Выбрать главу

Непрыемныя словы “візавы рэжым”. Падобныя на спружыну або на гумовы эспандар. Шархоткае сцябло асоту ці чаратовае, вострае як лязо. І штосьці ад замкнёнасці: вокны з кратамі, дзверы, тэрыторыя, абгароджаная калючым дротам. Рэжым. Зона. Уваход па пропусках. Уезд па візах. Кантроль. Падазронасць, непрыязнасць, адсутнасць усьмешкі. Падзел на людзей двух гатункаў. Абразлівыя словы, якія выклікаюць прызабытыя думкі аб Місісіпі ў агні і аб нядаўняй Паўднёвай Афрыцы.

Кароль здранцвеў. Разам з канём. Можа гэта міраж? Здань караля. Што ж, мабыць, гэта найболей праўдападобна. Беспрытульная постаць, якая растане як туман, як дым, як смуга. Скрозь якую пройдзеш, нічога не адчуўшы. А большасць нават нічога не заўважыць. Бо заўважаць у гэтым разе, значыцца ведаць, любіць, адчуваць піэтэт. Мець пашану ў душы, ганарыцца і пакутваць. Наяўнасць нябачнай оптыкі? Кантактных лінзаў? Ці можа, вочы нармальныя ў меншасці, здольнай бачыць не толькі вонкавае. Меншасці, якой не паспелі ці не патрапілі кропнуць атрапін, каб змянілася рэзкасць зроку, бачанне навакольных рэчаў.

Жывыя статуі. Людзі не ведаюць што ім яшчэ вымысліць. Ім чагосьці ўсё карціць... Ім замала быць самімі сабой, бачыць свой твар у люстэрку, яны стаміліся ад сябе. Ім патрэбны не пластычная аперацыя, а маскі. Ім хочацца вылузацца з уласнай скуры, скочыць вышэй галавы, укусіць сябе за локаць. Быць людзьмі, хома сапіенс ім ужо нецікава. Гэты стан ім здаецца прэсным, без смаку. Ім заманулася стаць манекенамі. Ператварыцца ў маўклівую постаць, у статую, у камень. Яны прагнуць быць акторамі, выконваць ролі, іграць. Нават калі няма звычайных здольнасцяў, не кажучы пра талент. Уласнае імя ім непрыемнае. Ім хочацца кідкіх гучных прозвішчаў, артыстычных мянушак.

Усе квіткі дашчэнту разабраны, каб паспець у іншую краіну да “дня ікс”, да візавага рэжыму. Доўгая чарада машын перад шлагбаўмам, у бакі ад якога разыходзяцца шэрагі калючага дроту. Золкая шарая нервовасць у нейтральнай зоне. Падрыхтаваныя да неспадзевак і каб выконваць любыя каманды. Нявыспатыя і скалелыя трымаюць пашпарты напагатове кожную хвіліну. У акенца ў разгорнутым выглядзе, толькі ў разгорнутым. Каб не ўзлаваць. Тварам у анфас, вочы ў вочы, нікуды не паварочваць галаву, не глядзець убок. Спраўджанне ў якіхсьці зашмальцаваных сшытках. Пячатка. Лясь! Можна у “фры шоп”, чаму б і не? Ці будзеце вы што-небудзь браць? Не-не. Адказаў па прывычцы. І адразу пашкадаваў — апошні раз да візавага рэжыму... Буду! У цеснай крамцы ажыятаж, гармідар: ваш фрышопны талён, тры хвіліны на выбар. А вось пляшка палінкі, мадзьярскай палінкі, якую піў кароль, асабліва ў маразы. Ён не толькі падабаў віно, віно сваёй радзімы, у тваім горадзе, які таксама палюбіў, атабарыўшыся ў Старым замку на гары над самай ракой.

У пабе у вольным горадзе з вальяжнай публікай, за вокнамі бронзавая статуя Ягамосці. Ганаровы погляд, шляхецкія вусы, крывая шабля-карабэля пры баку. Бараніў ад хаваншчыны, фундаваў храмы, друкаваў кнігі. Піва ў пабе, дата на фірмовым куфлі — “1790”. Так-так, тут шануюць традыцыі, тут памяць маюць не абцятую. Табе не хочацца лішнім разам нават не прыніжацца, а звыкла крыху наракаць, твой прыяцель канечне ўсё зразумее, ён ставіцца да вашых праблемаў спачувальна... Але як стрымацца, як не сказаць, калі тут старанна адшукалі ў архівах першыя ўзгадкі пра бровар яго мосці і старанна з гонарам напісалі дату на піўных бутэльках і бляшанках. Яшчэ горада ніякага не было, адно палац з паркам і дзве-тры брукаваныя вулічкі. Але сапраўдны палац, міні-Версаль, згодна тадышнім друкам.

Ну й што, Веслаў? Мой горад даўным-даўно у “Сівітатэс орбіс тэрарум” названы быў сярод найгалоўных гарадоў свету. А ў наступным новы кароль пацвярджае ранейшыя прывілеі жыхарам і вызваляе саладоўні і бровары ад падаткаў, якімі абцяжарыў іх папярэдні манарх з нагоды зацягненай і знясільнай вайны з кітайгародцамі. Хаця вайна працягваецца. Але піваробы прызвычаены на ўсім эканоміць, яны падмаладзілі гарадское піва, пазбавілі моцы на трыста год. Ах, кароль, ах каралеўскія прывілеі! Яны зніклі ў кітайгародскіх архівах, трапіўшы туды ваеннымі трафеямі разам з касцельнымі званамі, са штандарамі і гарматамі.

Ты вяртаешся, вы паступова мінаеце шэрагі калючых дратоў, нейтральную тэрыторыю, падазрона-пільную варту, шлагбаўмы, зноўку драты. Каралеўская сталіца, нарэшце! Вітаю цябе, замак апошняга манарха! Цытадэль на гары. Па-за дротам, канечне, добра, але тут дом. Мост высока па-над ракою, якая гэтак моцна шырока плыла ў каралеўскія часы. Кава дома. Памежны трафей — вялікая бутэлька палінкі. Палінка — гэта, ведай, — “драй эпрыкот брэндзі”. Цымус! У каралеўскім замку падзея: успомнілі пра караля, якога скульптуры займаюць нечакана цэлую залу — з тулавам і без, на кані, на манаршым пасадзе, бюсты, галовы, барэльефы, з вырабленым тварам і — без вачэй, носа, з рукамі без далоняў, бронза, медзь, чыгун, гіпс... Аўтар — адзіны. Якісьці здранцвелы, ці папросту засмучаны. Ён прызвычаены да майстэрні, да самоты, цэлыя гады рабіў у чатырох сценах каралеўскія скульптуры. Пасярэдзіне макет коннай статуі, на сцяне фотапанарама гарадскога пляца. Штосьці незвычайнае! Вершны каралеўскі помнік. Скульптар прыклеіў яго выяву на фоне гайніка. Ён сціпла прызнаецца, што марыць, калі-небудзь на пляцы убачыць сапраўдны помнік.