцца, канкрэтыка знікае, берага болей няма, ёсць толькі цёмна-шэры краявід, суцэльная нежыццёвасць, брудная пляма, усё, краіна не існуе. Як ты для яе, зрэшты. Якісьці візуальны падман, міраж, брыдкія кепікі.

Каб напоўніць бурдзюк новым віном, спачатку трэба выліць з яго сапсутую ваду, прынамсі застаялую, што задохлася, рэшткі. Каб спадзявацца на ўдачу, мець поспех, каб выйграваць, трэба дыктаваць свае ўмовы, правілы гульні, спрабаваць прынамсі, не адседжвацца на барыкадах, не марудзіць, не здаваць ініцыятыву ў чужыя рукі. Трэба не пушчаць праціўніка на сваё поле, да ўласнай брамы не дазваляць наблізіцца, бамбардаваць яе.

Можа быць ён забыўся, а можа проста часы не тыя, толькі калісьці абарона замка, горада за сценамі, фартэцыі былі звычайнай справай, будзённай практыкай і зусім неабавязкова безнадзейнай, не заўжды замкі заваёўвалі штурмам і аблогі былі конча выніковымі. Хаця без вонкавай дапамогі адкінуць ворага ад муроў сапраўды задача найцяжкая, хто б спрачаўся?

Але ж ён, генерал Урангель, якраз і схапіўся за безнадзейную, лічы, справу, разумеючы гэта, за справу, даведзеную амаль канчаткова да катастрофы. Ён пераняў яе ля самай апошняй тады рысы. Гонар афіцэра, нязбыўная прага славы, спадзяванне на шацунак, ледзьве не на цуд? Магчыма, але абавязак кожнага здатнага свядомага чалавека паспрабаваць зрабіць максімум што ты можаш і крыху болей, каб перасягнуць сябе, пажадана крыху болей, тады ў яго не будзе важкіх падстаў для раскайвання. Генерал Урангель гэта й зрабіў бадай, хутчэй за ўсё нават так, няма сумневу.

Фабіян не адчуў зусім сябе на месцы генерала, у яго ролі, не ўявіў сябе ім, а нібы мыслена прымерыў да сябе не яго абавязкі, а хутчэй нават місію, прыгледзеўся да становішча, прыслухаўся да гукаў гісторыі, бо галасоў, у яго не было ілюзій, пачуць было немагчыма. Рэальна толькі знайсці на больш бязлюдным беразе марскую ракавіну і прыкласці да вуха. А пачуўшы роўны манатонны пошум, паспрабаваць уявіць.

Сёння Крым чыніўся ў фабіянавых мясцінах. Абуджаныя да свабоды, яго землякі з цяжкасцю пазбываліся летаргічнага сну, але вольнае паветра рабіла сваё. Яны — нашчадкі рыцараў, яны — рыцарская нацыя! Сцяг з конным рыцарам залунаў над краінай… Але каторы ўжо год краіну зноўку дратуе чырвоная конніца, паўторнай навалы якой не атрымалася пазбегчы. Што зробіш, няма рады, у наш час роля рыцараў — перамагаць маральна. Але гэта цяжкая перамога, не раўнуючы Пірава і амаль уяўная. Перамога-параза насамрэч, калі быць шчырымі.

Крымскага зыходу пасля забароны рыцарскага сцяга, аднак, не адбылося, рыцары вымушаны хаваць свае твары, каб не вельмі вылучацца натоўпу. Яны застаюцца белымі варонамі. Яны ператварыліся ў ордэн пераследаваных, уцісканых духоўна. Аднак ім не нашываюць прымусам нейкіх жоўтых зорак, свайго рыцара яны, часам прагнучы ўзняць забрала, чапляюць сабе самі — на берэт, капялюш, на штрыфель або пад ім — гэтак болей бяспечна.

А яны якраз адразу апынуліся ў аблозе, не маючы на большае сілаў, ці лічачы што не маюць. Яны самі, можна сказаць, замкнуліся ў сваім Крыме, у сваёй старой крэпасці, ужо нечакана радыя, што здолелі атрымаць цытадэль. Але яны не рабілі наступу падобна генералу Урангелю, яны самі сябе абмяжоўвалі, не ведаючы навукі ваяваць, не разумеючы сапраўднай кітайскай дыпламатыі, не знаёмыя з кампрамісам, з манёўрам, не разумеючы патрэбы хітраваць, не прымаючы закуліснай барацьбы.