Выбрать главу

2

Пачатак дзеі: з будаўнічых блокаў, з дрэва, фанеры, са скрынак месцамі пабудаваны савецкі горад з ганаровай назвай, які ператвораны ў крэпасць-герой — паўсюль байніцы, з якіх вытыркаюцца стрэльбы, у вокнах, закладзеных мяхамі з пяском, кулямётныя рулі. За спінамі намаляваная рака. З нямецкага боку ўказальнік: назва “Сталінград” з “нацыянальным каларытам” — арнаментам з нашага сялянскага сцяга. Над галовамі ў паветры крэсліць дымны след сігнальная ракета: пачатак нямецкага наступу на гарадскія пазіцыі.

Напачатку нашыя хаваюцца за мяхамі з пяском, за часовымі мурамі. Немцы жвава крочаць з бадзёрымі спевамі накшталт добра вядомых “Дойчэ зольдатэн, унтэр офіцырэн... Яволя-яволя! Ніхт капітулірэн!” (Штампы савецкага кіно, пазычанага ў нямецкай ваеннай кінахроніцы). Першым часам фрыцы таксама амаль “красаўцы-удальцы”. Падмацоўваючы пяхоту, з’яўляюцца некалькі невялікіх танкаў, якія робяць па стрэлу рулькамі туалетнай паперы, як падчас леташняга штурму нашага замка псамі-рыцарамі.

Выбягаюць знянацку маладзёны ў чорных майках і з чорнымі хусткамі на галовах. Ніхто, падобна, не здолеў скеміць што адбваецца. Мы — пагатоў, у сцэнары нічога такога не было. Маладзёны кідаюць у танкі бутэлькі, адная адскочыўшы разбіваецца, на бруку расплываецца пляма, хлопец шпурляе запальнічку, успыхвае амаль не бачнае на сонцы полымя. Адусюль бягуць амонаўцы і пажарныя. Адныя арыштоўваюць, іншыя ліквідуюць агонь. Кактэйль Молатава насамрэч спыняе міні-танкавую навалу.

Зрэшты, гэта не супярэчыць пачатковай драматургічнай задуме: немцы не супраць, канечне, уехаць на брук на белых конях, на плячах чырвонаармейцаў, якія сяк-так адстрэльваючыся хаваюцца ў гарадской забудове. Але тым жа часам фрыцы лічаць, што лепей зрабіць пярэрву перад рашучым штурмам: абед для педантычнага германца перадусім. Вайна вайной, але кармёжка, як заўжды, — паводле раскладу. Мы палім у іхні бок, каб блізка не набліжаліся. Яны крыху здзіўлена-фанабэрыста спыняюцца і з-за сваіх танкаў разглядаюць нас у цэйсаўскія біноклі: што за неразумнікі збіраюцца перашкодзіць прыёму ежы і спыніць жалезную махіну вермахта?

3

Адасобіўшыся ад нас сваімі танкамі ды матацыклетамі, немчура робіць на вольным паветры летнюю рэстарацыю: рассаджваецца за столікамі, афіцыянты разносяць талеркі з супам-гемюзэ, сардэлькі з салодкай фрыцаўскай гарчыцай, афіцэрам — крывавы біфштэкс, салатку з разнастайнай гародніны, куфлі з півам, разліваюць па кілішках шнапс. Нашыя аблізваюцца з біноклямі, зайздросцяць тым, каму пашэнціла трапіць у нямецкае войска. Нечакана высвятляецца, што шанцуе часам не толькі фрыцам, але й нашым паўлаўцам: прыязджае на матацыкле старшына з біклагай і разлівае па шклянках усім байцам славутыя “сто наркамаўскіх”. Паходная кухня тым часам дыміцца гарачай грэцкай салдацкай кашай. Падстаўляй кацялкі!

Успамінаецца раптам кіно: “А нямецкія ахвіцэры какаву п’юць...” Афіцыянты тым часам збіраюць са сталоў посуд, устаюць палагаднелыя фрыцы, папраўляюць партупеі з кабурамі, у некага зубачыстка ў роце, у кагосьці падае крэсла, усё па-мірнаму, па-гаштэтаўску ці нават па-хатняму. Каб добра ваяваць, трэба ўперад добра пад’есці! І гэтая ісціна, дарэчы, напачатку апошняй вайны была відавочна неаспрэчнай. Сыты жаўнер найлепшы ваяка. Нямецкая армія мелася зараз у гэтым пераканаць. Мы ўнутрана сцяліся: спектакль спектаклем, а вайна вайной. Праўда, вайна, уціснутая ў кароткі час сцэнічнай дзеі. Усё ў скароце, але змест канцэнтраваны, як сіроп з бутэлькі, які на добры лад і смак трэба значна распусціць у вадзе.

Немцы залазяць у танкі, сядаюць у свае матацыклеты, мосцяцца за кулямётамі, пяхота выстаўляе ўперад кароткія рулі страшэнна вядомых шмайсераў. Гатовая да бою групоўка рушыць на нас, нагадваючы псіхічную атаку з вядомага фільма. Мы адкрываем агонь як шалёныя, сустракацца з фрыцамі пакуль што нікому не хочацца, пра амаль непазбежны бой твар у твар лепей не думаць, і мы палім: тра-та-та-та!

А потым раптам зашчаміла наш кулямёт, абшаснуўся і змоўк, бег-бег і як дрэва сцялі. Карацей, мы не ведаем што рабіць, трасем яго, як чалавека, каб ачуўся (Іван, Іван, не памірай!), а ён, падобна, ляснуў, капцы. Падавіўся стужкай з патронамі, абжэрся набоямі, як жалезным бобам. Добра хоць наш Сталінград — адная гульня, кіно, бо інакш нам бы не пашэнціла суздром. Праўда, немцы, жартаў не пазнаўшы, па-ранейшаму бягуць у наш бок і не дабегшы, усё падаюць, падаюць, згодна сцэнару. (Каманды ж не было: адставіць!) Ужо цэлая барыкада, каб хоць на пару крокаў наперад прабегчы, трэба па трупах, выбачайце, па акторах, якія згулялі ў смерць. Вось такая катавасія. Публіка напачатку ў непаразуменні, а потым пачынае штось галёкаць і ўвогуле рагатаць, хаця тэма застаецца нязменнай — “гераічны подзвіг савецкага народа пры абароне Сталінграда”.