Выбрать главу

А зараз вяртаемся да нашага Панятоўскага, да апошняга караля, які закончыў сваё караляванне ў прыгожым новым палацы над Нёманам, каторы дагэтуль вартуюць своеасаблівыя сфінксы караля з Саксоніі, які збудаваў гэтую рэзідэнцыю. Закончыць праўленне, калі ўсе твае ўладанні, твая краіна з дзвюх вялікіх частках, з дзвюх краінаў сцялася да апошняга твайго прытулку, закончыць пад хатнім арыштам. І апошнім гэтым прытулкам стаў палац, які быў увасабленнем усёй краіны і яе ўлады: правую частку займалі каралеўскія апартаменты, левую — дэпутаты ад усіх ваяводстваў і адлеглых паветаў, якія збіраліся на дэбаты. Парламент, не горшы, чым у Парыжы, зразумела, да гільяцініравання Марыі Антуанеты. Яму тады міжволі, калі звесткі дасягнулі вушэй яго двара, падумалася: у пэўным сэнсе добра, што кароль Рэчы Паспалітай не мае жонкі, што яго суседзі па дому — шумныя дэпутаты з магнацкіх палацаў і шляхецкіх засценкаў скарысталіся з права вета, проста кажучы забараніўшы яму браць шлюб. Хаця асабістыя ворагі трыумфавалі тады: кароль у ролі гарэмнага еўнуха, хай нават гэта моцнае перабольшанне, але прысмак застаецца, яго не пазбыцца.

Парламент, арыстакратыя, лепшыя людзі каралеўства і княства вялікага, самыя разумныя галовы, узважаныя, мудрыя, ці найбольш спрытныя, уладныя, крыклівыя, балбатлівыя, нястрымныя? Парламент — небяспечны вулей, хаця, пакуль займаецца сваёй уласцівай працай, пакуль дбае пра прымнажэнне, пра хлябы і рыбіны, так-так, пра прымнажэнне мёду таксама, збожжа, харчоў, пра мануфактуры, гандаль, дарогі — ён самая карысная інстытуцыя. Але тым жа часам ён небяспечны нібы агонь. Агмень у вялікай каралеўскай варыўні, у кузні, у плавільні шкла-гуце, усё гэта выдатна, без гэтага не абысціся. Але не дай Божа, іскры пасыпяцца, грымоты, маланкі, не дай Божа пажар. Вулей такі самы небяспечны, калі яго расцвяліць, разварушыць. Не важна, Генеральнымі штатамі ён называецца, ці нейк інакш. І вось ужо шугае на вуліцах Парыжа рэвалюцыя, агнём залівае кварталы, нібы кратэр вулкана выбухае, якая ўзводзіць на пляцах гільяціны, якая сячэ галовы налева й направа.

Парламент за сценкай, зусім не кішэнны, не, але часам — бура ў шклянцы вады, шмат галасу з нічога. Так-так, даводзіць ваду, ежу да вару, да кіпення, хай кіпіць, варыцца, але кантраляваць тое, што адбываецца, каб не выкіпала, не вымыкалася вонкі, цераз коптур, не залівала вакол рандэлка пліту шумавіннем. Да слова: я не спрабую перадаць думкі караля, Божа барані, маё жаданне звярнуць погляд на даўнія падзеі ў маім горадзе, нейк прадумаць, прамеркаваць, ацаніць, на свой лад, канечне. Падкрэсліваю: гэта думкі празаіка пачатку дваццаць першага стагоддзя, які, як яму здаецца, трымаецца залатой сярэдзіны, ён не зважае на скрайнія погляды — на левацкі — што нашчадкі крывічоў безумоўна плябейскага паходжання і на занадта правы, што іх тут увогуле не было, іх прыдумалі, і ўсё тут пястоўскім духам насычана і прасякнута. Мне чымсьці падабаецца наш апошні кароль, я не лічу яго замежным, прысланым з Варшавы, ён цікавы мне як чалавек, не кажучы: прываблівае драматычнасцю лёсу.