Выбрать главу

Галава караля нашага, з бронзы пазірае зверху, з калоны ўнутры катэдральнага касцёла побач з купеллю ў нагах укрыжаванага Хрыста. Ногі з чырванаватымі пацёкамі, нібы ад памады, сляды якой наслойваюцца. Гэта ў царкве, куды ты аднойчы трапіў, бацюшка непрыхільна у вочы адхвастаў жанчыну на памінальным набажэнстве: тут вам царква, а не танцы, напамадзілі сабе вусны, як нейкія гуляшчыя! У царкве жанчынкі ў хустках закручаны, вочы пакорлівыя. Як у мусульманак. Але я часам дальбог узгадваю пра забарону царкоўную маляваць вусны, калі мінуючы каралеўскую галаву апынаюся перад распяццем з рэшткамі памады на нагах.

У апошні вераснёўскі дзень цёпла-цёпла, можна ўявіць, што лета не скончылася зусім. Такі лагодны-лагодны пачатак восені рэдка здараецца. Калі ласка, адпачні на астачу. Пасля спякотнага нервовага лета без возера, без мора, толькі з каламутнай ракой пад асфальтным мостам. Лета без лецішча, без лесу, без прыроды, лета на распаленым бруку пад цагляна-чарапічным дахам, пасярод аўтамабільнага чаду. Верасень маленькі дарунак, падабенства палёгкі. Каб не зусім ужо адразу са спёкі ў мокрую золкую халадэчу, без дня сапраўднага адпачынку. Пара куфляў піва пад ценем парасона — не ў лік.

Пражскі помнік нагадваў віцязя, магутнага асілка ў латах, якісьці кітайгародскі стыль. Ваявода Хаванскі вершна вырушыў на крымчакоў. Мода тады існавала ў мастацтве: былінна-легендарныя вобразы, казачныя, дэманічныя постаці. Славяншчына, магутная купка, матывы паганства. Помнік вялікаму князю з жалезным воўкам у нагах зусім іншы. Памкнёны наперад, і конь не цяжкавагавы, і сам князь не ацяжэлы. Але горад з помнікам апынуўся за калючым дротам. Дакладней, мы за калючым. Толькі першую хвілю цяжка скеміць — каму лепей: хто дасылае паветраныя пацалункі з вагоннага акна, ці хто застаўся стаяць на запляваным, засмечаным семкамі пероне. Конныя каралеўскія помнікі, на жаль, на другім баку.

Калі я быў там апошнім разам, у горадзе з нечаканай гарой пасярэдзіне, быццам гузак на галаве, на якой вартавая вежа і сцяг, які лунае свабодна і годна, я сфатаграфаваў каралеўскі помнік, каб у рамцы павесіць на сцяне, але не зрабіў дагэтуль. Хіба ад падсвядомай зайздрасці? Жалезны воўк. Вядомая летапісная гісторыя... Князь сасніў воўка, які быў жалезным, і той жалезны воўк загадаў ці параіў яму пабудаваць на гэтым самым месцы горад. Горад пераходзіў з рук да рук, з адной моўнай стыхіі трапляў ў іншую, апынуўся за калючым дротам і даволі надоўга, але захацеў дыхаць вольным паветрам, прыехалі танкі, была кроў, але кайданы ўпалі, горад уцёк з-за калючага дроту. Вымкнуўся на волю. А жыхары паставілі помнік заснавальніку сталіцы — князю і яго воўку.

Нашага караля называлі чалавекам з жалезным поглядам, якога баяліся хаванскія загоны. Нямецкі падарожнік пакінуў апісанне: кароль выязджае ўрачыста са світай з замка на гары і калідорам вуліцы рушыць да касцёла на набажэнства. Абапал месцічы, сярод якіх немец, якога так уразіла працэсія, сама атмасфера, што ён неўзабаве сеў з паперай і чарніліцай, узяў пёрка і напісаў пра ўбачанае. Пра дрыжыкі, якія выклікаў міжволі грос кёніг, які здаваўся жалезным.

Не дасягнуўшы катэдры, кароль спыніўся і стаіць дагэтуль на пляцы ў гайніку. Конь, напэўна, шчыкае траўку, апошнюю восеньскую, якая чэзне навідавоку, неўзабаве буцьвее, жоўкне і пятрэе на марозе. А кароль не з’язджае. Уся яго світа даўно пахавана на цвінтарах і ўнутры храмаў, у лёхах. Ад апошніх захаваліся часам магільныя пліты, напаўсцёртыя надпісы. Хто апынуўся ў зямлі, зніклі дазвання. Няма даўно крыжоў, багародзіц, анёлаў, няма надмагілляў. І саміх могілак няма. Ані следу. А косткі ператварыліся ў глебу. А кароль запыніўся у одуме, не кранаецца з месца.

У горадзе з вольнай ад калючага дроту часткі мапы якія хочаш помнікі. Маршалкі, кардыналы, каралі... А не толькі чыгунныя богачалавекі — правадыры, наркамхарчы, людзі з маўзерам пры баку. Вольны вецер, вецер зменаў заблытваецца незразумелым чынам ў калючых дратах, у сеціве “сістэмы”. Людзі неабазнана лезуць напрасткі цераз драты. Скрозь калючыя агароджы чалавеку працярэбіцца амаль немагчыма. Наважваюцца толькі тыя, хто ў сваіх азіяцкіх стэпах і пустэльнях не ведае пастак і суцэльнага драцянога сеціва, хто паняцця не мае, што трапіць у вольны свет з нявольнага — надзвычай складаная і вельмі небяспечная справа. “Сістэму” рабілі і ўдасканальвалі доўгі час, каб ніхто не мог уцячы адсюль. Працавалі дбайна, адбіўшы не толькі ахвоту, але самыя нават думкі пра ўцёкі… Даўным-даўно “сістэма” працавала адно супраць звяроў, якія не ведалі абмежаванняў і не падазравалі пра межы. А тым болей пра людскую падэсць, падрыхтаваную для іх, лясных насельнікаў, якія, адрозна ад людзей, захоўвалі сваю свабоду, наколькі атрымлівалася.