Выбрать главу

12

Гэта не сцэна насамрэч, зашмаргнуць заслонай “трох асілкаў” не выпадае. А пагатоў — аблівацца з вялізнай пляшкі шампанскага, як робяць на чэмпіёнскім пастаменце аўтагоншчыкі. Таму Сталіну даюць мікрафон, каб паставіць кропку: “Дзякуючы бальшавікам, мы маем такія адлегласці, якія не сніліся палкаводцам да фельдмаршала Паўлюса. Думаю, што нават Напалеон не дайшоў бы да Волгі, каб пераправіцца цераз яе...”

Нечакана з натоўпу выбягае якісьці вэтеран. Ён аблівае сабе галаву з бутэлькі, спрабуе падпаліць, але акт самаспалення не атрымліваецца, як потым высвятляе следства — праз недахоп градусаў у падробнай гарэлцы. А пакуль ламаюцца запалкі, да самагубцы кінуліся ратаваць і нямецкія танкісты з вогнетушыльнікам, і рускія пехацінцы з вядром вады альбо — гарбаты? Ці, можа, наркамаўскіх ста грамаў? Не ведаю. Але наш міні-Сталінград сканчаецца ўсё ж “хэпі эндам”.

2005

БІФШТЭКС З КРЫВЁЙ

Апавяданне пра кнігабудаўніцтва

Перш раздача кніг, дармовага рамана. Цікаўныя гарталі, чакаючы, калі пачнецца сход. Даволі “смажаны” змест, але нясвежы, аўтар смакаваў, як амерыканскі галава прымушаў танчыць канкан у негліжэ каханку, кабарэтную брадвейскую пяюху і танцоўшчыцу. Дзярждэпартаменту гэта не спадабалася. Народны абраннік круціўся як уюн на патэльні, мусіў паабяцаць, што больш не будзе ганьбіць Маці-Амерыку… Але, як той казаў, падоранаму раману ў зубы не зазіраюць, ды пагатоў тут і званочак загучаў патрабавальна ў руках старшыні.

Ганаровае месца на сцэне займаў чамусьці бронецягнік, які прамоўцы ўпарта называлі “браняпоездам”. За спінамі прэзідыума сшыхаваўся чырвонасцяжны хор, прапаршчыкі ды сяржанты, прачысціўшы глонаўкі, бадзёра і нейк пагрозліва заспявалі “Мы мірныя людзі, ды наш браняпоезд стаіць на запасным пуці”, робячы ненатуральны націск на другім складзе перадапошняга слова. Прэзідыум падпяваў сяк-так седзеячы, зала слухала.

Бронецягнік новай літарцелі падаравала камандаванне чыгуначных войскаў. Пісьменнікі папляскалі.

Мітусня, сумбур, адчувалася, што дзея рыхтавалася спехам. Штучна бадзёрыя піянеры з барабанамі, боханы, каўбасныя колцы ды іншыя падарункі працоўных, якія зачакаліся сапраўднай народнай кнігі. З рога ўсяго многа! Хакейная клюшка, лыжы, крапавы берэт, карціна “Горкі на трыбуне 1-га з’езда пралятарскіх пісьменнікаў”, рыдлёўка, мантыі трыумвірату накшталт судовых ці пракурорскіх, хаця пасавалі б і дактарам honoris causa. Была яшчэ дубальтоўка ад паляўнічых, мабыць павінна была страляць на сцяне самачынна.

Акторы-чытальнікі, не чакаючы цішыні, выгукалі са сцэны пафасна сказы алегарычнага тэксту пра цытадэль з вежамі са слановай косці, з якой наступаючых асыпаюць хмарамі ядраў, не даючы наблізіцца да элітарнай прафесіі шырокім пішучым масам. Але: калі вораг не здаецца, яго знішчаюць!!!

— Вось таварышы пісьменнікі, — ажыў прэзідыум мікрафонам старшыні, — смяецца той, хто смяецца апошнім, ці плача, скажам. Я хацеў бы тут сказаць пра ў пэўным сэнсе ганебны чын аўтара “Самсона Самасуя”. Ён вось напісаў працяг сваёй кніжкі, як герой трапляе з вёскі ў горад, пачынае дзейнічаць на больш высокім узроўні, выяўляць свае адмоўныя якасці, рабіць брыдкія рэчы. І сваім баязліўствам аўтар здзейсніў учынак, якім пазбавіў нашую літаратуру цікавага твора, мастацкага дакумента эпохі! Хіба выратавала яго, што спаліў рукапіс? Не! Ён забыўся на падставовы прынцып: рукапісы не гараць! Галоўнае — твор, астатняе — потым! Ты яго напісаў і ён табе ўжо не належыць, ён належыць народу, гісторыі! Не ты пішаш, а звышняя сіла тваёй рукой робіць тое, дзеля чаго ты з’явіўся на зямлі. Ты толькі інструмент, калі хочаце, — тая нават чароўная флейта, але не сама музыка.

Хрэстаматыйны прыклад: Гогаль спаліў свой рукапіс, і што — лепей яму стала? З глузду з’ехаў! Гэта пакаранне звыш. Тое самае з Самасуем. Праз сваю баязлівасць, маладушша, панічны страх, можна сказаць, аўтар знішчыў тое, што немагчыма аднавіць. Яго і так расстралялі б, але каб не агонь, не запалкі, не грубка, нашыя доблесныя органы захавалі б як мае быць увесь твор, і сёння мы б яго надрукавалі і маглі б усім паказаць, што мы таксама ў шуфляду пісалі, а не толькі: “Партыя сказала нада, камсамол атвеціў ёсць!”

— Але толькі Гогаль спаліў станоўчы твор, баяўся, што саладжавы занадта, а пра Самасуя, наадварот, ён страшыўся, што празмерна адмоўны, што Бэндэ нападзе, затопча. Крытыкі ўсе баяліся як агню, пра расстрэлы яшчэ не здагадваліся. А так — разаб’юць спачатку ў газеце ці часопісе, потым пачнуць прапясочваць на сходах, на партбюро, каму гэта спадабаецца, каб перцу з імберцам, каб соль на раны?