Мужчына ў цывільным непарушна рабіў аператыўную відэаздымку. Фільмуючы цябе, мітынговак, асабліва якія не маўчалі. А таксама завадатара, які прывёў іх на пляц, выклікаў на размову начальства. Мажны, хутчэй нават гладкі, даволі высокі і з выгляду больш-менш лагодны, вонкава дабрадушны. З крыху пракудніцкімі вачыма. Ніякай абуранасці і злосці, ніякага адчаю. Мітынг пачынаў нагадваць шторм у шклянцы з вадою. Ажно начальства не вытрымала кірмашовай атмасферы і, тэатральна-абражанае, апусціўшы мегафон, пакінула пляц са статуяй і непаслухмяным незгаворлівым натоўпам.
Людзі ў плямістых мундзірах павялі завадатара ў сваю “мянтоўку”. Гэта недалёка. На гутарку. Хоць ясна, што — пратакол складаць. Якія з ім могуць быць гутаркі?! Увесь натоўп рушыў следам, ператварыўшы стыхійны мітынг у шэсце, амаль у дэманстрацыю. Накшталт: уладу — саветам без камуністаў, фабрыкі — рабочым і г.д. Асучаснены варыянт: прэч касавыя апараты, сертыфікацыю, штрафы і падвышэнне падаткаў!
Завадатара завялі ў камяніцу ў стылі мадэрн з лічбай “1912” на фасадзе. З разбяных высокіх старасвецкіх дзвярэй адразу выбеглі ў зухавых берэтах амонаўцы. Публіка запоўніла пространь паміж пастарункам і управай “кэй-джы-бі”, якія стаялі насупраць — праз вулічку. Перад міліцыяй стаялі машыны, таму публіка згуртавалася пад вокнамі абрэвіятурнай установы, што выглядала надзвычай кашчунна. “Кэй-джы-бі”, крыху меней, але традыцыйна баяліся як агню вось ужо гадоў шэсцьдзесят мінімум. Прынамсі ў гэтым горадзе. Сітуацыя чымсьці няўлоўна нагадвала пляц Бастыліі, перад яе штурмам.
Час зацягнуўся. Ажно нарэшце завадатар з нетраў пастарунка паведаміў па мабільным тэлефоне (музычны званок чула ўся вуліца), што яго паабяцалі неўзабаве выпусціць. Натхнёная публіка знянацку пачала скандзіраваць прозвішча завадатара. Нават шыбы затрымцелі. Сустрэлі яго радасна-стыхійным пераможным галёканнем. Два грузавікі спецвойскаў, якія напагатове грэліся ў пастарунку, атрымалі адбой і каманду ў сталоўку.
Назаўтра на пляцы каля статуі начальства задавальняла гурманскія патрэбы жыхароў. Пляц кірмашаваў. Страйкуюць рынкі? Няхай людзі купяць ежы на мітынговым месцы. Лепей есці, закусваць, адпачываць, чымсьці бунтаваць. Учорашні мітынговы дзень надарыўся сцюдзёны, вятрысты, шэры. Цяпер з апошняе восеньскае сілы грэла, цешыла сонейка, нібы ўлады разагналі хмары. Часовыя вулічныя шынкі былі зроблены з фальклорнымі падворкамі — з вясковымі платамі і збанамі зверху, з вялізнымі гарбузамі, кашамі з бульбай і буракамі. Са сланечнікамі толькі з гарода. З лавамі, на якіх уладкаваны натуральных памераў лялькі вяскоўцаў. З кавунамі замест галоваў. Гарманісты гралі прыпеўкі і кадрылі. Народ піў гарэлку ды піва, закусваў піражкамі і кулябякамі. Шынкі і вяндліны, смажаніна смачна кідаліся у вочы. Па кірмашы хадзіў, ацэньваючы — ці добра весяліцца публіка, учорашні начальнік з мегафонам у руках перад мітынгоўшчыкамі. Ты пасміхнуўся сам сабе, ледзьве не сутыкнуўшыся з ім. Яго твар, здаецца, не змяніў напружанасці за дваццаць чатыры гадзіны…
Праз дзень ці два вы сядзелі ў машыне на ростанях, ты і твае візаві — Алекс і Вальдэмар, старыя аматары рок-н-рола. Ззаду стаялі яшчэ некалькі машын. Чакалі амерыканцаў. На вуліцы халадэча, таму грэліся. Слухалі рок-дыназаўраў. Чакалі іншыя, вы хутчэй атрымалі сабе ролю назіральнікаў. Вы слухалі старыя мелодыі, час-часам абмяркоўваючы выканаўцаў. Сціслыя меркаванні на іхні конт, успаміны, звязаныя з маладосцю, калі слухаць такую музыку было амаль злачынствам лёгкай ступені цяжкасці.
Вялікі магутны аўтамабіль — сама моц, хуткасць — імкліва наблізіўся і рэзка спыніўся. Вонкі выбраліся замежнікі ў акулярах. Дэлегацыя з бацюшкам на чале, з абразом, з пірагом і букетамі рушыла да іх. Вы з цікаўнасцю назіралі. Бацюшка гаварыў прамову. Госці частаваліся, затым з іх счышчалі цукровую пудру. Вецер! “Замест хлеба з соллю яны пірог салодкі паднеслі”, — даволі скептычна пракаментаваў Алекс. “Увогуле гэта ўсё занадта. Навошта каравай, навошта кветкі? — азваўся Вальдэмар. — Дый абраз навошта з ручніком?”
Бацюшка падышоў да вас і растлумачыў свой план. Амерыканцы паедуць наперадзе, іх, як дыпламатаў, павінны прапусціць у мястэчка, да падмуркаў бацюшкавай царквы, якую перашкодзілі будаваць. А за імі прарвемся ўсе мы, — падсумаваў ён. Алекс, апусціўшы шыбу, выслухаў яго і асцюдзіў: нават калі нас прапусцяць, што вельмі сумнеўна, потым усіх паасобку конча аштрафуюць. А падтрымліваць рэжым штрафамі супярэчыць нашаму жаданню. Дый амерыканцаў могуць не прапусціць, — і дадаў. — Яны ўсё могуць.
Вы счакалі, каб не апынуцца сярод удзельнікаў — у калоне. Каб заставацца назіральнікамі. Дарога ляжала ўздоўж мястэчка. Усе ўезды вартавалі міліцыя і вайскоўцы. Любую калюжную вулічку. Вы не хавалі іранічнага захаплення… Бацюшка, чарнеючы расай, жэстыкуляваў, штось тлумачачы ахове. Калона рассыпалася. Машына дыпламатаў стаяла каля будкі дарожнага паста. Уезд на цэнтральную сядзібу калгаса вартавалі быццам браму сакрэтнага аб’екта.