11
Сталін прылятае ў Сталінград, чаго насамрэч не было, як і ў першым каляровым “Захопе Бэрліна”, дзе Сталін сыходзіць па трапу зялёнага “Лі-2”, чаго таксама не было і адбылося толькі ў кіно. Не было, бо ён баяўся лётаць самалётамі, баяўся, што саб’юць, ці не даляціць, разаб’ецца. Такім чынам, ён сыходзіць, як Бог з неба, а яго вітае вайсковы натоўп, что не магло адбыцца ў рэчаіснасці, больш за тое, яго вітаюць заходнія вязні, вызваленыя з канцлагераў, цэлы інтэрнацыянал, які захоплены, апантаны правадыром, і не хавае эмоцый.
У Сталінградзе няма вызваленых з нямецкіх канцлагераў, але затое ёсць палонныя, міні-інтэрнацыянал: разам з немцамі іхнія хаўруснікі, цёплалюбныя кветкі ў снежнай пустэльні — гішпанцы чамусьці з “блакітнай дывізіі”, італьянцы з брыгады імя Юлія Цэзара, мадзьяры — полк імя караля гунаў Ацілы, нейкія румыны — звонку недарэкі ці не большыя за саміх немцаў. Збор жабракоў, валацугаў, хворых, напалову жывых, галодных, змерзлых, запалоханых, папросту зашуганых, здэмаралізаваных, нават зусім знішчаных маральна. Яшчэ нядаўна — зухавыя жаўнеры, бадзёрыя, вясёлыя, аптымістычныя, адным словам — упэўненыя ў сабе пераможцы...
Кульмінацыя нашай міні-Сталінградскай бітвы. Сцэна падаравання мяча нашаму генералісімусу. Грувасткі няўклюдны Чэрчыль дыхавічна дыбае да Сталіна-пераможцы, які чакае на кані. Рэжысёрская задума: каб той цягнуўся на дыбачках, а гэты — зверху браў. На мячы, як абвяшчае Левітан, напісана: “Геніяльнаму генералісімусу-пераможцу ад хаўруснікаў і памочнікаў”. У дадатак Чэрчыль гаворыць прамову: “Ты прыняў Расею з плугом, з сахой і ў лапцях, а пакінуў з атамнай бомбай за пазухай і ў гумовых ботах”.
Раптоўна на пляцы з’яўляецца працэсія, гэта частка гледачоў пенсййнага веку, яны кідаюцца да Сталіна: “Мы — ветэраны ВКПб, мы за вас, таварыш Сталін, за нашага правадыра гатовыя у агонь і ваду, мы патрабуем, мы подпісы сабралі, подпісы, каб неадкладна пераназваць назад Валгаград у Сталінград!”
Урачыстая сцэна сапсавана, але з драматургічнага гледзішча набыла жыццёвай моцы. “Харашо, таварышы, мы разгледзем вашую прапанову на палітбюро. Думаю, што задаволім яе. Гістарычная справядлівасць сапраўды павінна трыумфаваць”. “Ура таварышу Сталіну! Ура! За родзіну, за Сталіна!” Пенсіянераў-патрыётаў зноўку вяртаюць у шэрагі публікі. Пераможца бярэ меч, дзякуючы зверху Чэрчылю. Забыўшыся, спрабуе працягнуць яму руку, але не дацягваецца, выкрыўшы пры гэтым, што меч бадай бутафорскі, лёгкі.
Гэтай няўважнасці хапае, каб конь зрабіўся брыкастым і генералісімус апынуўся на бруку. Падбеглі санітары з насілкамі, засірэніла дзесь побач хуткая дапамога. Рэжысёр падлучыў Левітана, які сваім дырэктыўным голасам пачаў пералічваць нямецкія страты пад Сталінградам.
Тым часам з’яўляецца новы Сталін, ён трымае меч і не збіраецца гаманіць з Чэрчылем, гэта пройдзены этап. У белай фуражцы з шыкоўнай кукардай, у белым кіцелі з узнагародамі, ён выязджае насярэдзіну, спыняецца нібы разгублены. Конь раптам скоча на амонаўцаў, узнімаецца дыбкі, кідаецца ўбок і праз уваход на пляц для калонаў дэманстрантаў знікае з вершнікам на карку.
Іх чакаюць хвілін дзесяць мінімум, Левітан стаміўся пералічваць страты немцаў. Потым з’яўляецца трэці па ліку Сталін. Ён ужо без каня, рэжысёр, напэўна, вырашыў болей не рызыкаваць. Хаця й каня больш магло не быць. Зрэшты, і мяча няма, другі Сталін, трэба аддаць належнае, зброі з рук не выпусціў, дзякуючы, што была бутафорскай насамрэч.
Пасля вымушанай пярэрвы дзея пасоўваецца наперад. Генералісімус ідзе дробным крочкам, імітуючы кульгавую хаду Сталіна, набліжаецца да новай дзейнай асобы жаночага полу. Ён кленчыць на адное калена, цалуе “калашнікава”, які зняў з шыі, устае, аберуч перадае яго, выцягнуўшы рукі, Радзіме-Маці (грудастай кабеціне — накшталт партыйна-урадавай спявачкі Нямыкінай), а сам узыходзіць на пастамент, накшталт як для чэмпіёнаў. Чэрчыля ставяць на прыступку ніжэй, а дзядзечку Сэма ў цыліндры — на трэцяе месца. Без іх было б нецікава, не той цымус.