Выбрать главу

— Ну вы ж самі сказалі, што цяпер паперы туалетнай нарэшце стала хапаць, хіба што на вёсцы яшчэ газеткамі карыстаюцца.

— Гэта афіцыйнае свята, на дзяржаўным узроўні. Вы прапануеце “Мужыцкую праўду” замест “Правадыркі”. Але ж нават невядома, дзе і калі канкрэтна яна друкавалася. Дый гэта не была сапраўдная газета. А газета “Перакоўка” на беламорскім канале? Ну, гэта ўжо занадта, самі разумееце. Эпатаж нейкі. Эвалюцыю трэба заўважаць. Раней нас называлі прываднымі рамянямі партыі, сёння ўсё інакш.

— Мне хацелася дыскусійна падаць: ёсць два дні — свабоды прэсы, міжнародны, і дзень друку, дзень газеты “Правадырка”, і хто які адзначае. Для каго што важней і хто што пра гэта думае. Таму цікава чытаць.

— Адное крытыканства атрымалася, эпатаж, ёрнічанне, невядома што, негатыў. Што ў Гмаху скажуць: Дар’я Макараўна, у ідэалагічным камітэце? Дзе “чалавечынка”, дзе сацыяльны аптымізм, гонар за прафесію?

— Дык гэта ж і ёсць гонар, адказнасць, калі яны выходзяць на Савецкую з вялізнай прасцінай, склеенай з газет, калі пратэстуюць супраць пабудовы новай Берлінскай сьцяны — ідэалагічнай...

— Ну вось, абмеркавалі, пагаварылі па душах. Карацей: у такім выглядзе матэрыял не пойдзе, трэба болей пазітыву, людзям хочацца пачытаць прыемнае. Ім надакучыла чарнуха-парнуха. Яшчэ сам правадыр напісаў у сваёй “Правадырцы”: “Калі пераможам, багатых больш не будзе, грошы таксама скасуем, зямлю будзем араць электраплугамі, кожны селянін атрымае курыцу на сняданне, а туалеты мы зробім з чыстага золата”. Не глядзіце на мяне так: пра туалетную паперу там нічога няма. А далей ён піша: “Але спачатку нам трэба захапіць пошту, тэлефонку, тэлеграф, вадакачку і арсенал”, вось так, уелася ў памяць.

2005

ІНСЦЭНІРОЎКА СТАЛІНГРАДСКАЙ БІТВЫ

Тэатральнае апавяданне

1

Удакладню: мова пра святочную інсцэніроўку, я не напісаў адразу, каб назву не рабіць задоўгай. Да ўдзелу прыцягнулі, зразумела, актораў драматычнага, а таксама лялечнага, ды нас, удзельнікаў самадзейна-народнага тэатра з Дому афіцэраў. Каб надаць прафесійны ўзровень дзеі і падтрымаць, так сказаць, дзеячаў мастацтва фінансава. Некаторыя прапаноўвалі, праўда, каб удзельнікі вулічнага спектакля працавалі бясплатна, у якасці патрыятычнага абавязку, але грошай на свята хапала, таму вырашылі не быць дробязнымі і хоць аднойчы не эканоміць на мастацтве.

“Донэр вэтэр! Хэндэ хох!” — рэпеціравалі мы нямецкія фразы, каманды і штосьці яны болей пачыналі падабацца, чымсьці раўці — “За родзіну, за Сталіна! Упярод — ура!” “Ні кроку назад — ззаду Волга-матухна!” “Для баязліўцаў і панікёраў — расстрэл на месцы!” “Эканом патроны, бі толькі ў цэль!” Праўда, немцамі па-ранейшаму не вельмі хацелі быць, прынамсі самадзейнікі: немцаў апранулі як валацугаў, беспрытульнікаў, — у рыззё, у лахманы, а нашыя байцы былі “красаўцы-удальцы”, як падкрэсліў рэжысёр з кінастудыі.

Ракі няма, але яе трэба мець, уголас разважаў рэжысёр. Найн! Рака ў горадзе была, але адсутнічала пляцоўка для сцэнаграфіі. Немагчыма было размясціць наш будучы Сталінград ля вады, ды каб з месцамі для гледачоў. Знаеце: па шырыні нашая вада амаль суадносная з “Волгай-матухнай-ракой”, але берагі пагорыстыя, нават добрым ладам не атрымлівалася зымітаваць штурм нашага замка, які сваімі напалову разбуранымі мурамі згары пазіраў на марныя спробы рыцарскіх клубаў тэўтонскага напрамку ўчыніць падабенства штурму. Псы-рыцары ладавалі свае гарматкі рулькамі туалетнай паперы, накшталт як раней пыжы ў ручніцы закладалі, а цяпер — не ладуючы кулю. Дзеля бяспекі. Агню-дыму хапала, але рулькі не даляталі да муроў, серпантынамі раскручваліся, быццам на маскарадзе навагоднім. Тым не менш, публіцы гэта падабалася. Ну, але Сталінград — гэта зусім іншы калянкор, як любіў казаць адзін мясцовы палкоўнік.

З ракой развязалі праблему гэтак: вайсковы спектакль будзе адбывацца на пляцы мітынгаў, кірмашоў ды масавых пагулянак, а зрабілі гэты самы пляц, засыпаўшы частку ракі, якую якраз рэжысёр і намысліў пазначыць на бруку, пафарбаваць сінім колерам і зрабіць надпіс па-нямецку — з намёкам на штабную трафейную мапу. Гэткая, мабыць, вісела на сцяне ў падземным сховішчы ў штабе Паўлюса. А, можа, ляжала на стале. Вядома, што мапы генеральскія альбо на сцяне вешаюць, альбо раскладаюць на вялізнай шырокай стальніцы з дубовага дрэва. Хутчэй за ўсё з дубовага.