Выбрать главу

Немцы ў адказ падлучаюць на поўную гучнасць свой радыёфункен: “Донэр вэтэр! Фак! Фак! Дойчланд, Дойчланд — юбэр алес!” “Мы вам пакажам кузькіну маць! Паўлаўцы не здаюцца! — з развалінаў у рупары і проста —нязладжаным хорам: “Сталінградцы ўмеюць драцца! Зарубіце сабе на носе!” — памятаючы, што трэба падбіраць словы, пазбягаючы нецэнзурнай лаянкі, каб давесці нашую маральную перавагу над фрыцамі, якія прыйшлі ў чужую зямлю са сваім мячом, ад якога й загінуць, аб чым няцяжка даўмецца.

6

Над пляцам гучыць Левітан: ад савецкага інфармбюро, — як голас па-за кадрам. Цалкам сакрэтна... І далей: пра гэта ведала толькі вузкае кола абмежаваных людзей. Гітлер калі даведаўся, ірваў на сабе рэшткі валасоў і нават збіраўся згаліць вусы, каб зноўку адгадаваць, калі захопіць нарэшце Сталінград. Кукрыніксы намалявалі тады карыкатуру: Гітлер у выглядзе валачашчага сабакі перад кавалкам люстэрка робіць марафет: падстрыгае вусы іржавымі нажніцамі… Чэрчыль са Сталіным сустрэліся за Маўзалеем.

Устаўная сцэна: да Сталіна прыляцеў Чэрчыль, занепакоены становішчам пад Сталінградам. Яны здароўкаюцца, Сталін знакамітым жэстам, якому немагчыма не падпарадкавацца, запрашае госця да карты, якая вісіць на стойцы нібы ў кабінеце геаграфіі. Яны моўчкі глядзяць на схематычны тэатр баявых дзеянняў: справы швах! Сталін нібы школьніку спрабуе штосьці растлумачыць брытанскаму прэм’еру, карыстаючыся сваёй люлькай быццам алоўкам, але атрымліваецца не дужа пераканаўча, што разумеюць абодва. Нарэшце Сталін крыху найграна вымаўляе: і ўсё ж-ткі мы іх спынім, ужо спынілі і не зробім ні кроку назад, па вадзе мы яшчэ хадзіць не навучыліся, таварыш Чэрчыль, “ха-ха” — нябачна ў вусы.

Атмасфера, гнятлівая напачатку, нібы абнадзеена вясёлкай, і госці сядаюць за шырокі стол падсілкавацца і працягнуць гутарку, якая дагэтуль не штукавалася, абмеркаваць далей становішча на франтах, праблемы ды найбліжэйшыя планы антыкааліцыі і некаторыя дзяржаўныя сакрэты. Пляцу абвяшчаюць радыёголасам Левітана, што два хаўруснікі, і гэта вядомы факт, закончылі перамовы спаборніцтвам: хто вып’е больш гарэлкі? Канечне, вялізны азызлы Чэрчыль спадзяваўся, што на гіпапатамскую вагу яго тулава алкаголю спатрэбіцца крыху болей, чым на нятлустае сталінскае, каб быць суцэльна “дранк”, і дзякуючы гэтаму перамагчы. Але двубой славутай “цыгары” і яшчэ больш славутай “люлькі”, як абвяшчае пляцу нібы-Левітан, скончыўся тым, што Чэрчыля пад пахі выцягнулі з-за стала памочнікі, тым часам як Сталін, загартаваны начнымі баляваннямі з паплечнікамі, быў папросту “крыху нецвярозы”.

7

Колькі ні старайся не ўзгадваць, адцягваць у думках пачатак надыходу самай непрыемнай пары года, усё здараецца аднойчы раптоўна як балючы град на галаву: зімовая сцюжа, абавязковы снег, непазбежныя маразы, якія амаль штодня мацнеюць, калі адмаўляешся верыць шэрым ранкам лічбам тэрмометра. Ты прачынаешся аднойчы праз тое, што ў сне дранцвеюць рукі і ногі, што твар нібы рэпаецца, ад шэрані на шчацінні, аснежаных валасах, не схаваных у шапцы. Злавесна няўмольная зіма, пагатоў зіма руская, пра якую мыслілася ў маленстве, калі табе чыталі казачку пра снежную каралеву. Бязлітасная зіма ў голым бязмежным стэпе ад далягляду да далягляду. Дзе нават Каляды ўпершыню не радуюць.

Каляды, Новы год, пасылачкі з роднага дому ці проста з бацькаўшчыны: швэдар ручнога вырабу, цёплыя рукавіцы і шкарпэткі, шакалад і кава ад камандавання ды ўзнагароды — крыжы, медалі, стужкі — адзнакі за раненне. Карп, гусь? Тут нават ёлка — экзотыка, а не тое што святочныя гусь ці карп — залежна ад рэлігійнай арыентацыі жаўнера. Думкі-успаміны пра святочнага гуся на стале, пра сальтысону і вяндліну. Адно феерверкаў, ракет ды іншай піратэхнікі, якую страшэнна любяць у свята немцы выкарыстаць, стрэліць у начное зорнае неба — ажно занадта.

У паветры церусіцца, сыпецца мацней, падае на галовы, плечы, на нашую зброю, на цэлы наш міні-Сталінград. Наш снег — гэта нешта белае штучнае, здробнены пенапласт ці што, зусім не шархоткі, мягкі — нават свой снег лагодны для цябе, для паўлаўца, для сталінградскага абаронцы. Немцаў пажарнікі паліваюць з бранспойта шумавіннем — яны яшчэ больш карыкатурны выгляд набываюць. Снегаробную гармату з горналыжнай мясціны каля сталіцы пазычаць адмовіліся, задорага.