Не паспеў вярнуцца, як лопнулі мяхі набрынялых хмараў, разам з дажджом пасыпаліся на галаву каляныя каштаны. Зырка-жоўтыя кляновыя, барвовыя каштанавыя лісты хутка страцілі сваю мастацкасць, намоклі і паплылі, брукаваная вуліца утанула ў вадзе. Рачулка як звочыць набрыняла, узнялася на выбрукаваныя берагі і памкнула пад мост, побач з якім дождж бязлітасна хвастаў гранітны бюст паэткі. Больш не будзе цяпла, надоўга не будзе лета. Немагчыма ўхапіць яго за хвост, як дзяўчыну. Мокне на рацэ плывучая рэстарацыя “Каўчэг”. Ніхто не хоча больш піва. Яе завядуць у затоку, прышвартуюць, каб увёсну не сарваў крыгалом. Не будзе больш і вулічных рок-канцэртаў ля бара “Піўная бочка”. Актор, які выканаў ролю караля, нягегла і непераканаўча, спрабуе перад люстэркам апанаваць ролю, і пакуль яшчэ ён не задаволены сабой.
Гэта цяжкі крыж, але гэта і пячатка абранніцтва. Гульня, свавольства. Ніякага канвеера, ніякай установы. Спі, чытай, ездзі па грыбы. Вечаровая праца, праца дзеля прыемнасці і задавальнення натуральных амбіцый. Калі толькі роля табе адпавядае. Калі не другарадная і калі лепшую не атрымала табе непрыемная асоба, якой ты не так зайзросціш, але папросту не любіш яе, у горшым разе пагарджаеш. Ці мала за што можна пагарджаць? Канечне, могуць сказаць, што гэта не па-хрысціянску. Але тэатральная трупа — не дванаццаць апосталаў. Зрэшты, часам можна ўбачыць аналогію з апошняй вячэрай. Можна, але параўнанне будзе занадта моцным, перабольшаным. Часцей здараецца накшталт: чаму ён ідальга, а я служка? Чаму Дон Кіхот... Ну, тут больш складана, справа густу, асабістых перавагаў. Але чаму, чаму ён кароль, а я толькі блазан, га?!
Пашэнціла стаць каралём. Але як пераўвасобіцца на вулічным свяце, калі навокал смажацца шашлыкі, а ў цябе на сняданьне быў бутэрброд з сырам, калі побач нязрушна стаіць Вялікі Правадыр, як статуя Камандора, навокал салдацікі зухава спяваюць “цыганку-малдаванку”, парабкі з бярвення будуюць першую гародню, а спецназ радасна ламае аб галовы некандыцыйную цэглу і не жуючы глынае айчынных жаб, каб не трапілі ў рот французам? Каралеўскі маналог прагучаў праз сіпаваты мікрафон зусім непераканаўча, сам адчуў. На караля адразу забыліся, і ён, спусціўшыся з вулічнай сцэны, прысеў пад парасонам і папрасіў выпіць, але гэта было на свяце забаронена.
Апаноўваць ролю без грыму цяжка: у люстэрку звычайны твар з натоўпу. Штораз накладаць грым — ты не жанчына, каб кожны дзень мазацца. Грым трэба эканоміць, у тэатры гэта — адвечнае. Скура пачала за столькі часу рэагаваць алергічна. Хіба што браць маску альбо каралеўскае адзенне хаця б да пояса. Не-не, усё адно цяжка. Цяжка паспрабаваць уявіць, што ў цябе... Што жонку цябе прымусілі ўзяць у якасці “нагрузкі” да каралеўскай кароны, і ёй значна больш гадоў, чымсьці табе. Што яна за жанчына — невядома, удава ў жалобе. Матка яе была атрутніцай, і ты пабойваешся, каб здольнасці ды імпэт не перадаліся старой дачцэ. Ты замаўляеш у замежных краінах сродкі ад атруты, асабліва добрыя, кажуць, у гішпанскіх алхімікаў. Але гішпанскія алхімікі мусяць хавацца ад вельмі руплівых “дамініканскіх сабак”.
Каб пераўвасобіцца ў ролю па-сапраўднаму, трэба уявіць, што ў цябе трафічная (але ж слоўка!) язва нагі, што ў цябе велізазныя ныркі, як у вала, амаль як у спакладанага барана. Так напішуць прыдворныя лейб-медыкі у справаздачы, якую надрукуюць кніжкай пад псеўданімам. А яшчэ, яшчэ ў жоўцевым пухіры знойдуць камень, а пратоку закаркуе другі — памерам з мускатны гарэх. Канечне, сам кароль гэтага не ведаў, яму папросту было кепска, вельмі кепска. Але ж актор ведае і не можа адмовіцца ад гэтага ведання. Паміж ім і каралём у гарачцы фаліянты наступных — за некалькі стагоддзяў падзеяў, цяжар пражытых гараджанамі гадоў.
Паспрабаваць легчы і ўявіць. Але дзе? У цеснай грымёрцы на прыстаўленых усутыч крэслах? Дома на канапе? Ці пайсці і легчы цішком на сцэне, каб ніхто не бачыў, у цемры, быццам у сутарэннях? Што ў цябе зроблена лекарамі “апектура” — дзірка на назе, цераз якую сплывае гной з раны, якой не наканавана загаіцца. (О, як жа яна брыдзілася тваёй смярдзючай нагой, нашчадніца вялікага італійскага роду, каралеўская ўдава і паўторна —каралева пры каралю з нагой, якая не перастае гніць). Сабака ўкусіў, звычайны, не “дамініканскі”. Мабыць цякучая рана болей вызначыла штодзённае жыццё будучага караля, чымсьці што іншае. Ён заўжды адчуваў яе, яму ўвесь час балела, ён ніколі не мог забыцца на яе, ягоны адвечны праклён. Спачатку яе загаілі. (Каралеўскія медыкі найлепшыя!) Яе, але не агнішча інфекцыі. Пачало пруцянець цела. Рану ўзрэзалі скальпелем і прымацавалі пас з жалезнай шпількай, каб вярэдзіць рану, каб сыходзіла дурная матэрыя.