Выбрать главу

Знянацку рэжысёр прымае імправізаванае рашэнне: сярэдзіну пляца ахінае суцэльнай смугой. Дымавая заслона. Публіка пачынае чыхаць, кашляць, некаторыя акторы таксама, якія не паспелі хуценька нацягнуць процігазы. Атрымаўся своеасаблівы антракт, каб нечакана крыху адпачыць і перагрупаваць сілы, а галоўнае, калі дыму меншае, высвятляецца, што плошча вызвалена ад трупаў фрыцаў, якія зноўку апынаюцца ў баявых шыхце.

4

Немцам я сам папрасіўся, пакуль вагаліся іншыя, сказаў, што жыў у ГДР у закрытым гарадку, таму маю уяўленне пра нямецкія норавы не толькі з кіно. Рэжысёр пагадзіўся, тым больш іншых ахвотных напачатку амаль не было. Можа сам рэжысёр і вінаваты, бо сказаў адразу удзельнікам спектакля настроіцца на патрыятычную хвалю. Ну, а тут пагатоў — у тэлебачанні, газетах цэлая кампанія “Сталін гут! Гітлер капут!”, карацей — “Раздавім фашысцкую гадзіну!”

А потым усё памянялася, немцам паабяцалі шнапс выдаць, каб яны ў псіхічную атаку хадзілі больш пераканаўча — з п’янымі воклічамі, з чырвонымі тварамі, з перагарам... Тады нашыя самадзейнікі туды пачалі пераходзіць, як калісьці на Захад імкнуліся ўцячы. А тут на рэпетыцыі я штосьці наконт кулямёта сказаў: як зручней трымаць ці штось такое. Рэжысёр заўважыў. Ну, давялося сазнацца, што у вайсковым білеце ў мяне запісана “кулямётчык”, хаця кулямёта я тады не бачыў на вочы. Але рэжысёр змусіў яшчэ расказаць, што на вайсковай катэдры я вывучыў усе кулямёты, якія мела родная Савецкая армія, а тэарэтычна — таксама і натаўскія, бо нас рыхтавалі якраз з натаўцамі ваяваць, асабліва з бундэсверам: усё праходзілі — узбраенне, яго колькасць, штатны расклад, нават колькі каго было ў медсанбаце іхнім, не кажучы пра танкавы ці супрацьпаветраны баты.

Мне не хацелася гойсаць тудой-сюдой нібы які ўласавец, а ў маім разе — нямецкі антыфашыст, пачаў адмаўляцца, сказаў, што “кулямётчыка” мне ў білеце ваенным потым памянялі — спачатку на камандзіра мотастралковага ўзвода, затым на адказнага сакратара “Баявога сцяга”. Не дапамагло. У цябе станоўчае аблічча абаронцы радзімы, ты не падобны да ворага, прынамсі мне так хочацца лічыць… Рэжысёр быў няўмольным.

5

Вайна паступова ператвараецца ў пазіцыйную: яны лезуць, а мы іх не пушчаем, а самі ні кроку назад, памятаем пра “расстрэльны загад”, пра тых, хто ззаду нас з кулямётамі, прынамсі на сапраўднай вайне. (Пацікавіцца б у такога ветэрана: колькі фрыцаў забіў? Ніводнага. А ў людзей хоць страляў? Яшчэ як!) Памятаць спінай, патыліцай, скурай сваёй, што ззаду сустракаюць свінцом аднолькава горача, як і спераду, адно ззаду ты цалкам безабаронны, нават калі выпадкова спачатку пазбегнеш кулі сваіх. “Назад ні кроку! Ззаду Волга! Для панікёраў і баязліўцаў — расстрэл на месцы!”

Наш Сталінград, шчыра кажучы, трымаецца на абароне дамоў Паўлава, а таксама Іванова, Пятрова і Сідарава. Чатыры разваліны, накшталт цытадэляў вядомай крэпасці-героя. Фрыцы здзіўляюцца, але не трацяць зухавасці: маўляў, нядоўга вам засталося адбівацца, вашая справа безнадзейная. Яны нават спрабуюць псіхалагічна ўплываць на нас: навідавоку стаўляюць самавар, п’юць гарбату з абаранкамі. Патэфон раве цыганачкай, вачмі чорнымі. Палагаднелыя фрыцы зачынаюць спеў: “Вольга-Вольга, мутэр-Вольга, Вольга-Вольга, русіш флюс!” Нашыя, паводле сцэнару, сціскаюць кулакі, напружваюць жаўлакі на твары і біцэпсы, у каго яны акрэсленыя. Не дапамагае. “Кацьюша! Кацьюша!” — ляціць з другога боку франтавой лініі, дзе ўжо танчаць, імітуючы барыню-сударыню, жаўнер з жаўнерам праз адсутнасць дзяўчат і жанчынак.

Нашыя выцягваюць свой контрагітацыйны рупар — фу-фу — прачышчаюць лёгкія і з паперкі зачынаюць умаўляць фрыцаў пакідаць стрэльбы і здацца нам у палон. Фрыцам абяцаюць за гэта “ніхт шысэн”. Агітацыя на іх чамусьці зусім не ўплывае, яны працягваюць сваё “чаяпіцце ў Мыцішчах” — паводле вядомай рэпрадукцыі, але кідаюць танцы і спевы, бо пад брахлівы голас з рупару не павесялішся.

Прапагандысцкая вайна набывае новай моцы. Спачатку чуцён гук прапелера, неўзабаве амаль у брыючым лёце па-над пляцам узнікае самалёцік, пілот у левае і ў правае акенцы выкідае пачкі паперын, напэўна — у кожны бок іншага зместу. Пасьля спектакля выявілася, што антынямецкія ўлёткі —уляцелі на дах гмаху ўладаў, дзе праціралі нагавіцы нашыя служкі рэжыму ў спробах дагнаць 1984 год — згодна загаду зверху. Тыя, якія — “Гітлер —капут!” трапілі і на шэрагі амонаўцаў часткова. “Рус, здавайса!” пасыпаліся на пляц, на галовы публікі. “Сталін гут! Гітлер капут!” — урачыста абвяшчае пляцу вельмі-вельмі знаёмы радыёголас Левітана.