Выбрать главу

Густыя гукі сярэдневечнай музыкі, камерны аркестр ажыўляе мелодыямі мёртвую скульптуру. Віно ў кілішках нагадвае пра каралеўскія склепы. Калі ён памёр, у замкавых лёхах знайшлі пяцьдзесят адную бочку з віном, якое ён не паспеў выпіць. Кулуары. А ці ведаеце, ён сапраўды баяўся атруты. Нездарма дагэтуль спрачаліся: ці не быў атручаны? Бо надта хутка і дзіўна памёр. Ён выпісваў з замежжа сродкі ад атруты і нават сам імі карыстацца рыхтаваўся. На каго толькі не думалі! А найперш — што жонка. Так, яна была старая, яе матка любіла атруты. Ён уцёк сюды не проста, каб паляваць аленяў, якія бадзяліся за гарадскімі мурамі, дачка палясоўшчыка мела ад яго сынка пазашлюбнага. Напраўду? Трэба не баяцца архіваў. Калі ён памёр, сам Папа Рымскі прыслаў удаве залатую ружу…

Непазбежнасць надыходзіць з нуля гадзінаў ночы, кажучы па-вайсковаму. Трэба ўставаць у цемры, званкі з кішэннага тэлефончыка, сонныя апатычныя галасы. Язда на няблізкую мяжу, якая спатыкае неспадзявана пустатой перад шлагбаўмам. Сумныя шапікі, у якіх зрабіліся непатрэбнымі пісьмовыя машынкі, на якіх адстуквалі пашпартныя дадзеныя ў ваўчарах. І танна, і хутка — можаш праязджаць цераз шлагбаўм. Ніколі болей. Званок з далёкай радыёстанцыі, паведамленне ў жывым эфіры пра першыя гадзіны візавага рэжыму. Вяртанне з выпадковым падарожным да гарадской ускраіны. Паўгадзіннае калыванне ў перапоўненым аўтобусе з потнымі шыбамі, з цяжкім паветрам, з заціснутымі апатычнымі пасажырамі, збольшага — жанчынамі, я агледзеўся: прывабнымі часцей маладымі спадарынямі, якім бы крочыць на подыумах, аздабляць вокладкі модных часопісаў, здымацца у вядомых рэжысёраў.

Гаспадар вялікага, але старога мерсэдэса, з якім вяртаўся з мяжы, наракаў на памежныя парадкі, дакладней на падзел сваіх на звычайных і прывеліяваных, перад якімі нават мытнікі — як служкі. Для якіх усё па-за чаргой, усё хутка, якія з памежнікамі запанібрата, у якіх усё куплёна. Спыніліся на чыгуначным пераездзе, чакаючы амаль пусты нетаропкі цягнічок. У памежную зону шмат пасажыраў не бывае. А памеранцы? Паназірайце, калі яны працуюць самі па сабе і калі прыязджае іхні камендант. Звычайна са сваёй будкі не паказваюцца, а тут — праштампавалі пашпарты і чакаюць наступных, напагатове. А калі няма начальства іхняга, чакаем мы немаведама чаго. З немцамі, ды з астатнімі, ездзілі ж людзі далей, — гэтак паспрабуй толькі працаваць. Усе гавораць: нашая мяжа самая брыдкая, яны паводзяцца як паны, не ведаю... Мы сябе адчуваем людзьмі другога гатунку... Прастукалі колы цягнічка, выклікаючы званкі на пераездзе, узняўся шлагбаўм. Я дапяў, што ён перавозіць паліва праз мяжу, хуценька здае і вяртаецца. Таксама бізнэс. Сказаў, што як кошты павялічыліся, даводзіцца мяшаць салярку з газаю. Такі вось бізнес.

Атрымаў і-мэйл з краіны, якая не ведае, што такое калючы дрот. Яны двойчы на год адпачываюць: цёплае мора, горы. Апынаюцца часова пасля дарагой краіны ў таннай, дзе ўсё “вэры чып”. Але гэта іх не пазбаўляе ад традыцыйнага спліну. Яны змагаюцца з ім штовечар у пабах з “Гінэсам”, у сяброўскім коле, на частых каляжанскіх пагулянках. На возеры у фітнэс-клубе, пабудаваным з дрэва у скандынаўскім стылі. Унутры — нібы апынуўся на дракары вікінгаў. Басейн, саўна, джакузі. Аднак усё гэта не ўратоўвае ад дэпрэсіі. Яны мусяць наведваць сваіх псіхааналітыкаў, якія “вэры экспэнсыў”. Што ж тады нам казаць, што рабіць мне? Без мора і гор, без пабаў і псіхааналітыкаў? Набыць пляшку таннага французскага віна з-пад крыса і вельмі дарагога “кіце-кэту”, паслухаць добры рок і палашчыць свайго ўлюбёнага ката: мур-мур-мяў.

Калі ўчора не было візаў, а сёння яны ёсць, гэта як раптоўныя маразы пасля цёплых дзянькоў, але маразы, якія надыйшлі натрывала. Можа й не навечна, але вельмі надоўга. У душы штосьці сціснулася, як абуджаны страх, шкадоба да самога сябе, клубок непрыемных думак, пачуццяў. Учора іх не было, а сёння яны — непазбежнасць, дадатковая перашкода на шляху па-за калючы дрот. Як не было спачатку жалезнай заслоны, халоднай вайны, а потым яны на дзесяцігоддзі вызначылі існаванне з вечнымі страхамі, падазронасцю, варажнечай. З падзелам на два светы.