Час з’язджаць усё ж надышоў, яны з Сабінай, пакінуўшы ў рэцэпцыі рэчы, апошні раз на моры: месца хапае, раніца не пляжная, надвор’е нібы адмыслова змікшавана, каб яны не надта шкадавалі пра ад’езд. Пасля начнога дажджу з маланкамі халаднавата. Сонца заспалася, яго спачатку няма зусім. Уласна кажучы, па пляжы нечакана няўтульна, яны ўстаюць з драўляных лежакоў і ўзнімаюцца наверх, на “салярый”, што прасунуты ў мора. І нават тут не ўсё занята, як бывае звычайна, яны кладуцца плазам на прахалодныя дошкі і прыкрываюцца, бо апатычнае сонца раз-пораз зашморгваюць фіранкі шэрых хмарак, і ляжаць зусім не цёпла. Фабіяну ўзгадваецца рыцарскі турнір, што ў дзень іхняга ад’езду пачнецца на адлегласці — у горадзе з генуэзскай крэпасцю. Некалі рыцары, кавалеры крыжоў мусілі адплыць з паўвострава, пакінуць райскую мясціну, дзе вынішчылі затым усё рыцарскае, шляхецкае. Ці атрымаецца вярнуць сякі-такі дух? Штучныя прышчэпкі ці заўжды даюць вынік? У Фабіяна няма адказаў, ёсць толькі пытанні. Яны ляжаць з Сабінай моўчкі, размаўляць няма асаблівай патрэбы, хочацца адно надыхацца на астачу марскім паветрам, наслухацца хваляў, каб хоць на бліжэйшыя дні крыху захаваць адчуванне мора.
— Ты ведаеш, парушае пазней маўчанне Фабіян, выбітыя, выгнаныя з Ерусаліма крыжакі пагрузіліся на караблі і апынуліся ў моры. Яны заставаліся вайсковай сілай, як і армія генерала Урангеля, яны высадзіліся на Кіпры і заснавалі сваю рыцарскую дзяржаву.
— Але ж гэта быў востраў, ім пашанцавала.
— Можна й так сказаць, на пэўны час, зрэшты яна праіснавала трыста гадоў…
— Яны з вялікімі стратамі ўпарта заваёўвалі горад з Дамавінай Гасподняй, але бясконца ўтрымліваць яго не маглі. Іх акружала чужароднае ваяўнічае мора. Мне ўвогуле здаецца гэта вар’яцкім: рыцары ў жалезных даспехах у распаленых сонцам пясках. Я думаю, Кіпр стаўся для іх лепшым месцам, думаю, нават раем, калі ўлічыць, што сёння гэта суцэльны курорт, прынамсі нетурэцкая частка.
— Абрысы Кіпра нагадваюць відавочна відарыс крымскі. Але Бог не зрабіў Крым канчаткова востравам, штось яго стрымала, прымусіла пакінуць аднолькавую магчымасць і абараняць з поспехам вузкі уваход, і прайсці скрозь яго ўнутр. І нашым, і вашым. Тое, што чырвоныя прайшлі цераз гнілую затоку ў халады, перакрэсліўшы перакопскую абарону, не навіна. Імператарская пяхота рабіла тое ж самае, калі Перакоп абаранялі туркі з татарамі, я чытаў калісьці. Рускія некалькі разоў уваходзілі ў Крым, але пакідалі яго, некалькі разоў, нават дзіўна. Гэта каштавала столькіх жаўнераў, столькі пораху. Крым быў напэўна для іх накшталт Ерусаліма: і хочацца, і колецца…
— Толькі што яны не бачылі ў ім нічога свайго, не адчувалі сваіх правоў. Гэты пісьменнік, які потым стаў пісаць па-англійску, ён таксама трапіў за мяжу праз Крым, ён яго здзівіў, пісьменнік не адчуў рускага духу, як ён пісаў потым. Крым здаўся яму чужым краем, дзе ўсё было нярускім: пахі, гукі, рык асла, крык муэдзіна.
— Калі падумаць: рай і не павінен быў выглядаць інакш. Рай, гэта заўсёды незвычайна, гэта замежная тэрыторыя, экзатычны куток.
— Як у рэкламе “баўнці”?
— Сапраўды. Рай не мог выглядаць будзённа, як звычайная вёска: саламяныя стрэхі, пахіленыя парканы з парэпанымі збанамі, напрыклад.
Яны зноўку ляжаць моўчкі. Ляжаць, часам расплюшчваючы вочы ў неба, дзе сонца ніяк не можа вызначыцца, і глядзець не слепка, нават прыемна, усведамляючы, што бачыш неба над морам, над Крымам. І неадчэпная думка: апошні раз бачыш. А над галавой часам у абсяг зроку трапляюць чайкі, якіх кідае нібы ў хвалях у паветраных плынях, вецер трывае парывісты.
Бог ім нарэшце пасміхнуўся, дазволіўшы сонцу апоўдні ўлагодзіць Сабіне з Фабіянам апошнія марскія ванны. Аднак змыць соль аказалася не так проста, як ім здавалася напярэдадні. Платны душ, які яны даўно прыгледзелі, спыніў сваё існаванне менавіта ў патрэбны дзень. Ім паспачувалі, далі параду, і вось яны па чарзе ў змрочнай старой кацельні сярод іржавых трубаў, вентыляў здолелі за грашы пастаяць некалькі хвілінаў пад апатычным цурком з друшлячка.
Апошняя ежа з півам на цяністай тэрасе пад каменным мурам у “Раі” на набярэжнай. Гэта віла для новых рускіх побач з морам, яны ў жэзлонгах загараюць у лоджыях. Ад віна перад дарогай Сабіна з Фабіянам адмаўляюцца, апошняя пляшка выпіта ўчора ўвечары наверсе з морам як на далоні. З морам, якое апынаецца спакваля пад цёмным небам, якое не паспявае зрабіцца суздром чорным, бо нябачная рука жменяй раскідае наўсцяж россыпы залатых зораў. Апошняй пляшкай было ружовае, інкерманская “Гераклея”, Фабіян не вялікі аматар ружовага, але назва спадабалася вельмі. Яго не пакідае думка пра вінныя склепы ў горных пячорах. Штосьці Урангель, канечне, пагрузіў на караблі. Але колькі засталося яшчэ! Малаверагодна, што выбівалі коркі з бочак, білі бутэлькі, каб крымскі нектар багоў не дастаўся ворагу. Напэўна, матросы адчулі культурны шок, трапіўшы ў склепы з мадэрай.